Якім будзе «разліў»?

Нумары Спорт

У адрозненне ад штогадовай прыроднай веснавой з’явы шырыня «разліву» ачковых набыткаў футбольнага клуба, які носіць імя вялікай ракі, вызначыцца пазней. Ці здолее каманда «Нёман-Агра» і сёлета ўтрымацца на перадавых пазіцыях у спаборніцтвах на першынство вобласці? Будзем спадзявацца на станоўчы адказ.

Чэмпіянат Міншчыны стартуе ў маі. Пакуль жа футбалісты рады сабрацца разам, правесці трэніроўкі, праверыць свае сілы ў сустрэчах з сапернікамі.

Добрая нагода была падчас правядзення турніру «Вясна-2014». На стадыёне «Юнацтва» выступалі каманды з Баранавіч – ФК «Баранавічы» і «Колас», з Дзяржынска – «Лівадзія» і наша «Нёман-Агра».

Пахваліцца вынікамі пакуль не выпадае. Наша каманда ўступіла «Лівадзіі» – 1:4, ФК «Баранавічы» – 1:3. А ў матчы з «Коласам» галоў было забіта ажно адзінаццаць. Госці правялі іх сем, а стаўбчане – чатыры. У выніку каманда «Колас» заняла першае месца ў гэтым турніры. Прытым калектыў, які будзе ўпершыню выступаць у першынстве рэспублікі, перамог і сапернікаў, даўно ўжо «прыпісаных» да другой лігі чэмпіянату Беларусі.

Кожнаму свая дарога. А таварыскія гульні маюць больш трэніровачнае прызначэнне, служаць праверкай сіл перад адказнымі спаборніцтвамі. Таму балельшчыкаў асабліва цікавілі ў сёлетнім сезоне састаў і спартыўная форма нашай каманды. Здаецца, большасць асноўных ігракоў у страі. Так, вароты пазменна абаранялі Сяргей Коржык, Вадзім Уставіч, Дзмітрый Калоша. У абароне і паўабароне дзейнічалі Аляксей Дзягель, Арцём Сукала, Павел Жыбуль, Уладзіслаў Гарохавік, Алег Каракін і іншыя рабяты. У нападзенні разам з Дзмітрыем Даўбейкам усе рады былі бачыць Аляксея Рудзянка. Памятаюцца бамбардзірскія здольнасці маладога футбаліста, няхай жа яны прымнажаюцца. Ёсць спадзяванні і на майстарскае папаўненне. Добра, калі і на сёлетні сезон хопіць жадання і «спартыўнага пораху» Анатолю Ціханчыку, каб і сёлета ён стаў самым выніковым нападаючым першынства вобласці.

І, зразумела, надзея на выхаванцаў мясцовых спартшкол. Практыка паказвае, што плён будзе тады, калі энтузіязм маладых спалучаецца з вопытам спрактыкаваных спартсменаў. Футбольнаму клубу для паспяховага выступлення неабходна і матэрыяльная падтрымка.

НА ЗДЫМКАХ: гульнявыя моманты турніру.

Ф. ФЯДОТАЎ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *