«Пачаць трэба з малітвы…» Протаіерэй Дзіянісій Пясецкі аб тым, як навучыцца жыць цвяроза

Главное Культура

У рамках фестывалю праваслаўнай культуры «Кладезь» духоўна-асветніцкага праекта Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра былі арганізаваны гутаркі, сустрэчы ў калектывах з рознымі катэгорыямі людзей. Адну з іх у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама з асобамі, якія стаяць на ўліку ў РАУС, правёў протаіерэй Дзіянісій Пясецкі, кіраўнік Каардынацыйнага аддзела па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагалізму Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гонар святога мучаніка Ваніфацыя, дырэктар Мясцовага хрысціянскага  дабрачыннага фонду «Бацькі за цвярозасць», настаяцель мінскага прыхода храма іконы Божай Маці «Неўпіваемая Чаша».

У прамежку часу перад наступнай гутаркай з выхаванцамі аздараўленчага лагера «Нёман» айцец Дзіянісій даў інтэрв’ю нашай газеце.

–       Айцец Дзіянісій, вы шмат гадоў несяце высокае паслушанне ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, узначальваючы Каардынацыйны аддзел па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагалізму. Як можна коратка акрэсліць асновы дзейнасці аддзела?

–       Праваслаўная Царква мае аддзелы па рабоце з рознымі групамі – моладдзю, пажылымі людзьмі, інвалідамі і да т. п. Наш аддзел існуе для таго, каб аказваць дапамогу залежным людзям. Праводзячы падобныя духоўна-асветніцкія гутаркі, бачу задачу паказаць спецыфіку гэтай залежнасці, таму што любая залежнасць – гэта не свабода, наадварот – адсутнасць свабоды, чалавек даводзіць сябе літаральна да рабства. Алкагалізм – гэта цяжкае захворванне. Ён не выбірае ні прафесіі, ні нацыянальнасці, ні ўзросту, гэтая праблема можа закрануць любога чалавека. У залежнага ўсё жыццё будуецца вакол алкаголю. І выхад адзін – навучыцца жыць цвяроза. Аднак справіцца чалавеку аднаму з гэтай залежнасцю, якая мяняе свядомасць, немагчыма. Ёсць спецыялісты, якія могуць аказаць у гэтым дапамогу. І Праваслаўная Царква ўзвышае свой голас у абарону цвярозасці.

–       З якога кроку чалавеку патрэбна пачаць шлях да цвярозасці?

–       Прызнаць, што ў яго ёсць праблема. Чалавек павінен адчуць, што ён слабы, без дапамогі Божай не можа нічога зрабіць. Для гэтага патрэбна пакарыцца, сказаць Богу: «Госпадзі, я магу піць, але не магу не піць. Дапамажы мне сёння не піць». І тады ўступае Гасподзь сваёю сілаю. Дзень прайшоў, і чалавек не выпіў. Назаўтра ўстае і просіць Бога дапамагчы не піць і сёння. Так глядзіш – і сёння атрымалася не выпіць. Вось і месяц прайшоў у цвярозасці. У нядзельны дзень патрэбна ісці ў храм. Любая залежнасць датычыць не толькі цела, але і нашай душы, ва ўсіх людзей на зямлі ёсць душа. Усіх нас Гасподзь любіць і ўсім нам даў свабодную волю. Каб наша цела добра функцыянавала, мы павінны яго карміць і абмываць. Аднак і душу нашу патрэбна сілкаваць – у Таінствах Споведзі і Прычасця.

–       Якія ёсць арганізацыі, што могуць аказаць дапамогу людзям, хворым на алкагалізм?

–       Выпіваць можна ў адзіночку, а застацца цвярозым у адзіночку немагчыма. Патрэбна ісці ў аб’яднанне цвярозых людзей. На сучасны момант існуюць аб’яднанні ананімных алкаголікаў. Гэта неканфесіянальныя арганізацыі. Яны часцей існуюць самастойна ці пры сацыяльных, медыцынскіх установах. У такіх суполках людзі дзеляцца вопытам асабістага шляху ад алкагольнай залежнасці да цвярозага жыцця. Пры некаторых храмах таксама ёсць праваслаўныя групы. У нашым храме іконы Божай Маці «Неўпіваемая Чаша», які знаходзіцца ў Мінску па вул. Мендзялеева, 2, існуюць праваслаўныя групы: для залежных – «Лесвіца», якая збіраецца кожны панядзелак у 19 гадзін, для іх родных – «Жыватворная крыніца», якая працуе па чацвяргах.

–       Чаму важна працаваць і з членамі сям’і?

–       Агульнавядомы факт, што праблема алкагалізму –  сямейная, яна датычыць усіх членаў сям’і. Блізкія залежнага не могуць заставацца ўбаку, калі побач гіне іх родны чалавек. Усімі сіламі яны імкнуцца яму дапамагчы, часам абцяжарваючы праблему, таму што ў іх няма патрэбных ведаў, як граматна і правільна весці сябе ў гэтай сітуацыі. Калі спытаць у залежнага чалавека, хто ў яго самыя грозныя ворагі, то ён адказвае, што яго блізкія ў сям’і. Таму пажадана, каб жонкі, маці прыходзілі ў праваслаўную групу і ўбачылі іншых жонак, маці, у якіх атрымалася заняць правільную пазіцыю і дапамагчы свайму роднаму стаць на шлях цвярозасці. Родныя могуць зматываваць залежнага ад алкаголю на выздараўленне сваімі правільнымі паводзінамі.

– Айцец Дзіянісій, ці бываюць у вашай пастырскай практыцы выпадкі такіх цудаў, калі чалавек беззваротна стаў на шлях выздараўлення?

–       Кожны з родных хворага на алкагалізм павінен разумець, што сваімі сіламі, сваім жыццёвым вопытам мы не можам дапамагчы. Не трэба ісці паперадзе Бога, разважаючы, маўляў, мы самі ведаем, куды яго весці, куды нам падацца. Нельга недаацэньваць духоўнай складальнай. Пачаць патрэбна з малітвы да Госпада, прасіць, каб Ён дакрануўся да сэрца блізкага чалавека, горача памаліцца аб гэтым перад іконай Божай Маці «Неўпіваемая Чаша». Змяненне сэрца магчыма толькі з дапамогай малітвы. І калі Гасподзь пакладзе на сэрца гэтаму чалавеку і ён сам прызнае, што праблема ў яго ёсць, што сам ён бяссільны перад ёю, тады родныя павінны ведаць адрасы і падказаць месцы, дзе яму могуць дапамагчы. Ёсць сайт ананімных алкаголікаў, куды можна звярнуцца. Вам падкажуць, як лепш дабрацца да найбліжэйшай групы, яны працуюць па ўсёй Беларусі. У свяшчэнніцкай практыцы мы назіраем, як ачышчаецца чалавек у Таінствах Споведзі і Прычасця. Калі чалавек прыходзіць на споведзь, ён можа падзяліцца сваёй тугою, раздражненнем, крыўдай на блізкіх, можа аб усім расказаць Богу і атрымаць аблягчэнне, суцяшэнне. Адбываецца сапраўдны цуд у дзіўных падзеях. І многія гавораць, што іх жыццё пачалося не з моманту фізічнага нараджэння, а як бы адбылося іх другое нараджэнне ў цвярозасці. Яны па-іншаму пачынаюць бачыць свет і ўсё ў ім, аздараўляюцца адносіны ў іх сем’ях, знаходзіцца работа. І гледзячы на іх, шчаслівых, ніколі не скажаш, што пяць-шэсць гадоў таму ў іх былі такія цяжкія праблемы, крайні стан. Гэта ўмацоўвае ў веры і мяне асабіста.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *