«Рабочы дзень пачынаецца ў 04.25». Аператары сувязі аб штодзённай працы

Соцыум

Рабочы дзень у аператара сувязі Таццяны Шык, сартавальніцы Таццяны Стадольнік пачынаецца ў 04.25. Менавіта ў такую раннюю пару прыходзіць у Стоўбцы паштовая машына, якая дастаўляе з Мінска пісьмы і пасылкі, свежую прэсу. На прыём іх адводзіцца ўсяго 15 мінут. «Стараемся з графіка не выбівацца, каб не затрымліваць іншых», – гаворыць Таццяна Шык. Са Стоўбцаў  машына з белай паласой накіроўваецца далей па маршруце ў іншыя раёны.

Апрацоўвае міжнароднае адпраўленне Таццяна Шык

Таццяна Шык або яе напарніца Таццяна Хітрык аператыўна выконваюць  абавязкі па прыёмцы, каб адразу пасля яе прыступіць да асноўнай работы – сартавання паштовай карэспандэнцыі па аддзяленнях сувязі. Пазней пачнецца апрацоўка іншай карэспандэнцыі – якая ўчора была дастаўлена з аддзяленняў сувязі раёна.

– На пісьме абавязкова чытаю адрас, каб быў правільна напісаны. Правяраю таксама вагу і кошт наклееных марак, – каменціруе Таццяна Шык свае дзеянні.

У суседнім памяшканні Таццяна Стадольнік ужо завяршыла сартаванне газет і часопісаў па напрамках іх дастаўкі. Яна кажа: «Кожны дзень па-рознаму. Самы цяжкі для мяне – пятніца, калі многія рэспубліканскія газеты выходзяць у павялічаным аб’ёме».

Таццяна Стадольнік – за сартаваннем перыядычных выданняў

Не зважаючы на складанасці, ужо ў 07.30, як правіла, усе газеты і часопісы рассартаваны па маршрутах і гатовы да адпраўкі падпісчыкам.

Мы сустракаемся з паштовымі работнікамі ў разгар рабочага дня ў аўторак, фактычна пасля выхадных (у паштавікоў імі з’яўляюцца нядзеля і панядзелак).

– Сёння напружаны дзень. Па аўторках паступае больш, чым у якія іншыя дні, паштовай карэспандэнцыі, – тлумачыць начальнік групы апрацоўкі і абмену пошты Стаўбцоўскага ўчастка паштовай сувязі Галіна Пякарская.   

– Галіна Міхайлаўна, вашы калегі прыходзяць яшчэ зацемна. Гэта накладвае адбітак на сям’ю, уклад жыцця. Што дапамагае ў вашай рабоце?

– Энтузіязм! Да ранняга графіка прывыклі. Галоўнае – склаўся добры калектыў. Людзі падабраліся адказныя, згуртаваныя. Кожны ведае сваю работу. У аператара сувязі Таццяны Хітрык, да прыкладу, больш чым 15-гадовы стаж. Таццяна Шык працуе ў нас трэці год. Яна з дынастыі паштавікоў – некалі на гэтай пасадзе, на якой працую я, быў яе бацька. Таццяна Стадольнік на пошце апошнія два гады, але раней на працягу 23 гадоў шчыравала аператарам вузла электрасувязі.

Дадам, што спецыфіка работы паштавікоў заключаецца не толькі ў раннім графіку. У нас ён і двухзменны. Чаргуем аператарам першую і другую змены праз тыдзень, каб нікому не было крыўдна. У другую змену, якая доўжыцца да 19.30,  аператар апрацоўвае і рыхтуе да адпраўкі паштовыя адпраўленні, якія паступаюць з аддзяленняў сувязі раёна. Да слова сказаць, на даны момант у нас ёсць і вакантная пасада аператара, запрашаем жадаючых…

– Калі прыгадаць работу на пошце сёння і раней, якія адрозненні?

– Адрозненні кардынальныя. Цяпер мы маем інфармацыю адносна любой заказной карэспандэнцыі, можам адсачыць яе шлях у маштабах рэспублікі з дапамогай цэнтралізаванай сістэмы. Пры неабходнасці пісьмо ці пасылку зусім нескладана адшукаць. Згубіцца яны ўжо не могуць.

– Кліент задаволены, і вы таксама адчуваеце сваю запатрабаванасць. Усміхаецеся, хоць і работа не з лёгкіх. 

– Настрой добры. Адзін аднаго падтрымліваем. Заўсёды з усмешкай. А як інакш?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *