Што звязвае з «Праменем»

Важное Соцыум

Юбілеі бываюць у жыцці чалавека, здараюцца яны і ў жыцці выдання. Раённай газеце спаўняецца гэтымі залатымі восеньскімі днямі 80! Яна для многіх пакаленняў стаўбчан стала роднай газетай, надзейнай спадарожніцай і членам сям’і. Наша праменеўская сям’я налічвае больш за пяць тысяч падпісчыкаў, яшчэ больш – чытачоў і наведвальнікаў сайта газеты. Напярэдадні юбілея мы запыталі, што іх звязвае з «Праменем», ці задавальняе газета іх  чытацкі інтарэс, якім яны ўяўляюць будучае раённай газеты.

Людміла Магер:

– Чытаю «Прамень» з дзяцінства, напэўна, з тых пор, як навучылася чытаць. Гэта ідзе з сям’і, ад бацькоў, якія ўвесь час выпісвалі дамоў раённую газету. У нас і цяпер захоўваюцца некаторыя старыя газеты, выразкі з яе. Калі ў мяне з’явілася свая сям’я, я таксама працягнула гэту традыцыю.

Чытаю ў першую чаргу тое, што хвалюе. Гэта пытанні аховы працы, пажарнай, транспартнай і іншай бяспекі. Часцей за ўсё яны сабраны разам, на тэматычнай старонцы. Для мяне гэта мае прафесійную актуальнасць. Але не толькі. Перажываю за ўсё, што адбываецца ў нашым раёне. Стаўбцоўшчына – мая малая радзіма, тут жыве і працуе шмат знаёмых мне людзей.

Жадаю «Праменю» шчаслівага будучага! Безумоўна, развівацца, пабольш цікавых тэм, інфарматыўнасці і яркіх колераў.

Вольга Кужаль:

– З «Праменем» знаёмая апошнія дзесяць гадоў, пасля пераезду ў Стоўбцы з Мінску. Газета падабаецца за свой дамашні характар, інфарматыўнасць. Мне, як работніку Стаўбцоўскага АКС, прыемна бачыць публікацыі пра работнікаў нашага прадпрыемства. Вось ізноў хочам арганізаваць у калектыве конкурс і  выстаўку творчых работ дароў восені, думаем запрасіць журналіста. На старонках газеты публікуюцца змены ў графіках вывазу цвёрдых бытавых адходаў, папярэджанні аб адключэнні гарачай вады і многае іншае, што неабходна ведаць жыльцам. Змяніліся тэлефонныя нумары – калі ласка, яны ёсць у газеце і на сайце.

Газета ідзе ў нагу з часам. У ёй дастаткова разнастайнай інфармацыі з жыцця раёна. Шмат фотаздымкаў. Яшчэ больш фота знаходзіш на сайце раёнкі. Ён абноўлены, прыгожа аформлены.

Віктар Ермак:

– Раённую газету чытаю пераважна ў інтэрнэце. Выпісвалі і выпісваюць яе мае бацькі. У газеце знойдзеш пра ўсё, што адбываецца ў раёне. Калі ідзе ўборачная, рука сама цягнецца да газеты. Хочацца даведацца, якая гаспадарка на якім месцы па тэмпах ураджайнасці. Гэта блізка мне, бо яшчэ ў школьныя гады працаваў на збожжатаку ў сваёй гаспадарцы «Вялікі Двор». Нехта скажа, што ў газеце шмат аб’яў, рэкламы, а для мяне гэта таксама карысная інфармацыя.

Адзін час мне прыходзілася двойчы на тыдзень дастаўляць тыраж газеты з друкарні на пошту. Гэтыя рэйсы ў сталіцу былі заўсёды прыемныя, неардынарныя. Пах толькі што аддрукаванай газеты – асаблівы. Ад іншых я чуў добрыя водгукі пра «Прамень», а калі развозіў свежыя нумары па стаўбцоўскіх кіёсках, то бачыў, як яго ўжо чакалі пакупнікі.

Вольга Калевіч:

– Я на 100 працэнтаў ваш, праменеўскі, чытач. Газету чытаю даўно, больш за 20 гадоў, і з вялікай цікавасцю. Інфармацыя актуальная і розная: хто нарадзіўся, хто нечага дасягнуў, якія праекты рэалізуюцца ў раёне, што хвалюе яго жыхароў і г. д. Іншым разам менавіта з газеты даведваешся пра тое, пра што без газеты даведаўся б значна пазней. І цяпер у мяне перад вачыма свежы нумар газеты на 16 старонках. Гэта якраз экзэмпляр ведамаснай падпіскі, якая ідзе ў ДРБУ № 135.

Заходжу і на сайт газеты. Там асабліва шмат фатаграфій са святаў вёсак. Ад прафсаюзнага камітэта мы ж таксама бяром у іх удзел, віншуем сваіх былых работнікаў, ветэранаў працы. Апошнім часам наведвалі святы вёсак Зарэчча, Апечкі, Агароднікі. Чакаем на газетных старонках навін з жыцця раёна. Дзякуючы газеце ведаем, калі і хто праводзіць прамую тэлефонную лінію. Можна пазваніць і ўзняць сваю праблему, а калі ёсць за што, то і падзякаваць.

Любоў Каваленка:

– «Прамень» любяць і набываюць, хоць іншым разам чытачы кажуць пра «наступ» рэкламы. Раёнка запатрабаваная і канкурэнтаздольная сярод іншых перыядычных выданняў рэспублікі. Паштовыя работнікі і самі любяць газету, выпісваюць яе, і гэта пачуццё, напэўна, перадаецца і нашым кліентам. На гарадскім аддзяленні сувязі разыходзяцца нават ранейшыя нумары газеты, якія адразу не былі рэалізаваны. Набываюць іх людзі не мясцовыя, прыезджыя для знаёмства з раёнам, пошуку неабходных паслуг і тавараў.

На пошце я працую з 1985 года, даўно чытаю «Прамень» і ведаю, што ён цікавы ад першай старонкі да апошняй. Тут і знаёмае, і незнаёмае, а іншым разам добра знаёмае падаецца з такога незвычайнага боку, цікава, што ўспрымаецца як новае.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *