Кіраўніцтва райвыканкама сустрэлася з жыхарамі інтэрната па вул. Маторабудаўнікоў

Афіцыйна Главное

У  мінулы чацвер, 12 верасня, чарговая сустрэча з насельніцтвам прайшла ў інтэрнаце філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. На гэты раз кіраўніцтва райвыканкама абмяркоўвала надзённыя пытанні з жыхарамі інтэрната па вул. Маторабудаўнікоў, насельніцтвам мікрараёна Усходні г. Стоўбцы і в. Задвор’е.

Падчас сустрэчы найбольш актуальнай тэмай стала падача гарачай вады ў інтэрнат. Прычына яе адключэння – замена цеплатрасы для будаўніцтва новай кацельні. На цяперашні час усе работы да ўчастка інтэрната завершаны, іспыты паветрам праведзены. У суботу, 14 верасня,  гарачая вада зноў стала даступнай для жыхароў інтэрната. Аляксандр Цывака, намеснік старшыні райвыканкама, папрасіў прабачэння за часовыя нязручнасці. «Мы даную работу правялі своечасова, не зімой і не ранняй вясной. Далей плануецца ўстанаўленне магістральных труб ад інтэрната да кацельні. Таму ў канцы верасня або пачатку кастрычніка мы зноў адключым гарачую ваду, але толькі на суткі, каб злучыць цеплатрасы», – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.

Пытанне наконт забеспячэння гарачай вадой вырашана. А вось ці будзе абноўлена дарога, якая пацярпела змяненні падчас замены цеплатрасы? Намеснік райвыканкама запэўніў, што ўсё будзе адбудавана да першапачатковага выгляду: і плітка будзе на месцы, і газоны. Пасля заканчэння работы на данай тэрыторыі правядуць і ямачны рамонт. Аляксандр Мікалаевіч абмеркаваў з прысутнымі і прапанову кіраўніцтва філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы зрабіць тратуарную дарожку ад інтэрната да вул. Ленінскай. «Сёлета гэта немэтазгодна. Толькі завяршаецца замена цеплатрасы, а значыць, грунт яшчэ свежы. Трэба трохі пачакаць. У наступным годзе рэалізуем даную прапанову», – зазначыў намеснік старшыні райвыканкама.

Няхватка месцаў на стаянцы каля інтэрната і жаданне яе пашырыць – важная тэма для жыхароў вул. Маторабудаўнікоў. Тэрыторыя цяперашняй стаянкі з’яўляецца ўласнасцю філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, таму трэба звяртацца ў адміністрацыю данага прадпрыемства. У сваю чаргу прадстаўнік райвыканкама адзначае: «Рана ці позна, але мы прыйдзем да вырашэння гэтай праблемы, і вы зможаце не пакідаць сваю машыну на дарозе, дзе стаіць знак «Стаянка забаронена», а спакойна праязджаць далей».

Цікавіліся прысутныя і выдачай участкаў для будаўніцтва жылля. Аляксандр Цывака адзначыў, што цяпер ў раёне каля 300 свабодных участкаў. Некаторыя з іх знаходзяцца ў рэзерве, а некаторыя – аўкцыённыя. У планах – выдача каля 92 участкаў у мікрараёне Паўночны-1.

Адзін з жыхароў райцэнтра падняў пытанне, якое, здаецца, усхвалявала ўсіх аматараў аўтамабіляў. Гэта арганізацыя аўтамабільнага руху на скрыжаванні вуліц Цэнтральнай і Ленінскай у г. Стоўбцы. Іван Мамайка, начальнік Стаўбцоўскага РАУС, растлумачыў прысутным даную сітуацыю: «Гэтая праблема даўно абазначана. Мы працуем над тым, каб яе вырашыць. На цяперашні момант мы пашырылі праезджую частку, зрабілі дарожную разметку, каб можна было з паласы разгону перастройвацца. Гэтыя змяненні крыху знялі аўтамабільнае напружанне. У перспектыве мы плануем архітэктурнае рашэнне – устаноўку святлафораў.

Спектр пытанняў, на якія адказвалі прадстаўнікі райвыканкама, быў шырокі. Закраналася таксама тэма развіцця і далейшага будаўніцтва горада. Аляксандр Цывака растлумачыў: «Па генплане  арганізавана будаўніцтва дома па вул. Ленінскай, дзе 43 шматдзетныя сям’і атрымаюць жыллё. Цяпер у чарзе знаходзяцца каля 200 такіх сем’яў. Для 57 з іх будуць палепшаны жыллёвыя ўмовы. Пяць сем’яў ужо пабудавалі індывідуальнае жыллё, дзве – правялі пакупку на другасным рынку. Яшчэ дзве сям’і зрабілі рэканструкцыю жылля. У будучым плануем будаўніцтва па вул. Міру, 43 (каля стадыёна СШ № 3 г. Стоўбцы). Там будзе размешчаны дом на 70 кватэр. Яго аналаг – дом са шклянымі балконамі па вул. Міру, 41. Будаўніцтва плануем пачаць у гэтым годзе. Фундамент ужо закладзены. Верасень-кастрычнік 2020 года – прыблізная дата здачы дома. У цяперашні час вядзецца праектаванне жылога дома на 100 кватэр па вул. Маторабудаўнікоў (паміж царквой і новым дзіцячым садком), у якім каля 50 кватэр будуць адведзены для шматдзетных сем’яў. У 2020 годзе плануецца палепшыць і жыллёвыя ўмовы амаль 100 шматдзетных сем’яў г. Стоўбцы і Стаўбцоўскага раёна. У гэтым месяцы завяршаецца капітальны рамонт СШ № 3 г. Стоўбцы і працягваецца будаўніцтва новай кацельні».

Аляксандр Цывака адзначае, што падрадчык па будаўніцтве чацвёртай школы ў райцэнтры таксама ўжо абазначаны. Работы па праектаванні навучальнай установы будуць завершаны ў студзені 2020 года. «Калі фінансавыя сродкі ў Мінаблвыканкаме дазволяць арганізаваць працу, то і пачнём будаўніцтва ў наступным годзе».

Што тычыцца дарогі, цяпер праводзіцца карэкціроўка мікрараёнаў № 6 і № 7 г. Стоўбцы. Па яе выніках плануем пабудаваць дарогу па вул. Задворанскай з выездам на рэспубліканскую трасу. Гэта дапаможа разгрузіць вуліцы Цэнтральную і Міру ад габарытнага транспарту.

Чарговы раз прадстаўнікі ўлады ўважліва выслухалі пытанні і далі падрабязныя тлумачэнні на кожнае з іх. Такім чынам, праблемы абазначаны, метады вырашэння распрацаваны, застаецца іх ажыццявіць.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *