Правярайце грыбы на радыенукліды

Важное

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Нягледзячы на тое, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС мінула больш чым 30 гадоў, актуальным застаецца забруджванне грыбоў, лясных ягад на пацярпелых тэрыторыях. Гэта тлумачыцца тым, што лясы, стаўшы прыродным бар’ерам на шляху распаўсюджвання радыеактыўных выкідаў, акумулявалі значную іх колькасць. Асноўная маса радыеактыўнага цэзію знаходзіцца ў верхнім 3-5-сантыметровым пласце глебы, ляснога подсцілу.

Варта ўлічваць, што грыбы па здольнасці назапашвання радыенуклідаў падзяляюцца на чатыры групы. Грыбы-акумулятары (польскі грыб, паддубовік, масляк, рыжык, свінуха, махавік жоўта-буры і інш.) назапашваюць радыенукліды значна больш за дапушчальныя ўзроўні нават на тэрыторыях з невысокай шчыльнасцю забруджвання глебы. Вылучаюць грыбы, якія моцна назапашваюць радыенукліды (лісічка жоўтая, падбярозавік, сыраежка, зялёнка, грузд сапраўдны і чорны, ваўнянка ружовая), у сярэдніх памерах (белы грыб, чырвонагаловік, апенька восеньская, падзялёнка, радоўка) і слаба (страчок звычайны, шампіньёны, вешанка, порхаўка, парасон стракаты, апенька зімовая і інш.).

Замочванне грыбоў у вадзе на 6-12 гадзін і наступнае 30-60-хвіліннае адварванне ў салёнай вадзе з дабаўленнем воцату або лімоннай кіслаты, а таксама далейшы зліў адвару дадуць магчымасць значна знізіць колькасць радыенуклідаў і таксічных рэчываў.

Сярод ягад найбольшая здольнасць назапашваць радыецэзій – у чарніц, буякоў, брусніц, журавін. Крыху менш назапашваюць радыенукліды суніцы, маліна, ажына. Найменш забруджаныя плады рабіны і каліны.

Названыя вышэй прадукты ў цяперашні час з’яўляюцца асноўнымі пастаўшчыкамі радыенуклідаў у арганізм чалавека. У сувязі з гэтым спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы настойліва раяць, як і ў папярэднія гады, не набываць дары лесу ў месцах несанкцыянаванага гандлю – за межамі рынкаў, каля гандлёвых кропак, уздоўж трас і г. д., дзе прадаецца неправераная прадукцыя. А той, хто набывае чарніцы або грыбы на рынку, павінен пераконвацца ў іх бяспецы для арганізма , патрабуючы ад прадаўца прад’явіць талон з лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы.

Каб быць упэўненымі ў бяспецы лясных ягад, якія вы спажываеце, варта праверыць іх. Гэта можна зрабіць на бясплатнай аснове ў лабараторыі ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 19 (тэл. 7-33-71).

Пры выкананні гэтых простых правілаў вы зможаце засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад пападання і назапашвання ў арганізме радыеактыўных рэчываў.

Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіены РЦГіЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *