У Стоўбцах выбралі лепшыя двары шматпавярховых дамоў

Главное

Па выніках конкурсу ў Стоўбцах названы лепшыя двары шматпавярховых дамоў, якія знаходзяцца на абслугоўванні АКС. У дзвюх намінацыях – лепшы двор каля двухпавярховых і каля трохпавярховых жылых дамоў – вылучаны пераможцамі, адпаведна, дом № 3 па вуліцы Сацыялістычнай і дом № 4-а па вуліцы Энгельса. Зразумела, добраўпарадкаваных стаўбчанамі прыгожых і ўтульных тэрыторый вакол шматпавярховых дамоў – значна больш. Каб паглядзець, што было створана гэтым летам, мы адправіліся ў падарожжа па дварах.

Не пазнаць двор каля дома № 3 па вуліцы Сацыялістычнай

Калі нехта бачыў тэрыторыю вакол дома № 3 па вуліцы Сацыялістычнай некалькі гадоў таму, той яе
сёння проста не пазнае. Цяпер гэта не нейкі агульны двор, незразумела чый, а ўтульны дамашні куточак, у якога ёсць гаспадары.  Апошнім часам тут поўнасцю змяніўся склад жыльцоў. Набылі кватэры адносна маладыя сем’і, вельмі дружныя, якія не пакінулі без увагі і свой двор. Агарадзілі яго дэкаратыўным плотам, паставілі альтанку. Стварылі ландшафтныя кампазіцыі. Высадзілі кветкі, яркія колеры якіх дакладна не дадуць засумаваць. Малайцы!

Дзіцячую гульнявую пляцоўку стварылі каля сябе жыльцы дома № 4-а па вуліцы Энгельса

Актыўна папрацавалі над добраўпарадкаваннем тэрыторыі і жыльцы дома па вуліцы Энгельса, 4-а. За вельмі кароткі тэрмін яны зрабілі шыкоўную дзіцячую пляцоўку. Кампактная, але з усім неабходным: альтанкай, горкай, забаўнымі атракцыёнамі… Створана гэта са звычайных спадручных матэрыялаў. Атрымалася не толькі практычна, але і прыгожа. Пажаданне жыльцам гэтага дома на наступны год – вось так жа ліха, як яны «закруціліся» з дзіцячай пляцоўкай, акультурыць і кветнік каля акон дома. Балазе першае месца, якое ім прысуджана, – выдатны стымул не спыняцца на дасягнутым.

Вынікі працы жыльцоў дома № 37 па вуліцы Чыгуначнай

Відавочным фаварытам конкурсу стаў двор па вуліцы Чыгуначнай, 37. У гэтым доме ў пачатку бягучага года Стаўбцоўскім АКС быў зроблены планавы капітальны рамонт, і жыльцы, са свайго боку, аддзячылі за гэта. Яны разважылі так: калі іх стагадовы дом стаў сучасным, то і двор не павінен быць занядбаным, з ямамі і лужынамі.

Асабліва актыўным аказаўся другі пад’езд дома. Жыльцы, не зважаючы на пенсійны ўзрост, сур’ёзна ўзяліся за справу. Папрасілі ў камунальнікаў падвезці зямлі для разбіўкі кветнікаў. «Калі мы ўбачылі імпэт жыльцоў, то прапанавалі ім тратуарную плітку, якая была ў карыстанні і прызначалася для вывазу на звалку», – гаворыць намеснік дырэктара Стаўбцоўскага АКС па жыллі Галіна Гараднік.

Плітка ўкладзена і добра глядзіцца на фоне газонаў і кветнікаў, на якіх з любоўю і фантазіяй жыльцоў зроблены яшчэ і мініяцюрныя фігуркі. Тэрыторыя абазначана дэкаратыўнай агароджай. Такім дваром можна ганарыцца!

Клумба ў выглядзе кубка ля дома № 25 па вуліцы Свярдлова

Традыцыйна, з году ў год, падтрымліваюць парадак у сваім двары і імкнуцца зрабіць яго адметным жыльцы дамоў № 81 па вуліцы Ленінскай, №№ 3-а і 11 па вуліцы Цэнтральнай, №№ 25 і 35 па вуліцы Свярдлова і іншыя. У многіх з іх жывуць людзі ва ўзросце, аднак яны не стаяць убаку. Да прыкладу, ля дома № 25 па вуліцы Свярдлова нам паказалі клумбы Таццяны Навіцкай і Ліліі Крамко, міні-клумбу ў выглядзе кубка Яніны Калінінай…

Ля дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай мы сустрэліся з Ядвігай Майзята, надзвычай актыўным і неабыякавым чалавекам. Тэрыторыю ля дома яна аздобіла экзотамі – рададэндранам, азаліяй, самшытам, гартэнзіяй, фарзіцыяй, пальмай юкай, вігелай, ружамі…  Цвітуць насаджэнні адно за адным і радуюць усіх на працягу сезона. На набыццё сартавога пасадачнага матэрыялу жанчына не шкадуе сваёй пенсіі. «Лепш я не з’ем чаго-небудзь, а набуду кветку», – з усмешкай прызнаецца Ядвіга Тадэвушаўна.

Ядвіга Майзята дзеліцца пасадачным матэрыялам і рэалізуе свае ідэі для ўсіх жыльцоў дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай

Аматар-кветкавод падзялілася элітным пасадачным матэрыялам, які ў яе ёсць, з суседняй СШ № 3, стаўбцоўскім касцёлам і выказала гатоўнасць даць яго і для аздаблення нашага горада.

Прыкладам можа служыць і тое, як Ядвіга Майзята з самай раніцы падмятае двор. Усе бардзюры і лавачкі ля пад’езда – ёю свежапафарбаваныя. У самім пад’ездзе Ядвіга Тадэвушаўна замаскіравала розныя хібы творчым спосабам – на гэтым месцы на сцяне намалявала птушак, звяроў. Яна і з жыльцамі працуе, каб не смецілі, падтрымлівалі парадак. І ўсё гэта – ад душы, па ўласным жаданні. «Гэта мая вуліца, – кажа жанчына. – Пакуль ёсць сілы – гатова працаваць. Ідэй у мяне многа. Адзінае пажаданне – каб ля пад’езда паклалі плітку ці асфальтнае пакрыццё. Тады зменіцца выгляд гэтай тэрыторыі».

Відавочна, што ўсім стаўбчанам, неабыякавым да выгляду сваіх двароў, неабходна сказаць дзякуй. Дзякуй за ідэі, актыўную пазіцыю і працу. У ходзе конкурсу наладжана больш цеснае ўзаемадзеянне паміж жыльцамі і камунальнікамі, што, безумоўна, паслужыць для агульнай карысці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

1 комментарий по теме “У Стоўбцах выбралі лепшыя двары шматпавярховых дамоў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *