Чарговая сустрэча каманды «Нёман-Агра» не прынесла ачковага прыбаўлення

Важное Спорт

Чарговая сустрэча каманды «Нёман-Агра» ў турніры другой лігі рэспубліканскага першынства не прынесла нашым футбалістам ачковага прыбаўлення. Іх сапернік «Белшына-2», як зразумела і з назвы, не першая каманда ў Бабруйску. Галоўная «Белшына» займае другое месца ў першай лізе і рашуча прэтэндуе на вяртанне ў наступным сезоне ў мацнейшы дывізіён. «Белшына-2» у турнірнай табліцы другой лігі размясцілася на дзявятым радку. І ўсё ж спартыўныя рэзервы больш як статысячнага Бабруйска значна багацейшыя, чым у стаўбчан, у якіх сёлета іншагародніх «гастралёраў» практычна няма.

Нёманцы ў першым тайме сустрэчы ў Бабруйску трымаліся дастойна. Лік адкрылі гаспадары поля. Неўзабаве рэальны шанц дабіцца поспеху атрымалі і нашы футбалісты. Сапернікі парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы. Аднак забіць гол з адзінаццаціметровага ўдару стаўбчане не змаглі. Зраўнялі лік нашы на 50-й мінуце гульні. І далей не скарысталі некалькі выгадных момантаў.

А вось настойлівыя і ўдалыя дзеянні бабруйчан прынеслі ім поспех. У апошнія 15 мінут сустрэчы яны забілі тры галы. У выніку – перамога каманды «Белшына-2» з лікам 4:1.

«Нёман-Агра» застаецца на апошнім месцы ў турнірнай табліцы. Аднак галоўны трэнер каманды Дзмітрый Даўбейка сцвярджае, што калектыў не здаецца і мае намер у далейшым даць бой сапернікам. Спрактыкаваных удзельнікаў засталося няшмат, многія ігракі, якія складалі касцяк стаўбцоўскай дружыны, гуляюць цяпер за іншыя каманды. Маладыя ж набіраюцца вопыту, стараюцца на трэніроўках. Што ж, крылы мацнеюць у палёце.

Другая каманда са Стоўбцаў – «Нёман-ДЮСШ» – выступае ў чэмпіянаце Мінскай вобласці. На першым этапе ў падгрупе з васьмі ўдзельнікаў юныя нёманцы занялі пятае месца. А каб трапіць у фінал, дзе і вядуцца цяпер паядынкі за званне чэмпіёнаў Міншчыны, патрэбна было размясціцца на пазіцыі не ніжэй за чацвёртую. Для вызначэння выніковага турнірнага становішча праводзяцца яшчэ стыкавыя матчы.

Сапернікам стаўбчан тут сталі футбалісты з Радашковічаў. У першым матчы ў Радашковічах была зафіксавана нічыя – 2:2. А вось на стадыёне «Юнацтва» заўзятары футбола ўбачылі град галоў. 7:0 на карысць нашых футбалістаў – такая пераканаўчая перамога. Не кажыце, што гульня не таго рангу. Галы, праведзеныя ў вароты сапернікаў, заўсёды радуюць. Што датычыць турнірнага выніку калектыву, у якім пераважна юныя футбалісты (але і вопытныя вядуць рэй, у прыватнасці гуляючы трэнер Дзмітрый Даўбейка), то і ён нядрэнны. Дзявятае месца ў чэмпіянаце Мінскай вобласці з 16 удзельнікаў. Далей будзе лепш? Спадзяёмся!

Цяпер жа каманда «Нёман-Агра» працягвае турнірны шлях у другой лізе чэмпіянату рэспублікі. Сёння на стадыёне «Юнацтва» сапернікам стаўбчан стане калектыў з Пінска. Пачатак гульні – у 13.00.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *