Майстэрства рабіць паспяховыя аперацыі ў Стоўбцах

Медыцына Нумары

У многіх, напэўна ж, была такая сітуацыя ў жыцці, калі хацелася пацалаваць рукі ўрачу. Асабліва, калі жыццё роднага чалавека было ў крытычным стане. Удзячныя пацыенты гатовыя і на такую ахвярнасць. У мінулым годзе пасля цяжкай аварыі на аўтастрадзе Брэст – Масква ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы з цяжкай траўмай паступіў кіраўнік буйнога прыватнага прадпрыемства з Гродзенскай вобласці. Урачы і іншы медперсанал не даспалі многіх начэй, каб вярнуць гэтага чалавека да жыцця. Пасля выпіскі з бальніцы бізнесмен аказаў вялікую спонсарскую дапамогу нашай бальніцы – купіў самы сучасны, дарагі, апарат для УГД.

Для знаёмства з загадчыкам хірургічнага аддзялення Ігарам Яхнаўцом аўтар гэтых радкоў таксама мела асабістую нагоду. Аднагадовая  ўнучка, хуткая і няўпынная, зламала ручку са змяшчэннем касцей. У прыёмны пакой бацькі яе даставілі вечарам у час перазменкі медыцынскага персаналу. У Ігара Яхнаўца змена ўжо закончылася, аднак, нягледзячы на стомленасць, ён зноў пераапрануўся і на кушэтцы прыёмнага пакоя ўправіў змешчаныя косці рукі, пасля чаго наклалі гіпс. Выканаў ён гэта настолькі прафесіянальна, што на кансультацыі ў Мінску ўрачы пацвердзілі поўную норму.

Гэты выпадак двухгадовай даўнасці ўспомніўся, калі журналіста вялі да хірурга іншыя абставіны. На сучасны момант слава пра Ігара Яхнаўца як хірурга, які выконвае паспяховыя аперацыі пры варыкозе вен, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, выйшла за межы нашага раёна. Сустрэча наша адбылася пасля многіх спроб – яна назначалася і пастаянна адкладвалася з-за занятасці хірурга, непрадбачаных абставін, якія нельга спланаваць. Дзень, калі мы сустрэліся, таксама быў нялёгкі – Ігар Анатольевіч дзяжурыў ноччу. Няцяжка палічыць, колькі гадзін склала яго змена з папярэднім днём і наступным пасля рабочай ночы.

Пачынаем мы гаворку з таго, што стала штуршком для яго выбраць прафесію ўрача.

– Гэта неяк і не агаворвалася, склалася само сабою. Магчыма таму, што мае бацькі таксама ўрачы, – спакойна разважае Ігар Яхнавец. –  З першай спробы я паступіў у Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, хоць мяне палохалі, што паступіць вельмі цяжка.

Першыя самастойныя крокі ў сваю прафесію Ігар Яхнавец зрабіў у раённай бальніцы горада Лунінец Брэсцкай вобласці, дзе праходзіў інтэрнатуру і працаваў хірургам паліклінікі і стацыянарнага аддзялення. Пяць гадоў работы ў Лунінцы дапамаглі набыць упэўненасць у сваіх сілах. Маладому хірургу, які пастаянна павышаў свой прафесіяналізм, асвойваючы новыя тэхналогіі, захацелася перабрацца бліжэй да сталіцы. Стаў звяртаць увагу на аб’явы аб вакансіях у прэсе. Стаўбцоўская раённая бальніца запрашала на працу ўрачоў. Як гаворыць Ігар Анатольевіч, горад з лепшым геаграфічным размяшчэннем  цяжка знайсці. Ён узяў водпуск і прыехаў «у разведку». Папрацаваў месяц, спадабаўся калектыў, кіраўніцтва, арганізацыя работы. Пры вялікай праблеме кадраў для раённай бальніцы быў шанцунак – і жонка Ігара Яхнаўца Наталля Васільеўна таксама ўрач, па спецыяльнасці акушэр-гінеколаг. Дарэчы, калі гаварыць пра сямейную дынастыю, то не толькі бацькі Ігара Анатольевіча, але і бацькі Наталлі Васільеўны таксама ўрачы, а яшчэ – і яе брат, ён – хірург-траўматолаг. Траўматалагічнае аддзяленне ўзначальваў у Навагрудку бацька Наталлі Васільеўны. Яхнаўцам было прапанавана ў Стоўбцах уступіць у жыллёвы кааператыў, аднак Ігар Анатольевіч хацеў мець уласны дом. І ён стаў будаваць яго сваімі рукамі разам з бацькам, які цяпер працуе ўрачом на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы.

Каля 14 гадоў складае ўрачэбны стаж Ігара Яхнаўца, дзевяць з іх – у стаўбцоўскай раённай бальніцы, апошнія чатыры гады – на пасадзе загадчыка хірургічнага аддзялення.

Як расказвае Ігар Анатольевіч, хірургам раённай бальніцы даводзіцца аперыраваць «ад пят да галавы». У мінулым годзе імі  праведзена каля 1700 аперацый. Знаходжанне райбальніцы непадалёк ад аўтастрады Брэст – Масква стварае асаблівыя ўмовы работы для медустановы. Таму абласное ўпраўленне аховы здароўя планавала стварыць нават у Стоўбцах траўматалагічны пост. Аднак гэта застаецца пакуль толькі ідэяй. І сапраўды, у агульнай колькасці аперацый вялікую долю складаюць экстранныя пасля дарожных здарэнняў і іншых траўмаў. Хірургам даводзіцца праводзіць нямала аперацый па трапанацыі чэрапа. Абласныя нейрахірургі канстатуюць, што стаўбцоўскія ўрачы выдатна спраўляюцца з гэтай нялёгкай задачай, мінімальна прыбягаючы да выклікаў нейрахірургаў са спецыялізаваных мінскіх клінік. І гэта пры тым, што ў стаўбцоўскай бальніцы пакуль не набыты тамограф. Адсутнасць яго нярэдка вымушае хірургаў дыягнаставаць з дапамогай скальпеля. Камп’ютарны тамагроф у многіх выпадках змяніў бы хірургічныя аперацыі на малаінавазійныя – з гранічна малым хірургічным умяшчальніцтвам альбо і наогул без яго.

У мяне ніяк не атрымліваецца пагутарыць з Ігарам Анатольевічам пра яго асабіста. Загадчык аддзялення больш расказвае пра калектыў, прычым робіць гэта з задавальненнем. Паслухаць яго цікава. Прыемна даведацца і паведаміць чытачам, што на сучасны момант хірургічнае аддзяленне стаўбцоўскай раённай бальніцы выдзяляецца сярод іншых выдатным падборам кадраў. Апошнім часам калектыў абнавіўся, і сярэдні ўзрост урачоў складае ў межах 30 гадоў. Уладзімір Рачко сярод іх – урач з самым вялікім стажам работы. Малады перспектыўны ўрач Дзмітрый Пляскач атрымаў ужо прызнанне і калег, і пацыентаў. Стаж яго работы ў стаўбцоўскай бальніцы складае каля 10 гадоў. Добрыя надзеі падаюць маладыя спецыялісты Андрэй Дудзінскі і Націк Гусейнаў. Два маладыя хірургі будуюць у Стоўбцах уласныя дамы, гэта дае надзею, што свой прафесіяналізм яны працягнуць  рэалізоўваць у нашым раёне. У складзе хірургаў урач-інтэрн Юрый Вярэмскі, які вучыўся па накіраванні ад стаўбцоўскай бальніцы і прыедзе сюды на працу. Адзначае не толькі Ігар Анатольевіч, але і кіраўніцтва райбальніцы, што ўсім маладым хірургам прысутна вялікае жаданне самаўдасканальвацца, яны праходзяць больш вузкую спецыялізацыю ў многіх накірунках, паспяхова асвойваюць новыя тэхналогіі. Для бальніцы такі падбор кадраў хірургаў на сучасны момант – не толькі адметнасць, а сапраўдны скарб. Вельмі важным момантам для замацавання кадраў з’яўляецца забеспячэнне райбальніцы новым сучасным абсталяваннем, без чаго немагчыма гаварыць аб выкарыстанні самых сучасных тэхналогій, усе ўрачы-хірургі стаўбцоўскай бальніцы гатовы да такога ўзроўню ўрачэбнай практыкі.

Гаворачы аб дасягненнях, Ігар Анатольевіч не ўпускае сказаць аб аперацыях на лапараскапічнай стойцы, іх у год праводзіцца каля 100. Стаўбцоўская – адна з першых у вобласці раённых бальніц, якая набыла лапараскапічную стойку і стала праводзіць на ёй аперацыі з мінімальным умяшальніцтвам у арганізм пацыента. Да месца тут будзе сказаць і аб аперацыях на тазабедраным суставе, якія паспяхова выконваюць у Стоўбцах, і якія праводзяць далёка не ў кожнай раённай бальніцы. Аперацыі на шыйцы бядра праводзяцца па сучасных тэхналогіях.

Нікому – ні адміністрацыі райбальніцы, ні жыхарам раёна – не хацелася б, каб маладыя перспектыўныя ўрачы пакідалі райбальніцу:

– Паручыцца за гэта не магу, – адказвае Ігар Анатольевіч, – аднак на сучасны момант я бачу іх вялікае жаданне працаваць. Гэтаму садзейнічае выдатнае паразуменне з адміністрацыяй райбальніцы, падтрымка галоўнага ўрача, добры мікраклімат у калектыве. Гэта вельмі важна. Ёсць прыклады, што менавіта з-за непаразумення з адміністрацыяй медыцынскую ўстанову пакідалі ўрачы цэлым аддзяленнем.

Калі ж працягваць гутарку аб арганізацыі работы, то ніяк не ўпусціць  моманту, на які звярнуў увагу Ігар Анатольевіч. Стаўбцоўская бальніца – у ліку нямногіх сярод раённых арганізавала пастаяннае кругласутачнае дзяжурства пяці ўрачоў розных спецыяльнасцяў –  хірурга, рэаніматолага, тэрапеўта, педыятра, гінеколага. Гэтае новаўвядзенне ідзе з часу работы галоўным урачом райбальніцы Аляксандра Ярмоленкі. Такі вопыт прыцягнуў увагу ўрачоў суседніх раёнаў. Стаўбцоўскую бальніцу «разрэкламавалі», і на начныя дзяжурствы ў Стоўбцы прыязджалі ўрачы з Дзяржынска, Карэліч, Навагрудка, Мінска. Для іх гэта магчымасць зарабіць дадатковую капеечку, а яшчэ – набыць каштоўны вопыт хірурга, што вельмі актуальна для маладых спецыялістаў. А малады хірург Яўгеній Крайнік нават пераразмеркаваўся з Дзяржынска і цяпер знаходзіцца ў штаце хірургічнага аддзялення стаўбцоўскай бальніцы.

І ўсё ж дайшла чарга сказаць пра самога Ігара Яхнаўца – кандыдата медыцынскіх навук, урача-флеболага, які прайшоў курсы па сасудахірургіі. Яшчэ не так даўно аперацыю на венах ніжніх канечнасцяў жыхары нашага раёна маглі зрабіць толькі ў абласной ці іншай сталічнай бальніцы, запісаўшыся на чаргу і прачакаўшы не менш за паўгода.

– Вузкая спецыялізацыя па сасудах мяне цікавіла даўно, яшчэ са студэнцкіх гадоў, гэта стала і тэмай кандыдацкай дысертацыі, – працягваем гутарку з Ігарам Анатольевічам. – Два гады  назад у нашай бальніцы было праведзена 10 аперацый па варыкозе вен, у мінулым годзе – 24, і амаль столькі ж – ужо на пачатку гэтага года. Прымяняем, наколькі дазваляе тэхнічная аснашчанасць нашай бальніцы, малаінавазійныя тэхналогіі, найменш траўматычныя для пацыента – з мясцовай анестэзіяй, высокім касметалагічным і хуткім аднаўленчым эфектам. Прайшоў спецыялізацыю па лазератэрапіі сасудаў. Такія аперацыі можна было б рабіць амбулаторна. Аднак выкарыстанне лазерных методык лячэння варыкозу вен патрабуе спецыяльнага абсталявання.

адносна таго, што  патрэбна хірургам нашай бальніцы, каб выкарыстоўваць сучасныя методыкі лячэння, пералік можна рабіць доўгі. Прыклад усім нам – выпадак, прыведзены ў пачатку артыкула, калі пацыенты з іншай вобласці здзейснілі мецэнацтва ў адносінах да нашай бальніцы. Хірургі звяртаюць увагу бізнесменаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і кампаній розных формаў уласнасці, што ў аддзяленні ёсць вялікая патрэба не толькі ў дарагім сучасным абсталяванні, але і ў якасных расходных матэрыялах. Напрыклад, у розных хірургічных заціскачках, пінцэтах без якіх пры пэўных аперацыях не абысціся. Тыя, што ёсць у карыстанні, нізкай якасці, могуць расчапіцца пры правядзенні аперацыі, і тады яна намнога ўскладняецца. Мецэнацтва заўсёды было яркай рысай людзей і вельмі ўпрыгожвала іх. З загадчыкам хіругічнага аддзялення Ігарам Яхнаўцом могуць звязацца тыя, хто мае магчымасць аказаць хоць якую спонсарскую дапамогу. Хірургі не застануцца ў даўгу перад пацыентамі. Як расказвае Ігар Анатольевіч, новы  апарат УГД, які паступіў у мінулым годзе па спонсарскай дапамозе, нарасхват урачамі. З дапамогай яго праводзіцца УГД сэрца, органаў брушной поласці. Гэты апарат высокага класа служыць добрую службу хірургам пры аперацыях на венах. Кожную аперацыю суправажае УГД-абследаванне  канечнасцяў ног. Як гаворыць Ігар Анатольевіч, ніводны выпадак пры варыкозе вен не паўтараецца, кожны пацыент – індывідуальны, са сваім «малюнкам» захворвання. Дыягнастычная апаратура вельмі дапамагае ўрачам правесці аперацыю з мінімальнымі затратамі часу і сіл.

што датычыць сіл урачоў, паглядзім на іх працу і з такога боку. Аперацыі доўжацца і па дзве-тры гадзіны, а то і даўжэй. Увесь гэты час хірургі знаходзяцца ў разумовым, псіхалагічным, фізічным напружанні. Яны ахвяруюць здароўем у імя іншага. Яны больш чым хто і самі падвяргаюцца захворванням на варыкоз вен. Акрамя планавых і экстранных аперацый, вядуць назіранне стацыянарных хворых, дзяжураць ноччу. Былі выпадкі, калі за месяц у хірургаў было па 12-14 начных дзяжурстваў. І гэта пры тым, што ім ніхто не адмяняў звычайны дзённы рэжым работы. Як аднавіць сілы хірургу? У гэтым могуць дапамагачы і пацыенты – быць удзячнымі ўрачам, цярпімымі і цвёрда перакананымі, што прафесія ўрача была і застаецца самаахвярнай і самай высакароднай – гэта асаблівы дар ад Бога.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *