Юзэфа Ярчак з Несцеравічаў ужо 18 гадоў займаецца пчалярствам

Главное Сельская гаспадарка

Юзэфа Ярчак на сваім прысядзібным участку

Юзэфа Ярчак жыве ў Несцеравічах. Прыехала на малую радзіму васямнаццаць гадоў назад. Да гэтага жыла і працавала ў Мінску.

– Шмат гадоў адрабіла на заводзе вылічальнай тэхнікі мантажніцай радыёапаратуры пятага разраду, – расказвае Юзэфа Баляславаўна. – Аднак мяне напаткала цяжкая хвароба. Перанесла складаную аперацыю на пазваночнік і атрымала другую групу інваліднасці. Прафесар, які мяне аперыраваў, сказаў, што трэба рухацца, весці актыўны лад жыцця. Я падумала, што ў сталічнай кватэры зрабіць гэта будзе нялёгка, і вярнулася ў вёску.

Жанчына расказала, што паступова, седзячы на каленях, прыводзіла ў парадак падворак, дзе расло адно пустазелле.  Цяпер ля хаты цвітуць прыгожыя кветкі. Рознакаляровыя ружы вабяць вока тых, хто праязджае.

А самы любімы занятак Юзэфы Баляславаўны, за якім яна праводзіць больш за ўсё часу, – пчолы.

– Неяк заляцеў да мяне рой пчол, – гаворыць пчалярка, – зняла яго. Папрасіла вясковых умельцаў, каб зрабілі вулей, і пачала займацца гэтай справай. Спадабалася. Выпісала часопіс «Гаспадар», у якім друкуюцца артыкулы пра тое, як правільна весці пчальніковую гаспадарку. Прыдумала сама прыстасаванне, каб раі здымаць, купіла прынаду. Васямнаццаць гадоў прайшло з таго часу. Цяпер у мяне сем вулляў. Сама раблю рамкі, скрыні, вашчыну.

Мёдам гаспадыня забяспечвае сябе, дзяцей і ўнукаў. Цукрам сваіх пчол не падкормлівае. Пакідае ім на зіму мёд. Зразумела, гэта нявыгадна, але прадукцыя атрымліваецца якасная і вельмі карысная для здароўя.

– Побач са сваімі крылатымі працаўніцамі адпачываю целам і душой, – адзначыла Юзэфа Баляславаўна. – Калі цяжка на сэрцы, то сяду ля вулляў і слухаю, як гудзяць пчолы, лётаючы туды-сюды. У такія хвіліны забываешся пра ўсё дрэннае. Яны і рукі мае сваімі ўкусамі вылечылі. Цяпер не баляць.

Пасадзіла ў агародзе жанчына і новы сад: чатыры сарты яблык і тры – груш. Збірае неблагі ўраджай. Падкрэслівае, што пры жаданні можна любую справу асвоіць. Яна і косіць сама, і зямлю капае, а таксама шыць і ткаць умее.

Юзэфе Баляславаўне споўнілася восемдзесят гадоў, але яна яшчэ поўная сіл і энергіі, якую надаюць ёй спадарожніцы жыцця – пчолы.                                                 

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *