Браты Рыгор і Міхаіл Мамайкі – уладальнікі медалёў «За працоўныя заслугі»

Соцыум

У новым навучальным годзе працягнуцца заняткі ў клубе «Абаронца Айчыны», які шмат гадоў працуе на базе СШ № 3 у г. Стоўбцы і збірае вакол сябе падлеткаў раёна. 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, выхаванцы клуба разам са сваім кіраўніком Рыгорам Мамайкам выйшлі на гарадскі стадыён з паказальнымі выступленнямі. Кіраўнік клуба быў у ролі спарынг-партнёра,  і ў пачатку ўрачыстасці яму выпаў гонар вынесці сцяг Стоўбцаў.

Заўсёды і паўсюдна Рыгор Андрэевіч, як і яго брат Міхаіл Андрэевіч, – у акружэнні моладзі. Яно і зразумела, бо абодва працуюць настаўнікамі фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі – у СШ № 3 г. Стоўбцы і Любкаўшчынскім ВПК дзіцячым садзе – сярэдняй школе адпаведна. Кожны з іх – яшчэ і трэнер. Штодзённай працай яны дасягаюць разам са школьнікамі высокіх спартыўных вынікаў і, адначасова, выхоўваюць з іх сапраўдных мужчын, грамадзян Беларусі. Братам Мамайкам, якія прайшлі ў свой час армейскую службу ў гарачай кропцы – Рэспубліцы Афганістан, грамадзянскай актыўнасці ды пачуцця патрыятызму не займаць… Ужо шмат гадоў Рыгор Мамайка ўзначальвае раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», пад эгідай якой і дзейнічае клуб «Абаронца Айчыны».

Работа, якую праводзяць воіны-інтэрнацыяналісты Рыгор і Міхаіл Мамайкі, значная і ўнікальная ў маштабах рэспублікі, таму невыпадкова, што менавіта кіраўніцтва Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане парупілася аб тым, каб да іх баявых медалёў «За адвагу» і «За баявыя заслугі» дабавіліся і мірныя.

Летась старшынёй савета гэтай грамадскай арганізацыі генерал-маёрам В. У. Гайдукевічам (ён з’яўляецца і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь) Рыгор і Міхаіл Мамайкі (дарэчы, іх воінскае званне – маёры ў адстаўцы) былі прадстаўлены да высокіх дзяржаўных узнагарод. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 2018 года іх уклад у справу патрыятычнага выхавання моладзі адзначаны медалямі «За працоўныя заслугі». Уручэнне праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам прэм’ер-міністра краіны Сяргея Румаса.

– Якія планы напярэдадні новага навучальнага года? – цікавімся ў Рыгора Мамайкі.

– Рыхтуемся з членамі клуба да турніру ў Расійскай Федэрацыі, таксама будзем у сябе прымаць расіян. Дарэчы, яны, калі даведаліся пра ўзнагароджанне мяне з Міхаілам Андрэевічам, тэлефанавалі з віншаваннямі. Наш клуб – адзіны ў рэспубліцы, у якім з падлеткамі займаюцца армейскім рукапашным боем. Мае выхаванцы выступаюць таксама на спаборніцтвах па панкратыёне.

Працягнем развіваць сярод моладзі патрыятычны напрамак дзейнасці. Выклікае гонар, што выхаванцы клуба ў будучым папаўняюць рады праваахоўных органаў. У гэтым годзе парадаваў хлопец з валявым характарам Дзяніс Дземідовіч. Пасля Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча ён паступіў у Акадэмію МУС. 9 Мая, у Дзень Перамогі, браў удзел у парадзе ў г. Мінску. Гэта асабліва прыемна ўсведамляць, таму што сваіх выхаванцаў я не кідаю і пасля школы, вяду іх па жыцці.

Майму брату таксама ёсць чым пахваліцца. Міхаіл Андрэевіч падрыхтаваў з ліку вучняў Дзераўнянскай школы каманду, якая выступіла на чэмпіянаце рэспублікі па валейболе і ўвайшла ў пяцёрку наймацнейшых. Тройчы з вучнямі сваёй школы ён станавіўся пераможцам чэмпіянату па піянерболе сярод школьнікаў рэспублікі.

– У вас моцны падмурак для дапрызыўнай падрыхтоўкі. Якія планы ў гэтым напрамку?

– Будзем працягваць напрацоўкі. Матэрыяльная база створана, яна запатрабавана і іншымі школамі раёна. Штогод у нас праходзяць вучэбна-палявыя зборы для школьнікаў. Вы б бачылі, як гараць у дзяцей вочы, калі яны трымаюць зброю, вучацца страляць!.. Па выніках збораў сумесна з райваенкаматам узнагароджваем лепшых навучэнцаў граматамі.

Разам мы вырашаем агульныя задачы. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць за падтрымку і дапамогу райвыканкаму, райаддзелу міліцыі, раённаму ваеннаму камісару, камандзіру 25-га Арсенала, раённай арганізацыі КПБ, раённаму савету ветэранаў. Мае былыя выхаванцы Дзмітрый Скачко і Юрый Мазур (на цяперашні час – супрацоўнікі райаддзела міліцыі і Стабцоўскіх электрасетак адпаведна) аказваюць мне дапамогу ў вольны ад работы час як трэнеры.

– Напэўна, цяпер  ідзе набор у клуб «Абаронца Айчыны»?

– Каб трапіць у клуб, існуе запіс жадаючых. Сёлета прыйдзе 8-10 новых выхаванцаў. Яны ўжо чакаюць пачатку заняткаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *