Вынікі выступленняў «Нёман-Агра» не радуюць

Важное Спорт

Чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе выйшаў на дыстанцыю другога круга. Удзельнікі паўторна высвятляюць адносіны. На жаль, вынікі выступленняў стаўбцоўскай каманды «Нёман-Агра» не радуюць. Праменьчык надзеі мільгануў, калі нёманцы згулялі ўнічыю з мінскай камандай «Энергетык-БГАТУ». 2:2 – такі вынік адлюстраваўся на табло стадыёна «Юнацтва». А ў астатнім жнівеньскі графік быў невясёлым. Паражэнні ў Смалявічах, Горках, Клецку, Дзяржынску. З камандай Клецка вынік разгромны – 0:5. Нагадаем, што на сваім полі футбалісты «Нёмана-Агра» адолелі кляччан – 4:0. Гэта была акурат першая гульня ў чэмпіянаце 2019 года. Пасля на старце сезона стаўбчане згулялі ўнічыю са смалявіцкім футбольным клубам. Яшчэ тры ачкі спачатку былі запісаны на рахунак стаўбчан за няяўку на сустрэчу каманды ЮАС з Жыткавічаў. Але потым гэтая каманда знялася з розыгрышу, і такім чынам налічаныя стаўбцоўскай камандзе ачкі былі ануляваны. Так, у нёманцаў пяць ачкоў і апошняе месца ў турнірнай табліцы. Найбліжэйшы сапернік, той жа «Клецк», апярэджвае стаўбчан на сем ачкоў.

Даводзіцца толькі зайздросціць суседзям. ФК «Гарадзея» з Нясвіжскага раёна паспяхова выступае ў вышэйшай лізе нацыянальнага першынства. ФК «Узда» – у пяцёрцы лепшых у другой лізе, а дзяржынскі «Арсенал» цвёрда ўтрымлівае там першае месца і трымае курс на павышэнне ў класе.

Другая каманда са Стоўбцаў – «Нёман-ДЮСШ» – акурат выступае ў чэмпіянаце Міншчыны. У падгрупе з васьмі ўдзельнікаў занялі пятае месца і не трапілі ў фінальную групу, дзе вядзецца далейшая барацьба за тытул. Аднак жа перамагалі юныя стаўбчане значна часцей, чым іх старэйшыя таварышы. Аб’яднаць бы саставы і часцей радаваць перамогамі балельшчыкаў.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *