Наталля Наркевіч атрымала міжнародны  сертыфікат выкладчыка англійскай мовы

Адукацыя Главное

Простая настаўніца звычайнай агульнаадукацыйнай школы атрымала права выкладаць свой прадмет ва ўсіх краінах свету, атрымаўшы міжнародны  сертыфікат выкладчыка англійскай мовы. Для гэтага яна (па ўласным жаданні) здала кембрыджскі экзамен CAE і TOЕFL у консульстве ЗША ў Беларусі.

Настаўніца гэтая працуе ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы, мае педагагічны стаж 13 гадоў. Завуць яе Наталля Наркевіч. Аб міжнародным сертыфікаце выкладчыка мы б не даведаліся, калі б не зацікавіліся гэтым педагогам, які на цэнтралізаваным тэсціраванні сёлетнім летам стаў «стабальнікам». Так па ўласнай ініцыятыве Наталля Міхайлаўна вырашыла яшчэ раз праверыць свае веды. На нашу просьбу аб сустрэчы доўга не згаджалася, сказала, што тут няма ніякага подзвігу.

У размове з ёю раскрываецца цікавы чалавек. Наталля Цвік (дзявочае прозвішча) – выпускніца сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы, паспяхова закончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і нязменна працуе ў сярэдняй школе № 3 г. Стоўбцы. Выкладае ва ўсіх класах, пачынаючы з трэцяга. У кожным класе бачыць свае задачы, спосабы выкладання англійскай мовы, каб дасягнуць канчатковай мэты – выпусціць вучняў, якім няцяжка будзе здаць гэты прадмет на высокія балы на выпускным экзамене і на цэнтралізаваным тэсціраванні.

І ўсё ж наша размова «круціцца» вакол гэтых 100 балаў, якія так нялёгка атрымаць абітурыенту.

–       Гэта гісторыя не пра сто балаў, – прыадкрывае свой унутраны свет Наталля Міхайлаўна. –Гэта гісторыя аб матывацыі, аб тым, што патрэбна працаваць над сабою, пастаянна развівацца, расці, удасканальваць свае чалавечыя якасці і прафесіянальныя кампетэнцыі. Перад новым навучальным годам станоўчыя эмоцыі, атрыманыя мною на экзаменах, сертыфікаты, што пацвярджаюць адпаведнасць міжнародным стандартам, даюць мне права ўпэўнена прыйсці ў клас, ведаць, што мае вучні маюць доступ да сучаснай і якаснай адукацыі. Нельга мяняць вакол сябе ўвесь свет, патрэбна пачаць з таго, каб мяняць сябе. Праблема нашых дзяцей у тым, што іх часта акружаюць стомленыя і сумныя людзі, таму нярэдка ідэалам для іх становяцца задаволеныя і ўсмешлівыя блогеры. Гэта гісторыя і аб тым, што патрэбна павышаць прэстыж нашай прафесіі ў вачах грамадскасці. Мне пашчасціла працаваць з такімі неардынарнымі, цікавымі, творчымі людзьмі, з такімі глыбамі ў педагогіцы, як былы дырэктар нашай школы Лянцэвіч Міхаіл Іванавіч і настаўнік інфарматыкі Радзіон Уладзімір Сяргеевіч, абодва светлай памяці. Для мяне гэта быў такі зарад на інтэлектуальную работу, гэта дало мне магчымасць зразумець, што задача настаўніка не «напічкаць», а запаліць, матываваць вучня на самастойны выбар. Для мяне на ўсё жыццё застанецца дарагім і светлым дзень 1 верасня ў бацькоўскім доме. Мой тата заўжды купляў торт, таму што гэта было свята для маёй мамы, педагога па адукацыі, Цвік Галіны Аляксандраўны, светлай памяці, і нас, дзяцей. Я баюся згубіць гэты свет, імкнуся захаваць яго ў сваіх адносінах да маёй прафесіі. І стараюся, каб гэта адчулі мае вучні, каб ён ім перадаўся. Я хачу, каб у іх жыцці быў надзейны маяк, які накіруе іх толькі да стваральнага і добрага.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *