З газетай на рабоце і дома

Главное Соцыум

Таццяна Каспяровіч з «Праменем» на рабоце і дома

Стаўбчанка Таццяна Каспяровіч – наша даўняя падпісчыца. Яна кажа: «З тых пор, як выйшла замуж, стварыла сваю сям’ю, і выпісваю «Прамень». Газета цікавая. Чытаю ўсё. У суботу мама мне звоніць са Слабады і пытае: «Ты «Прамень» ужо атрымала?» Аказваецца, вясковы паштальён дастаўляе газету раней, чым гарадскі».

Зінаіда Іванаўна Людкевіч і прывіла дачцэ любоў да «Праменя». Яна з мужам калісьці працавалі ў райспажыўтаварыстве, але, жывучы ў вёсцы, сярод тых, хто шчыраваў пераважна ў калгасе, не магла не цікавіцца ўраджаямі ды надоямі, не сачыць, як і ўсе, за спаборніцтвам сярод калгасаў – а хто ў лідарах, у перадавіках?

Таццяна з мужам (дарэчы, воінам-інтэрнацыяналістам) пабудавалі ў Стоўбцах дом, вырасцілі двух сыноў. Раней, да таго як яны стварылі свае сем’і, разам чыталі «Прамень». Асаблівае хваляванне было, калі знаходзілі на старонках газеты фотаздымкі знаёмых. «Мама, паглядзі, хто ў «Прамені»?!» – першымі ўскліквалі сыны», – расказвае Таццяна.

Аднойчы і яна сама праславілася на ўсю Стаўбцоўшчыну, калі на рабоце, у фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, зацвіло апельсінавае дрэва. На ім было дзевяць пладоў. Як не сфатаграфаваць такі цуд разам з тым, хто яго песціў сваімі рукамі?!

– Пасля гэтай публікацыі мне было столькі званкоў!.. – прыгадвае Таццяна. – І  з’яўленне экзатычных пладоў стало такой нечаканасцю. Калі нам гэта дрэва аддавалі, то ўсе думалі, што лімон. Перасадзілі яго ў вялікую кадку, паставілі ў прасторным светлым памяшканні – актавай зале. Яно расце там і сёння, праўда, больш не пладаносіць.

Розныя прыгожыя расліны любяць усе работніцы фонда сацыяльнай абароны. Кветкі ў іх – у кожным кабінеце, упрыгожваюць калідор. Аднак для нас прыемнасцю стала тое, што выключна ўвесь калектыў фонда, няхай і невялікі, з чатырох супрацоўнікаў, – таксама прыхільнікі «Праменя». Усе выпісваюць раёнку ў паштальёна, які спецыяльна прыходзіць на прадпрыемствы і ў арганізацыі для зручнасці падпісчыкаў. Ён афармляе індывідуальную і ведамасную падпіскі.

– Неяк раней, калі такой зручнасці не было, – расказвае Таццяна, – спазнілася з працягам квартальнай падпіскі. Прыйшлося аформіць яе на два месяцы, а першы месяц набываць раёнку ў кіёску. Цяпер муж на ўсякі выпадак цікавіцца: «Ты газеты выпісала?».

Таццяна Каспяровіч выпісвае перыядычныя выданні сабе і маме. У дом Каспяровічаў ідзе таксама «Мінская праўда», розныя часопісы з гаспадарчымі парадамі.

– На рабоце магу пагартаць свежы нумар «Праменя», а ўжо дома забіраю яго з паштовай скрыні і маю магчымасць пачытаць больш уважліва. Падабаецца краязнаўчая старонка «Панямонь», матэрыялы пра знакамітых людзей Стаўбцоўшчыны. І рэклама – не лішняе, а неабходнасць. Нядаўна нам патрэбны былі жалюзі – набывалі іх па той рэкламнай інфармацыі, што была ў «Прамені», – дадае Таццяна.

У рэдакцыю раённай газеты прадастаўляе сваю інфармацыю і фонд сацыяльнай абароны. «З пачатку года ўжо выйшлі пяць нашых артыкулаў, – зазначае Таццяна Каспяровіч і тлумачыць: – Цікава пачытаць назначэнні, якія публікуе газета. Як правіла, гэта інфармацыя выходзіць раней, чым мы атрымліваем яе па службовых каналах, таму адразу ўносім змяненні ў электронную базу даных юрыдычных асоб-плацельшчыкаў».

Нядаўна ў Таццяны Каспяровіч нарадзіўся ўнук – пакуль першы ў іх сям’і. Пра яго, як і пра іншых маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны, якім выдадзена пасведчанне аб нараджэнні, мы абавязкова напішам у нашай традыцыйнай рубрыцы «Падзеі і здарэнні».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *