Дарогамі вайны да дасягнення мірнага жыцця

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

МІР У РУКАХ МАЛАДЫХ

Стаўбцоўшчына стала фіналам патрыятычнай акцыі “Дарогамі вайны да дасягнення мірнага жыцця”, арганізаванай абласным камітэтам КПБ сумесна з БРСМ.

З гэтай нагоды на плошчы Бессмяротнасці адбыўся мітынг. З прывітальным словам звярнуліся да ўдзельнікаў акцыі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, першы сакратар Мінскага абкама КПБ, старшыня Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый Мінскай вобласці Марыя Худая, першы сакратар Партызанскага райкама КПБ Ніна Пракошына. Ад імя моладзі выступіла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч. У гонар загінулых герояў – мінута маўчання і ўскладанне кветак да помніка.

Урачыстая цырымонія ўшанавання памяці герояў адбылася і ля стэлы воінам-інтэрнацыяналістам, пасля чаго праграма акцыі праходзіла ў раённым Цэнтры культуры. Гасцей вітала агітбрыгада піянераў Рубяжэвіцкай школы. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Рыгор Мамайка падзяліўся вопытам работы патрыятычнага клуба “Абаронца Айчыны”, які дзейнічае на базе школы № 3 г. Стоўбцы. Клубаўцы выйшлі на сцэну з паказальным выступленнем.      

Асаблівая ўвага моладзі была звернута на шаноўных гасцей – ветэранаў вайны. Падчас акцыі да ветэранаў з Мінска і Дзяржынскага раёна далучыліся нашы, стаўбцоўскія, ветэраны: Сямён Мікалаевіч Стома, Мікалай Сцяпанавіч Багданкевіч. Цаніць і берагчы мір, быць стваральнікамі працвітаючай Беларусі – такі запавет тых, хто збярог нашу Радзіму ў гады вайны. 

 

ВЯСНА ПАМЯЦІ

На знакамітую партызанскую “крывую”, што недалёка ад чыгуначнага прыпынку “Цёмныя Ляды”, сёлетняя вясна завітала яшчэ больш зялёнай. 

Гэта ад таго, што побач з помнікам-валуном, якім увекавечаны адзін з бліскучых эпізодаў “рэйкавай” вайны мясцовых партызанаў, пасаджаны дэкаратыўныя дрэўцы ядлоўцу. Ініцыятыва зыходзіла ад раённай ветэранскай арганізацыі, а з яе ўвасабленнем дапамагла спонсарская падтрымка ЗАТ “Аграмашзапчастка”.  Дарэчы, дырэктар прадпрыемства Віктар Асмалоўскі не першы раз ідзе насустрач ветэранам. У пасадцы дрэўцаў на “крывой” удзельнічала моладзь – в. а. першага сакратара раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская і члены арганізацыі, вучні гімназіі № 1 г. Стоўбцы.

Памяць аб ратных справах у гады Вялікай Айчыннай – наша агульная святая справа. Яе вынікі асабліва цешаць шаноўнага стаўбчаніна Васіля Шкляра – аднаго з членаў той групы падрыўнікоў, якая непасрэдна прымала ўдзел у спецаперацыі на “крывой”, які і сёння захоўвае ўспаміны пра баявых таварышаў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *