Прыярытэты ў рабоце з сем’ямі

Грамадства Нумары

Станоўчае, а больш – тое, над чым неабходна працаваць у ходзе выканання комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, стала тэмай размовы на пасяджэнні Каардынацыйнага савета.

Аналіз сітуацыі за 2013 год паказвае, што на Стаўбцоўшчыне скарацілася (з 90 да 74-х) колькасць дзяцей, якія трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Пры тым, што першачарговая задача – ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці. У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла 185 паведамленняў (у 2012 годзе – 290) з міліцыі,  устаноў адукацыі і ад грамадзян. У 2013 годзе ўстановы адукацыі накіравалі ў камісію для разгляду 16 хадайніцтваў у адносінах да нядобранадзейных сем’яў, што дазволіла пазбегнуць адабрання 30-ці дзяцей.

– У гэтым плане станоўча працуюць сельвыканкамы сумесна з установамі адукацыі ў Дзераўной, Наваколасаве, Шашках. Агульнымі намаганнямі аператыўна папрацавалі з бацькамі, якія злоўжывалі спіртным. Яны прайшлі курс лячэння, таму ўдалося не траўміраваць дзяцей адабраннем, – зазначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько і парэкамендавала выкарыстоўваць вопыт цеснага ўзаемадзеяння школы, дзіцячага садка і сельвыканкама ў Заямным, дзе за сем’ямі замацаваны службовыя асобы, дзе назіраецца неадкладнае рэагаванне на рашэнні і пастановы камісіі па справах непаўналетніх і Каардынацыйнага савета, адкуль своечасова прадастаўляецца ўся неабходная інфармацыя.

У раёне рэарганізаваны камісіі па справах непаўналетніх пры сельвыканкамах. Таму трэба больш эфектыўна выкарыстоўваць у рабоце на даным напрамку атрады аховы правапарадку і прафілактыкі. І, безумоўна, калі прыменены ўсе з магчымых рычагоў уздзеяння на мясцовым узроўні, а толку, як кажуць, – мала, неабходна не чакаць да апошняга, а больш актыўна звяртацца па дапамогу ў раённую камісію.

У мінулым годзе прыйшлося адбіраць 28 дзяцей з 14-ці сем’яў раёна (у 2012 годзе – 30 дзяцей з 20-ці сем’яў). Колькасць дзяцей-сірот – зменшылася. Восем дзяцей прызнаны пакінутымі без апекі бацькоў, паколькі апошнія былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Такіх дзяцей, як правіла, намаганнямі спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму ўстройваюць у сваім раёне ў замяшчальныя сем’і. У выключных выпадках (калі дзіця хворае ці ёсць іншыя перашкоды) яго накіроўваюць у Дом дзіцяці.

Змяншаецца колькасць абавязаных асоб і дзяцей, выдаткі на ўтрыманне якіх у дзяржаўных установах неабходна кампенсаваць. У 2012 годзе было на ўліку 89 абавязаных асоб у адносінах да 88 дзяцей, у 2013 годзе – 72 абавязаныя асобы ў адносінах да 66-ці дзяцей. Усе абавязаныя працаўладкаваны, а да тых, хто працягвае злоўжываць спіртным і не выходзіць на працу, супрацоўнікамі міліцыі прыняты адэкватныя меры. У адносінах да абавязаных асоб узбуджана 17 крымінальных спраў, 13 абавязаных накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Працэнт кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей вырас і склаў 80,5 працэнта. Але парушэнні дапускаюць некаторыя наймальнікі – нясвоечасова пералічваюць гэтыя грашовыя сродкі. Узнімалі пытанне нізкай напаўняльнасці дзіцячага сацыяльнага прытулку.

Работа з сем’ямі, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, вядзецца па індывідуальным плане рэабілітацыі, які фактычна з’яўляецца міжведамасным і павінен улічваць усе прычыны і нюансы для ўхілення сямейнай нядобранадзейнасці. Тут таксама нам ёсць у каго павучыцца – у Шашкоўскай школы, а таксама ў Горкаўскай, комплексныя планы якой па рэабілітацыі сем’яў былі адзначаны нават абласной камісіяй па справах непаўналетніх, памочнікам губернатара Мінскай вобласці. Але ёсць і адмоўныя прыклады. За неналежную работу вынесена прадстаўленне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ў адрас дзвюх школ раёна. “Дзяцей забраць лягчэй за ўсё, аднак неабходна больш цесна працаваць з сем’ямі на ўзроўні сацыяльна небяспечнага становішча, прымаць вычарпальныя меры, каб у бягучым годзе не дапусціць выпадкаў экстраннага адабрання дзяцей”, – такія прыярытэты паставіла раённая камісія.

Са справаздачай была заслухана старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама. Менавіта ў гэтым сельсавеце назіралася летась найбольшая колькасць так званых экстранных адабранняў, калі знаходжанне ў сям’і ўяўляла рэальную небяспеку для жыцця і здароўя дзяцей. І гэта сведчыць пра такія сур’ёзныя ўпушчэнні ў рабоце як адсутнасць сеткі кантактаў, сувязі з блізкімі сваякамі і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *