У Налібацкім сельвыканкаме падвялі вынікі конкурсу на лепшы падворак

Соцыум

Напрыканцы жніўня ўжо на працягу шасці гадоў Налібацкім сельвыканкамам традыцыйна, ва ўрачыстай абстаноўцы, падводзяцца вынікі конкурсу на лепшы падворак.  У сёлетнім, прысвечаным Году малой радзімы, прынялі ўдзел 86 гаспадароў домаўладанняў з васьмі вёсак сельсавета. З вясны да восені рупіліся вяскоўцы, ствараючы прыгажосць на сваіх прысядзібных участках.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч камісійна аб’ехаў усе вёскі і асабіста пабыў ля кожнага дома.

– Праязджаючы па вуліцах населеных пунктаў, з задавальненнем пазіраў на добраўпарадкаваныя двары і радаваўся за нашых людзей. Працавітасць, творчы падыход і фантазія, плюс вялікае жаданне, дапамагаюць людзям прыхарашыць свой куточак, арыгінальна яго аформіць, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Не ўбачыў аднолькавых сядзіб, кожная – унікальны твор клапатлівых рук гаспадароў, якія любяць свае дамы, утульныя і цёплыя, дзе за вокнамі – добраўпарадкаваная імі тэрыторыя, што вабіць вока разнастайнасцю кветак з іх непаўторным водарам, сакавітай садавінай і забаўнасцю малых архітэктурных форм.

Па-мастацку аздоблена тэрыторыя вакол дома Ганны і Фелікса Мазуноў

І  сапраўды, дом – гэта месца, дзе пануе асаблівая атмасфера, створаная самім чалавекам, і дзе ён заўжды адчувае сябе спакойна і камфортна. Зразумела, таму, хто жыве ў сваім доме, работы дастаткова. Да таго ж, трэба не толькі валодаць рознымі будаўнічымі прафесіямі, але і быць дызайнерам.

Патанае ў квецені дом Станіславы Мазун

– Штогод у многіх гаспадароў з’яўляюцца новыя ідэі па добраўпарадкаванні прысядзібнай тэрыторыі, – працягвае гаворку старшыня сельвыканкама. – І яны ствараюць вакол сябе сапраўдныя аазісы шчасця, адчуваючы задавальненне ад вынікаў сваёй працы і намаганняў блізкіх людзей.

Ядвіга і Іван Мінцелі – сапраўдныя гаспадары

Урачыстае мерапрыемства праходзіла ў Налібацкім сельскім доме культуры. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч, які падзякаваў усім за старанне, за тое, што азеляняюць тэрыторыі асабістых падворкаў і падтрымліваюць на іх парадак. Згодна з умовамі конкурсу, вызначаліся шэсць першых месцаў. Сярод пераможцаў – Ванда Шакаль і Іван Адамцэвіч, Ядвіга і Іван Мінцелі з Кляцішча, Ганна і Фелікс Мазуны з Каменкі, Іван Чарнец з аг. Налібакі, Ніна і Іосіф Мусікі, Ірына і Станіслаў Курашы з Церабейнага. Усе гэтыя гаспадары прымуць удзел у абласным конкурсе. У прызёрах – Ірына (Адамаўна) Сабалеўская, Марыя Ласевіч, Тамара і Леанід Гарэлікі, Анатолій Кільчэўскі, Валянціна Кармільцава (Кляцішча), Галіна Міхно, Станіслава Мазун (Церабейнае), Леанарда Дошчачка, Станіслава Дошчачка, Галіна Чыжэўская і Генадзій Ліпніцкі (аг. Налібакі). Сярод самых гаспадарлівых – старасты вёсак Лідзія Босая (Пруды), Таісія Барысевіч з мужам Ігнаціем Ліпніцкім (Пільніца), Міхаіл Жаўнерчык з жонкай Вандай, а таксама Ганна і Іосіф Жаўнерчыкі, Ірына і Браніслаў Кавалеўскія, Марына і Карл Ланковічы (аг. Налібакі). Пераможцаў і прызёраў узнагародзілі дыпломамі, ім уручаны шыльдачкі з надпісам «Дом узорнага парадку».

Адметны дызайн на падворку Ірыны і Станіслава Курашаў

Заахвочаны падарункамі 31 удзельнік конкурсу.

Затым адбыўся канцэрт, забаўлялі прысутных сталічныя артысты. Спонсарамі правядзення свята выступілі ТАА «СЖК «Налібакі» (дырэктар – Віталій Кушнер), індывідуальныя прадпрымальнікі Галіна Думчава і Дзмітрый Жэстоўскі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *