«Панямонь». Чаму крыніцы называюць катламі?

Важное Панямонь Спецвыпускі «Праменя»

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Нядаўна  настаяцелем прыхода храма Сабора ўсіх беларускіх святых у аг. Шашкі протаіерэем Віталіем Шарковым была асвечана крыніца. Цікавая гісторыя гэтых крыніц, якія б’юць тут спрадвеку.

Гэтае месца нашы продкi называлi катламі, кiпетнямі, альбо кіпеценем. Знешне бачыцца, што вада тут кiпiць, як у катлах, але яна халодная, чыстая.

Крыніцы выбiваюцца з нетраў зямлi з чыстым жвірком, і не ў адным месцы. Цячэ ад iх рэчачка з вельмi чыстай вадой.

Пра гэта можна прачытаць у кнiзе польскага пiсьменнiка i фатографа Яна Булгака (кнiга знаходзiцца ў нашай зямлячкі Алены Шыманец). Па волi лёсу яму прыйшлося жыць у нашых мясцiнах у 1921–1939 гадах. Сам ён родам з Навагрудка, але яшчэ дзiцем прыязжаў да дзядзькi пана Хацiцкага ў 1880-х гадах. Ён ажанiуся з Анці Хацiцкай, iм выдзелiлi пасаг-зямлю каля Трысцянкi. І возера там называлi заўсёды Булгачышыным, бо яно было выкапана Янам Булгакам.

У кнiзе «Край майго дзяцiнства» апiсваецца пра Отмыт. Гэта месца, дзе  быў маёнтак, спачатку – Грынеўскiх, а потым – Хацiцкiх. Нават могiлкi панскiя засталiся – напалавiну з прыгоннымi сялянамi, а на месцы дома стаiць ферма з вадзяной вежай. Рэчачка, якая цячэ ад кiпетняў, называлася Отмыткай. Яна перакрывалася заставай, а далей стаяў млын. Месца гэтае было вельмi прыгожае: ад кiпетняў – рэчачка, азярцо перад заставай, млын, а на гары быў сад, дом з дваровымi пабудовамi блiжэй да рэчкі, сажалка, а вакол – алеі з кветнікамі. І вось гэтае месца называлася Отмытам. У кiпетнях вада адмывалася ад усякага бруду i цякла чыстая i вельмi халодная. Цяпер гэтая назва нiдзе не ўпамiнаецца. Катлы,  кіпецень – пакуль на вуснах старэйшага пакалення, а маладзейшыя гавораць – крынiцы. З цягам часу назвы «катлы» i «кiпецень» пойдуць у забыццё, як i Отмыт. Застануцца крынiцы, і няхай бы з гэтымі даўнімі мясцовымі назвамі.

Па благаславенні айца Віталія з дапамогай школы, людзей нашага аграгарадка, пасёлка Нёман месца вакол крыніц у катлах ачысцiлi ад ламачча, кустоў і ўсялякай звалкi cмецця. І цяпер туды ездзяць, бяруць ваду на Вадохрышча i так сабе на працягу года. Праўда, дарога да крыніц не вельмi добрая. Завёз туды i паставiў крыж  Уладзімір Кутас.  Крыж гэты стаяў у алтары царквы. Яго асвяцiў айцец Аляксандр, і цяпер ён знаходзіцца ў катлах, на кiпетнях. І, можа, хто-небудзь, набiраючы ваду, перахрысцiцца i падзякуе Богу за чыстую вадзiцу. Хто ведае, што нас чакае наперадзе.

Лiдзiя КАНДУХОВІЧ, аг. Шашкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *