Маршруты асвяжыла вясна

Нумары Паездкі, экскурсіі

З пачаткам новага сезона прапануюцца цікавыя турыстычныя маршруты.

Сярод школьнікаў раёна распаўсюджаны “вытворчыя”, прафарыентацыйныя, экскурсіі. Не першы год рабяты ездзяць на шклозавод “Нёман” у Бярозаўку, на прадпрыемства “Белмастацкераміка” ў Радашковічы, дзе знаёмяцца з даўнейшай і важнай для нашых продкаў вытворчасцю. Як расказала вядучы спецыяліст службы аддзела перавозак аўтапарка № 17 Леаніда Высоцкая, экскурсіі на гэтыя заводы цікавыя перш за ўсё тым, што ў экскурсантаў ёсць магчымасць паспрабаваць усё сваімі рукамі, у тым ліку самому вылепіць з гліны сувенір. Акрамя таго, зваротны шляху з Бярозаўкі дапоўнены наведваннем краязнаўчага музея ў Навагрудку, а з Радашковічаў – знаёмствам з Заслаўем, з яго адметным музеем лесу.

Шмат заявак задавальняецца турыстычнай службай раёна на экскурсіі ў сталічныя тэатры і цырк, у Нясвіж (цяпер там працуе выстаўка мініяцюр з Санкт-Пецярбурга “Рускі ляўша”). Для школьнікаў падрыхтавана навінка – надзвычай цікавы і прыгожы тур у паўночную сталіцу Расіі. Экскурсійная праграма па адметных мясцінах Санкт-Пецярбурга разлічана на чатыры дні з мая па кастрычнік, яна вельмі зручная і бяспечная – без начных пераездаў, уключае ў сябе сняданкі і абеды і – немалаважна – вызначаецца даступным коштам.

Актыўна ідзе падрыхтоўка і да хуткага сезона адпачынку. У сувязі з нестабільнай сітуацыяй ва Украіне, большасць тураў пераарыентуецца на польскую Балтыку. Леаніда Высоцкая адзначае, што вядуцца перамовы адносна такіх аўтобусных маршрутаў як Рыга – Стакгольм, Рыга – Хельсінкі (з выкарыстаннем аўтобуснай тэхнікі аўтапарка № 17). Да кожнага кліента – індывідуальны падыход. Існуе гібкая сістэма скідак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *