Трымаць свіней можна, але не ва ўсіх вёсках

Нумары Прамая лінія

На працягу ўсёй прамой лініі ў кабінеце галоўнага ветурача не змаўкалі тэлефонныя званкі. За гадзіну паспелі патэлефанаваць 19 чалавек. Практычна ўсіх цікавілі адны і тыя ж пытанні. Калі можна будзе на ўласным падворку трымаць свіней і як гэта будзе ажыццяўляцца на практыцы? Дзе можна купіць парасят?

Тэлефанавалі жыхары з Тонава, Дзераўной, Жацерава, Пільніцы, Вялікага Двара, Старога Свержаня, Раёўшчыны і Ахрэмавіч.

– Прайшло больш за шэсць месяцаў пасля правядзення мерапрыемстваў па ліквідацыі ачага афрыканскай чумы свіней, у тым ліку пасля знішчэння ўсіх свіней і правядзення заключнай дэзынфекцыі ў эпізаатычным ачагу і нядобранадзейным па АЧС пункце, а таксама пасля забою ўсіх свіней у першай пагражальнай зоне. На працягу гэтага часу выпадкаў захворвання свіней не зарэгістравана. Таму хачу абрадаваць жадаючых трымаць свіней: у сувязі з тым, што сітуацыя па афрыканскай чуме свіней стабілізавалася і ў цэлым па рэспубліцы, райвыканкамам будзе прынята рашэнне аб зняцці забароны на ўтрыманне свіней ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян. Такім чынам, ва ўсіх вышэйназваных вёсках дазволена трымаць свіней. Але набыць парасят можна будзе толькі напрыканцы мая. Ні ў якім разе не трэба купляць іх з рук. У кожнага, хто купіў парасят, павінны быць ветэрынарныя дакументы. Прадаваць парасят будзе СТК “Крамец” ААТ “Вішнявецкі” па папярэднім запісе. Запіс будзе праводзіцца на свінакомплексе. Аб’ява з інфармацыяй дзе і ў які час можна купіць парасят будзе змешчана ў раённай газеце. Зазначу, што трымаць свіней можна будзе толькі для ўласных патрэб. Не дапускаецца ўтрыманне свінаматак і кныроў.

Пры гэтым перад жыхарамі вёсак ставіцца некалькі ўмоў, якія абавязкова неабходна выканаць. Кожнаму, хто захоча трымаць свіней, неабходна звярнуцца ў сельвыканкам  па месцы жыхарства і паведаміць колькі парасят ён думае купіць. Патрэбна падрыхтаваць памяшканне для ўтрымання свіней, правесці яго ачыстку і ачыстку прылеглай тэрыторыі. А работнікі сельвыканкама разам з супрацоўнікамі міліцыі і спецыялістамі ветслужбы, у сваю чаргу, павінны праверыць памяшканні, у якіх гаспадары плануюць адкормліваць свіней, на якасць іх падрыхтоўкі. А таксама растлумачыць вяскоўцам умовы набыцця і ўтрымання свіней, адказнасць за парушэнні патрабаванняў утрымання жывёлы. Сельвыканкамы, згодна са складзеным спісам, будуць выклікаць ветэрынарную службу для правядзення абавязковай дэзынфекцыі ў хлявах. Зазначу, што апрацоўка памяшканняў будзе праводзіцца бясплатна.

У далейшым кожнаму ўладальніку свіней неабходна будзе прытрымлівацца правілаў іх утрымання. А іменна, заходзіць у памяшканне можна толькі ў спецыяльна прызначаным дзеля гэтага адзенні і абутку. Пры ўваходзе ў хлеў абсталяваць дэзпадушку. Забяспечыць бязвыгульнае ўтрыманне свіней. Усе віды кармоў і вада для паення павінны прайсці тэрмічную апрацоўку (кіпячэнне). Карміць свіней толькі канцэнтраванымі кармамі, якія набыты праз сістэму Белкаапсаюза і ў іншых дзяржаўных гандлёвых кропках. Катэгарычна забараняецца выкарыстанне на корм свінням прадуктаў, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты або кампаненты, атрыманыя пасля кулінарнай апрацоўкі мяса (вада пасля мыцця мяса, мясарубкі, нажоў, сталоў і інш.). Патрэбна пастаянна весці барацьбу з грызунамі.

Шмат пытанняў паступіла з вёсак Вішнявецкага сельсавета, на тэрыторыі якога размяшчаецца свінагадоўчы комплекс:  Крамца, Вішняўца, Навапольцаў, а таксама з Шахноўшчыны. Людзям вельмі хацелася пачуць станоўчы адказ, яны абураліся, гаварылі, што будуць скардзіцца, прыводзілі прыклады, што ў суседніх раёнах свіней ужо трымаюць, і нават побач з комплексамі.

– Разумею жаданне людзей гадаваць свіней і перажываю разам з імі, але, на жаль, пакуль такога дазволу няма. Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2013 года № 758, у вышэйназваных вёсках, а таксама  Падзерычах, Перакопаўшчыне, Мархачоўшчыне, Галавенчыцах, Халаімаўшчыне, Грабёнаўшчыне, Мясёнкаўшчыне, Белькаўшчыне, Кнотаўшчыне, якія ўваходзяць у пяцікіламетровую зону ад свінатаварнага комплексу, гадаваць свіней забаронена. Як выхад з сітуацыі – можна трымаць на падвор’і бычкоў і іншую жывёлу і птушку. Наконт таго, што ў суседніх раёнах можна трымаць свіней у вёсках, якія знаходзяцца ў пяцікіламетровай зоне – гэта неправераныя чуткі. Па ўсёй рэспубліцы ветэрынарныя правілы аднолькавыя. Калі асобныя людзі  завялі свіней, то робяць гэта нелегальна, парушаючы закон. Мы камісійна праверым сітуацыю і ў нашым раёне.

Патэлефанавалі з Вішняўца: у фірменным магазіне сельгаставарыства мясцовым жыхарам праблемна купіць сала, бо гэтай прадукцыі мала завозіцца. Людзям жа не заўсёды выпадае магчымасць выехаць у горад, асабліва пенсіянерам.

Анатолій Іванавіч абмеркаваў гэтае пытанне з начальнікам райсельгасхарча і дырэктарам ААТ “Вішнявецкі-агра”. У бліжэйшыя дні яно павінна вырашыцца. 

Паступілі скаргі на тое, што ля вёскі Крамец з ачысных сетак свінагадоўчага комлексу цячэ на палі гноевая жыжка.

– Гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя службы. Наколькі мне вядома, там ужо наводзіцца парадак.

Жыхара з Раёшчыны дадаткова турбавала і такое пытанне: што рабіць, калі ў каровы дародавы парэз?

 Анатоль Іванавіч параіў увесці карове ўкол глюкозы, каб самаадчуванне жывёліны нармалізавалася.

У жыхаркі са Стоўбцаў наступная праблема: жанчына спыталася, чаму праз некалькі гадзін  пасля таго, як яна падоіць казу, малако становіцца кіслым.

– Калі так адбываецца, то ёсць падазронасць, што ў казы парушаны абменныя працэсы. Гэта звязана ў першую чаргу з кармленнем. Карміць казу толькі сенам і вадой – недастаткова. Для дробнай рагатай жывёлы неабходны вітамінна-мінеральныя дабаўкі і спецыяльныя падкормкі. Раю купіць у ветаптэцы лізунцы, якія выпускаюцца спецыяльна для коз. Зрабіць і біяхімію крыві жывёлы.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *