У ваенкамаце вызначаецца годнасць прызыўнікоў

Главное

З 19 жніўня ў раёне пачала працаваць прызыўная камісія. У райваенкамат выкліканы 140 маладых людзей, якія гэтай восенню падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу.

Непасрэдна ў ваенкамаце працуюць урачы цэнтральнай раённай бальніцы, спецыялісты розных профіляў, якія вызначаюць ступень годнасці прызыўнікоў да тэрміновай ваеннай службы. Пасля медыцынскай камісіі тых, хто будзе прызнаны годным да службы, чакае прафесійна-псіхалагічны адбор у выглядзе тэстаў. Іх апрацуе камп’ютар і выдасць рэкамендацыі адносна роду войскаў, які найбольш падыходзіць для канкрэтнага прызыўніка.

– Фізічна здаровыя юнакі з высокімі маральна-дзелавымі якасцямі ідуць служыць у элітныя войскі – спецназ, падраздзяленні спецыяльнага назначэння, пагранічны камітэт, унутраныя войскі, – зазначае начальнік групы прызыву райваенкамата Аляксей Луцэвіч і канстатуе: – Медыцынская камісія ўкамплектавана спецыялістамі ў поўным аб’ёме, усе абследаванні прызыўнікоў праводзяцца своечасова, і пры ўзнікненні спрэчных пытанняў іх накіроўваюць у абласную бальніцу. Пры аглядзе да кожнага прызыўніка – індывідуальны падыход, і скаргі на здароўе разглядаюцца ўрачом на яго карысць.

Начальнік групы прызыву Аляксей Луцэвіч знаёміцца са справай прызыўніка Мікалая Куркова

Асноўнай асаблівасцю гэтага прызыву будуць змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», якія ўступілі ў сілу 10 жніўня бягучага года. Яны закранаюць у першую чаргу адтэрміноўкі для прадаўжэння адукацыі.

– У райваенкамат паступілі тры звароты ад грамадзян прызыўнога ўзросту, якія навучаюцца за межамі рэспублікі (двое – у Польшчы, адзін – у ЗША), аб атрыманні пашпарту, што дазваляе там пражываць, – расказвае Аляксей Луцэвіч. –  Аднак цяпер райваенкамат у сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве не мае права выдаваць прызыўнікам, якія не выканалі канстытуцыйны доўг, дазвол на вызваленне ад воінскай службы. Пры нез’яўленні на прызыўны ўчастак яны будуць аб’яўлены ў вышук.

– Аляксей Вячаслававіч, прызыўнікоў відавочна пабольшае?

– Зразумела. І гэтая лічба будзе з кожным годам расці. Раней сярод прызыўнікоў, якія знаходзяцца на ўліку ў райваенкамаце, палова мела адтэрміноўку. Самая распаўсюджаная для гэтага прычына – атрыманне адукацыі. У цяперашнім прызыве некаторыя таксама паспелі паступіць і быць залічанымі да 10 жніўня, напрыклад, у магістратуру ці аспірантуру, а ў далейшым прызыўнікам і іх бацькам неабходна больш асэнсавана падыходзіць да выбару ўстановы адукацыі для паступлення. Адтэрміноўка будзе давацца адзін раз.

У райваенкамаце прызыўнікоў абследуюць урачы

– Вы працуеце з прызыўнікамі, гутарыце з імі. Які ў іх настрой? 

– Настрой у кожнага розны, але ўвогуле адэкватны, пазітыўны. У бягучым годзе трое прызыўнікоў выбралі кантрактную службу ва Узброеных Сілах. Яны будуць служыць па атрыманай імі спецыяльнасці – у медыцынскай службе, ваенным аркестры і да т. п. Мінімальны тэрмін кантрактнай службы складае два гады. У размове з маладымі людзьмі, якія сёлета дэмабілізаваліся пасля тэрміновай ваеннай службы, даведаўся, што многія з іх пайшлі працаваць  кантрактнікамі ў 25-ы Арсенал. Задаволены заработнай платай і жыццём…

Тыя, хто адслужыў і ў каго ёсць вышэйшая адукацыя, звяртаюцца ў ваенкамат, каб атрымаць афіцэрскае званне. Такая магчымасць ёсць, неабходна толькі прайсці атэстацыю. У бягучым годзе райваенкаматам былі атэставаны 10 чалавек. Афіцэрскае званне спатрэбіцца, калі нехта з іх вырашыць звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі.

Прызыўная камісія працуе згодна з планам. Адпраўкі прызыўнікоў у войска пачнуцца, як звычайна, у сярэдзіне лістапада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *