Сёння раённая газета «Прамень» адзначае 80-гадовы юбілей

Главное Соцыум

Пры падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя раёнкі я некалькі разоў перагледзела альбом, газеты 70-90-х гадоў мінулага стагоддзя. З фотаздымкаў глядзяць маладыя, поўныя аптымізму людзі. За восем дзясяткаў гадоў змянілася не адно пакаленне журналістаў. Час бяжыць, застаецца толькі памяць ды пажоўклыя старонкі роднай газеты.

Я ўпэўнена, што ў рэдакцыі заўсёды працавалі нераўнадушныя людзі, адданыя сваёй справе. А справа журналісцкая не з лёгкіх. Гэта праца, як той канвеер. Трэба паспець усё: і сабраць факты, і напісаць, і вычытаць, і набраць, і звярстаць, і надрукаваць. Адзін аднаго нельга затрымліваць. Матэрыялы могуць і перапрацоўвацца некалькі разоў. Тут патрэбны цярпенне, уседлівасць, уедлівасць у кожны радок, кожнае слова. У той жа час без аптымізму, упэўненасці, без адказнасці за напісанае не абысціся. Кожны матэрыял, публікацыя павінны быць скрупулёзна падрыхтаванымі, каб закраналі за жывое, аналітычныя і… лірычныя.

Калі я прыйшла працаваць у рэдакцыю, то вельмі ўдзячна ўсяму калектыву, тым, з кім працавала раней, і тым, хто працуе побач сёння, за тое, што ўсялілі ў мяне любоў да цікавай прафесіі журналіста. Праўда, я яшчэ тады не ведала, што карэспандэнт – гэта не толькі новыя сустрэчы, цікавыя факты, гэта яшчэ і згустак нерваў, самадысцыпліна. Паверце, за прафесіяй журналіста, газетчыка стаіць вельмі цяжкая праца, самаахвярная.

Я вельмі рада, што ўдаецца захоўваць вернасць традыцыям. Сёння калектыў абнаўляецца, маладзее, хачу, каб гэта быў калектыў аднадумцаў, бо робім агульны прадукт – газету. Сапраўдныя майстры сваёй справы – Надзея Баталка, Святлана Жыбуль, Таццяна Пяткевіч. Цікавы творчы падыход да справы ў нашага маладога журналіста Ксеніі Рубін, якая старанна асвойвае азы і рэпарцёрскай справы, і работу на сайце, і на радыё.

Наватарскім мысленнем удасканальвання дызайна газеты валодаюць старшыя аператары электроннага набору і вёрсткі Наталля Клыгач і Аляксандра Глушко. Скрупулёзнасцю, граматнасцю выдзяляецца старшы карэктар Вольга Васільева.

Ужо шмат гадоў газета выходзіць на самаакупнасць. Граматна каардынуе работу ў даным накірунку галоўны бухгалтар Раіса Клімко. Пладатворча, з асаблівай працаздольнасцю працуе з рэкламадаўцамі спецыяліст па рэкламе Галіна Уласік. Свой уклад у паспяховую работу калектыва ўносіць і вадзіцель Віктар Варажун.

Асаблівыя словы падзякі за працу хачу сказаць нашым ветэранам: Фёдару Бандаровічу, Васілю Зянько, Лёнгіну Ваяводскаму, Ганне Бычынскай, Таццяне Шалькевіч, якія і сёння імкнуцца падтрымаць імідж «Праменя».

80-годдзе мы сустракаем з добрымі паказчыкамі ў рабоце. Галоўны з іх – гэта прызнанне чытачоў. Пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама нам удаецца захоўваць тыраж. У бягучым годзе ў намінацыі «Лепшыя друкаваныя СМІ Мінскай вобласці» мы занялі ІІІ месца. Пастаянны ўдзел ва ўсіх творчых конкурсах таксама прыносіць вынік. Толькі ў апошні час мы адзначаны Дыпломамі, як пераможцы конкурсу, у намінацыі «Прапаганда ведаў у вобласці забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва», за асвятленне пытанняў гісторыка-краязнаўчай, сацыяльнай тэматыкі, за творчы падыход ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі і інш.

Словы шчырай падзякі за супрацоўніцтва адрасую установам сацыяльнай сферы, аграпрамысловаму комплексу, праваахоўным органам, асаблівая падзяка УА «Дзераўнянская СШ», вучні якой з’яўляюцца нашымі актыўнымі юнымі карэспандэнтамі. І, увогуле, «Прамень» – гэта добрая стартавая пляцоўка для тых, хто жадае стаць журналістам.

«Прамень» даўно стала сябрам і добрым дарадцам для многіх жыхароў Стаўбцоўшчыны. Нам давяраюць, да нас прыслухоўваюцца. Вы, паважаныя падпісчыкі, аднымі з першых даведваецеся пра самыя свежыя навіны, знаёміцеся з цікавымі людзьмі. У гэтым вам дапамагае і сайт нашай газеты. Дзякуй вам, што вы з намі. Чытайце, выпісвайце раённую газету «Прамень».

80 гадоў – час сталасці, але не спакою. Гэта пара максімальнага развіцця і выкарыстання творчага патэнцыялу, новых падыходаў і формаў работы.

Паважаныя калегі, ветэраны працы, чытачы і падпісчыкі! Усіх віншую з юбілеем нашай любай раёнкі, з 80-годдзем выхаду першага нумара газеты «Прамень».

Ад усёй душы жадаю ўсім здароўя, шчасця, дабра, радасці, міру і спакою. Калегам – творчага натхнення, цікавай і выніковай працы, гэтак жа плённа і грунтоўна ствараць летапіс Стаўбцоўшчыны, святочнага настрою, асабістага шчасця і сямейнага дабрабыту. Газеце – верных сяброў, шматлікіх чытачоў, высокіх тыражоў, а галоўнае – быць заўсёды на плыні часу. Са святам! З днём нараджэння «Праменя»!

Рэдактар Нэлі АСТРЭЙКА,

фота Наталлі КЛЫГАЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *