Прамую лінію і сустрэчу з жыхарамі Стаўбцоўшчыны правёў Павел Пінчук

Афіцыйна Главное

На мінулым тыдні прамую лінію і сустрэчу з жыхарамі Стаўбцоўшчыны правёў начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Павел Вячаслававіч Пінчук.

Павел Пінчук вядзе прыём грамадзян

Павел Вячаслававіч звярнуў увагу на тое, што падчас прамых ліній і сустрэч з насельніцтвам размова часта заходзіць аб праблемах з добраўпарадкаваннем дарог. Напрыклад, Вольга Лебедзева з вёскі Найдзёнавічы паскардзілася, што ў іх вёсцы дарогі не добраўпарадкаваны, адсутнічае асфальтавае пакрыццё, выбоіна на выбоіне.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака не адмаўляецца і гаворыць аб тым, што такая праблема ў вёсцы існуе. Вёска Найдзёнавічы ўключана ў графік чарговасці добраўпарадкавання дарог на наступны год і знаходзіцца ў ліку першых. Калі будзе дадатковае фінансаванне, то да работ могуць прыступіць і ў бягучым годзе.

Жыхаркі г. Стоўбцы Вольга Альшэўская і Ірына Арышкевіч звярнуліся да начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтнай сферы з набалелай для іх праблемай. Пражываюць жанчыны па вул. Танкістаў, д. № 30 у г. Стоўбцы. У доме праведзены капітальны рамонт. Звонку дом стаў сучасным, прыгожым, але праблемы засталіся і па сённяшні дзень. Дрэнна працуюць вентыляцыйныя каналы, утвараецца чадны газ, ды і акустыка ў доме дрэнная. Таму прынята рашэнне вывучыць прэтэнзіі жыльцоў дома дэталёва. Спецыяльная камісія выедзе, паўторна абследуе і прыме канкрэтнае рашэнне. Да 1 кастрычніка ўсе праблемы павінны быць ухілены.

Наведванне ЦРБ пакінула прыемныя ўражанні

У перапынках паміж званкамі Павел Вячаслававіч цікавіўся бягучымі справамі, сацыяльна-эканамічным развіццём раёна: гатоўнасцю ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года, падрыхтоўкай ЖКГ да зімы, станам ЦРБ, перадвыбарнай кампаніяй і інш.

Пасля прамой лініі і прыёму грамадзян начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтнай сферы Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Павел Пінчук і намеснік начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Святлана Аколава наведалі і пазнаёміліся з работай УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», а таксама пабывалі ў тых месцах, аб якіх ішла размова падчас звароту на прыём грамадзян і прамую лінію.

Павел Пінчук падвёў вынік работы на Стаўбцоўшчыне:

–       Асабістыя прыёмы ў рэгіёнах даюць магчымасць даведацца, чым жыве раён і наколькі своечасова мясцовая ўлада рэагуе  на звароты грамадзян. Часта, здавалася б, маленькія праблемы дапамагаюць убачыць штосьці больш сур’ёзнае. Прыемна, што мясцоваму кіраўніцтву хапае сіл і часу разабрацца з кожным асобным выпадкам. Рашэнні аб добраўпарадкаванні дарог і рамонце жылога сектара неабходна абнародаваць праз раённыя СМІ. Работа павінна выконвацца згодна з гэтым рашэннем. Увогуле, горад, раён і аб’екты, якія я наведаў, пакінулі ў мяне вялікае ўражанне і выклікалі станоўчыя эмоцыі. Прыгожа, чыста, акуратна, камфортна.

Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *