У Стоўбцах абгрунтавалі праблемы здароўя народа і дэмаграфічнай бяспекі раёна

Афіцыйна Важное

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта быў разгледжаны ход рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016–2020 гады ў Стаўбцоўскім раёне.

З інфармацыяй выступіла галоўны ўрач УАЗ «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца» Святлана Глебка. Яна адзначыла, што работа па выкананні Дзяржаўнай праграмы праводзіцца ў цесным узаемадзеянні органаў выканаўчай улады і адказных выканаўцаў. Дасягнуты пэўныя вынікі. У ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы фарміруюцца ўмовы для далейшага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. На выкананне праграмы ў 2019 годзе прадугледжана 13811692,00 рубля, па стане на 01.07.2019 асвоена 6788610,87 рубля, што складае 49,15 %. У першым паўгоддзі бягучага года выкананы 16 з 20 індыкатараў праграмы.

Сярэдняя працягласць жыцця насельніцтва Стаўбцоўскага раёна склала 74,2 года, пры мэтавым паказчыку 75 гадоў.

Падпраграма «Сям’я і дзяцінства»

У рамках рэалізацыі падпраграмы пастаўлена задача па ўдасканальванні сістэмы аховы здароўя маці і дзіцяці.

Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама выплачана шматдзетным сем’ям аднаразовая матэрыяльная дапамога да 2019–2020 навучальнага года ў памеры 55,00 рубля. Плануецца аказаць дапамогу 1149 дзецям, якія выхоўваюцца ў 580 сем’ях.

З мэтай павышэння нараджальнасці, зніжэння дзіцячай смяротнасці, паляпшэння якасці аказання меддапамогі дзіцячаму і жаночаму насельніцтву ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» арганізаваны: работа па планаванні сям’і і перадабортным кансультаванні; работа па выяўленні і лячэнні мужчынскага бясплоддзя; функцыянаванне кабінета ранняга ўмяшальніцтва з мэтай ранняй карэкцыі адхіленняў у развіцці дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, у якім ужо прайшлі курс рэабілітацыі ў 2019 годзе 32 дзіцяці; работа па палавым выхаванні дзяцей на базе Цэнтра здароўя непаўналетніх і моладзі. У выніку праведзенай работы абортаў за бягучы год не зарэгістравана, але адно дзіця памерла па прычыне сіндрому раптоўнай смерці. Дэфектаў аказання меддапамогі не выяўлена.

Падпраграма «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў»

Прыярытэтам у рабоце па даным напрамку з’яўляецца прафілактыка захворванняў. Актыўныя меры дазволілі знізіць ужыванне тытуню і алкаголю, павялічылася колькасць людзей, якія актыўна займаюцца спортам і фізкультурай. Арганізавана работа доктара агульнай практыкі. Забяспечанасць дактарамі (на 10 тысяч насельніцтва) павялічылася з 31,8 у 2016 годзе да 34,03 на 01.08.2019 года. У 2019 годзе закуплены перасоўны медыцынскі комплекс, работа якога дазваляе аказваць медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме. У ЦРБ працуюць электронны дакументаабарот, электронны рэцэпт, тэлемедыцынскае кансультаванне, праводзіцца дыспансерызацыя насельніцтва.

На 01.01.2019 колькасць насельніцтва ў раёне складала 39 086 чалавек, у 2018 годзе – 39 216, г. зн. знізілася на 130 чалавек. Структура агульнай смяротнасці застаецца нязменнай: хваробы сістэмы кровазвароту (47,9 %), новаўтварэнні (9,1 %), старасць (8,8 %), знешнія прычыны (7 %). У І паўгоддзі 2019 года памерла 64 чалавекі працаздольнага ўзросту.

З мэтай зніжэння смяротнасці насельніцтва ў працаздольным узросце УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» арганізоўваюцца выезды мабільных груп з дактароў на прадпрыемствы раёна для правядзення дыспансерызацыі, ранняга выяўлення фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў і іншых хвароб. Вялікая ўвага надаецца і пытанням прафілактыкі п’янства і алкагалізму.

Увогуле па раёне адзначаецца дэмаграфічнае старэнне насельніцтва, зніжэнне ўзроўню нараджэнняў (у 2016 годзе нарадзілася 501 дзіця, у 2018 годзе – 410 дзяцей).

Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў раёне па выкананні Дзяржаўнай праграмы, дазваляюць выйсці на выкананне ўсіх мэтавых паказчыкаў і стабілізацыю дэмаграфічных паказчыкаў у 2020 годзе.

У рабоце пасяджэння бралі ўдзел намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь М. В. Пузікаў, намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь В. Д. Шыла, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Мінскай вобласці Л. М. Нячай, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама З. Б. Гозман.

Н. ЛЕАНІДАВА, фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *