Адрас – дакладны

Грамадства Нумары

Пішыце пісьмы сваім родным і блізкім, сябрам і знаёмым у Беларусі і ва ўсім свеце, але – каб хутчэй прыйшоў адказ – правільна ўказвайце адрас.

Пра тое, што можа затрымаць наша пісьмо ў дарозе, расказала намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына ПЕТУХ:

– Тэндэнцыя росту пісьмовых адпраўленняў уносіць свае карэктывы ў работу паштавікоў. РУП “Белпошта” ўкараняе новыя аўтаматызаваныя тэхналогіі сартавання пошты. Выкарыстанне сартавальнай машыны дазваляе спрасціць і паскорыць апрацоўку і праходжанне пісьмовай карэспандэнцыі па Беларусі і за яе межамі. У сувязі з гэтым мы хацелі б яшчэ раз нагадаць нашым кліентам – надзвычай важна правільна афармляць сваё паштовае адпраўленне.

– Марына Рамуальдаўна, пры запаўненні канверта балючым месцам заўсёды быў індэкс. Нехта не лічыць патрэбным яго выводзіць, а нехта – проста не памятае…

– Алгарытм работы сартавальнай машыны закладзены такім чынам, што спачатку счытваецца паштовы код (індэкс), а затым ён параўноўваецца з указаным адрасам. Пры выяўленні неадпаведнасці ў адрасе пісьмо аўтаматычна адпраўляецца на ручное сартаванне. Паштовы індэкс з’яўляецца неад’емнай часткай адрасных даных.  Звяртаю ўвагу, што на пісьмах і паштовых картках з кодавым штампам індэкс запаўняецца стылізаванымі лічбамі, чарнілам чорнага або сіняга колеру.

– Акрамя індэкса, якія яшчэ памылкі найбольш распаўсюджаныя?

– Нельга скарачаць назвы ў адрасе. Спачатку запаўняюцца даныя адпраўшчыка пісьма ў верхнім левым кутку канверта. Адрас атрымальніка пішацца ў правай ніжняй частцы. На ўнутраных паштовых адпраўленнях адрас павінен быць напісаны на беларускай або рускай мовах, быць дакладным і поўным і ўтрымліваць наступныя даныя: прозвішча, імя, імя па бацьку ці назву юрыдычнай асобы, назву вуліцы, нумар дома, корпуса, кватэры, назву населенага пункта, паштовы код, назву аддзялення паштовай сувязі, назвы раёна і вобласці. Пры адрасаванні паштовых адпраўленняў у гарады паштовы код указваецца перад назвай горада.

– Часта мы адпраўляем пісьмы ў замежжа. Пра якія асаблівасці запаўнення канверта варта ведаць?

– На міжнародных паштовых адпраўленнях адрас атрымальніка павінен быць напісаны на мове краіны прызначэння або на адной з міжнародных моў – французскай або англійскай. Назва населенага пункта і краіны прызначэння пішуцца вялікімі літарамі. Назву краіны прызначэння неабходна абавязкова дубліраваць на беларускай або рускай мовах, напрыклад, FRANCE (Францыя). Адрас адпраўшчыка можа быць напісаны на беларускай або рускай мове. У гэтым выпаду неабходна дубліраваць назву краіны адпраўшчыка лацінскімі літарамі, напрыклад, БЕЛАРУСЬ (BELARUS).

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *