На прамой тэлефоннай лініі, якая абазначыла праблемы міліцэйскія і не толькі, жыхароў раёна выслухаў начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Гладун. Разам з ім адказы на пытанні давалі начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Юлія Белавусава і старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Аляксандр Трацяк.
Шмат тэлефанаванняў было звязана з бадзяжнымі жывёлінамі, а таксама з выгулам сабак на гарадскіх вуліцах без наморднікаў.
– Сапраўды, праблема такая ў раёне існуе. Аб’яднанне камунальных службаў пакуль не наладзіла работу па адлове бадзяжных жывёлін. Мы рэкамендуем камунальнікам увесці ў штат работніка, які б займаўся гэтай канкрэтнай справай. Калі сабака без ашыйніка – ён лічыцца бадзяжным. У міліцыю паступае шмат зваротаў ад вяскоўцаў, у якіх на падворках былі задушаны гусі, куры. Апошні выпадак у Вечатарове – знішчана 15 трусоў.
Самыя распаўсюджаныя парушэнні звязаны з выгулам сабак без намордніка. У правілах прадугледжана, што жывёла з вышынёю ў карку звыш 25 см павінна рэгістравацца ў аб’яднанні камунальных службаў (вуліца Цэнтральная, 19), а выгул за межамі дваровай тэрыторыі дазволены толькі ў намордніку і на павадку (за выключэннем сабак-павадыроў).
– А калі пакусаў сабака?
– Калі нанесены цялесныя пашкоджанні, існавала пагроза здароўю, звяртайцеся ў міліцыю, і па справе разбярэцца суд. За гэта законам прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, ці нават адміністрацыйны арышт.
На прыпынках грамадскага транспарту – звалкі смецця. Людзі пад’язджаюць на легкавым аўтамабілі і выкідваюць цэлы прычэп смецця. Чаму іх ніхто не спыніць, не аштрафуе?
– Інфармуйце міліцыю аб падобных фактах, будзем разбірацца. Праводзім сумесныя рэйды з прадстаўнікамі санітарнай службы і выносім парушальнікам прадпісанні. Калі грамадзяне іх не выконваюць, прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічынь.
Па вуліцы Гайдука ў Стоўбцах абмежаваны рух. А як пад’ехаць да камерцыйнай станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў, размешчанай на завулку?
– Знак 3.2 “Рух забаронены” ўстаноўлены ў пачатку вуліцы Гайдука і да скрыжавання з вуліцай Чапаева. Дзеянне гэтага знака не распаўсюджваецца, у прыватнасці, на транспартныя сродкі, якія належаць грамадзянам, якія пражываюць або працуюць у гэтай зоне пры адсутнасці іншых магчымасцяў іх пад’езду. Звярніце ўвагу: на скрыжаванні ўстаноўлена таблічка, якая дазваляе праехаць на завулак Гайдука, дзе знаходзіцца прыватная СТА, з боку вуліц Сацыялістычнай або Казлова.
Стаўбчанін звярнуўся са скаргай на тое, што ў адносінах да яго складзены пратакол за пераход вуліцы па-за пешаходным пераходам і неабазначэнне сябе флікерам у цёмны час сутак.
– Ваша скарга будзе разгледжана. Але з боку супрацоўнікаў ДАІ парушэнняў няма. У правілах дарожнага руху занатавана: падчас руху ў цёмны час сутак па краі праезджай часткі дарогі пешаход абавязаны абазначыць сябе святлоадбівальным элементам. Заўважу, што ў правілах не агаворана пра асветленасць вуліцы, а ёсць паняцце – цёмны час сутак. У лютым, напрыклад, на вуліцы Ленінскай атрымала траўмы ў вячэрні час дзяўчына-пешаход. Не была абазначана флікерам, вадзіцель своечасова не заўважыў і не змог папярэдзіць наезд.
Якія меры прыняты да п’янага вадзіцеля, што нядаўна ўчыніў аварыю на чыгуначным пераездзе?
– У адносінах да гэтага 19-гадовага вадзіцеля складзены тры адміністрацыйныя пратаколы (за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення, за кіраванне транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, за ўчыненне дарожна-транспартнага здарэння). Агульная сума накладзеных штрафаў – 70 базавых велічынь. Яму забаронена на працягу трох гадоў навучацца і здаваць экзамены на атрыманне вадзіцельскага пасведчання.
Рамуальда Грамыка з Дзераўной узнімала праблему бяспечнага пераходу вуліцы Меліяратараў – там адсутнічаюць пешаходныя пераходы.
– Будзем разбірацца з гэтай праблемай.
Стаўбчанін Аляксандр Язвінскі (вуліца Зялёная) узняў праблему парушэння хуткасных рэжымаў па вуліцах Варашылава, Лугавой, суседніх завулках, а таксама паркоўкі на вуліцах фураў.
– У ваш мікрараён арганізуем рэйд ДАІ. А ўвогуле ў горадзе існуе праблема з паркоўкамі. Згодзен з вамі, што велікагрузныя аўтамабілі ствараюць нязручнасці.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ