Дзяніс Колясень правёў дыялог з жыхарамі вуліцы Цэнтральнай г. Стоўбцы

Афіцыйна Важное

Сустрэчы з насельніцтвам, прамыя тэлефонныя лініі ўжо сталі звыклай магчымасцю ўзняць набалелыя пытанні перад кіраўніцтвам райвыканкама для любога жыхара Стаўбцоўшчыны. Для прадстаўнікоў улады гэта самая аператыўная форма работы з насельніцтвам.

У мінулую суботу, 7 верасня, дыялог з жыхарамі вуліцы Цэнтральнай г. Стоўбцы вёў старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Колясень.

Гарадская вуліца Цэнтральная размешчана ў раёне сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы, таму ў асноўным усе пытанні былі наконт добраўпарадкавання дарог вакол школы, асвятлення вуліц, элементарнай культуры як вучняў, так і дарослых. Да старшыні райвыканкама звярталіся з надзеяй на вырашэнне надзённых бытавых праблем, якія тычыліся двароў і пад’ездаў. Людзям хочацца палепшыць тое, з чым яны сутыкаюцца, выходзячы з кватэры на вуліцу.

Жыхары дома № 3-а па вул. Цэнтральнай паднялі пытанне добраўпарадкавання пешаходнай дарожкі каля іх дома і работы каналізацыйнай сістэмы ў доме, у прыватнасці ў падвале пад’езда № 1 дома № 3-а.

Адразу ж пасля сустрэчы камісія ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Цывакі і дырэктара Стаўбцоўскага АКС Дзмітрыя Мурына выехала на месца, былі прыняты канкрэтныя рашэнні па ўхіленні недахопаў. Жыльцы дома № 3-а па вул. Цэнтральнай атрымаюць пісьмовы адказ райвыканкама аб тэрмінах унясення ў пералік рамонтных работ пешаходнай дарожкі каля іх дома.

Таксама падымалася пытанне добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі (пешаходнай дарожкі) і да дома № 8-а па вул. Цэнтральнай.

Жыхароў вуліцы Цэнтральнай хвалююць і пытанні асвятлення тэрыторыі вакол СШ № 3 г. Стоўбцы, дома № 3 па вул. Энгельса.

На сустрэчу са старшынёй райвыканкама прыйшлі і жыхары вул. Міру г. Стоўбцы. Яны таксама паднялі пытанне асвятлення дарогі каля індывідуальных гаражоў у раёне СШ № 3, бо дзеці вяртаюцца дамоў са школы па гэтай пешаходнай дарожцы ў вячэрні час.

Данае пытанне ўзята на кантроль супрацоўнікамі РАУС і райвыканкама. Дзяніс Колясень запэўніў, што да 15 кастрычніка на даным участку дарогі будзе наладжана асвятленне.

Грамадзяне Ц. і Д. паднялі пытанне культуры паводзін як падлеткаў, так і дарослых. Яны расказалі, што падчас перапынкаў вучні бягуць на перакур у пад’езды дамоў, якія размешчаны паблізу школы, выкідваюць паперкі ад цукерак проста пад ногі. А можна яшчэ ўбачыць і такі малюнак: з акна кватэры на вуліцу ляціць бытавое смецце, бо камусьці не хочацца спускацца на першы паверх. Вось вам і прыклад для падрастаючага пакалення.

Гаварылася і аб тым, што можна пачуць брыдкаслоўе і на школьным стадыёне, і на гарадскім.

Што тут хочацца сказаць? Напэўна, трэба пачынаць з сябе, са сваіх дзяцей, унукаў,  не быць абыякавымі да праблем выхавання не толькі моладзі, але і дарослых. Не трэба займаць такую пазіцыю: «Мая хата з краю: нічога не бачу і не чую». А ўсе хочуць жыць у прыгожым, чыстым, культурным горадзе.

Што радуе? Тое, што ў нас ёсць людзі, якія гатовы дапамагаць наводзіць парадак і нават прапаноўваюць свае кандыдатуры ў члены дабравольнай дружыны.

Яшчэ адно пытанне, якое ўдакладнілі жыхары данага мікрараёна, – калі пачнецца будаўніцтва чацвёртай сярэдняй школы ў горадзе. Дзяніс Колясень растлумачыў, што ўжо вызначана праектная арганізацыя і рыхтуецца дагавор для ўключэння ў праекціроўку. Пачатак будаўніцтва запланаваны на 2020 год.

Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня райвыканкама адзначыў: «Канчатковы вынік нашай работы – стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей. Мы імкнёмся працаваць для таго, каб у нас як мага менш было болевых пунктаў. Для гэтага і праводзім такія сустрэчы, каб быць на пастаяннай сувязі з людзьмі, каб пачуць іх праблемы і вырашыць іх… Самае галоўнае ў нашай рабоце – гэта не быць абыякавымі».

Нэлі АСТРЭЙКА,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *