Дзераўная прыгажэе на вачах

Важное Год малой родины

Дзераўная, якая ўключана ў праект «Вёска будучага», на вачах пераўтвараецца. На яе добраўпарадкаванне ўжо выдаткавана з раённага бюджэту каля 220 тысяч рублёў. І работы працягваюцца.

Добраўпарадкаванне ў рамках праекта, якое пачалося ў чэрвені бягучага года, вядзецца актыўнымі тэмпамі. Да раённага свята «Дажынкі», якое праходзіла ў Дзераўной, Стаўбцоўскім АКС зроблены пешаходныя дарожкі ўздоўж возера па вуліцах Меліяратараў і Набярэжнай, уздоўж двухпавярховых дамоў па вуліцы Меліяратараў. Тратуарныя дарожкі пакладзены ў скверы на Рыначнай плошчы. Як адзначылі ў вытворча-тэхнічным аддзеле прадпрыемства, на 1 верасня ўкладзена каля 2 тысяч м2 тратуарнай пліткі (усяго плануецца каля 3 тысяч м2).

– На даны момант прыступілі да бягучага рамонту ўнутрыдваровай тэрыторыі па вуліцы Набярэжнай, што дазволіць акультурыць пад’езды да дамоў, аўтастаянку, – зазначае майстар Аляксандр Пятроўскі.

Акрамя таго, на тэрыторыі каля дамоў на вуліцы Меліяратараў устаноўлена дзіцячая пляцоўка, якая складаецца з чатырох элементаў: пясочніцы, качалкі, арэляў, горкі. Каб жыхары бераглі гэту маёмасць, варта назваць яе кошт – 2 тысячы 360 рублёў.

Камунальнікамі зроблены рамонт лазні, выкананы і іншыя работы, якія звязаны з ямачным рамонтам вуліц і азеляненнем Дзераўной. Сумесна з работнікамі школы і сельвыканкама былі высаджаны 455 дэкаратыўных кустоў і дрэў, кветкі.

– Даглядаем насаджэнні, паліваем іх і плануем працягнуць пасадкі, каб сквер стаў любімым месцам для адпачынку, – падзялілася старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая.

Дарэчы, сельвыканкамам былі закуплены для аздаблення сквера лавачкі і ўрны, а таксама малыя архітэктурныя формы, якія ўстаноўлены на ўездзе ў Дзераўную і ўздоўж возера. ААТ «Дзераўное» добраўпарадкавала свае аб’екты – інтэрнат, сталовую, ажыццявіла рамонт мясцовага цэнтра культуры і асфальтавала прылеглую да яго тэрыторыю. Вывеску «Дзераўная» зрабіў ІП І. Р. Сінькевіч.

У добраўпарадкаванні Дзераўной шмат зроблена камунальнікамі, але нельга не заўважыць і ўклад дарожнікаў ДРБУ № 135. Для бяспекі людзей імі выкананы падвышаны пешаходны пераход на вуліцы Меліяратараў, устаноўлены два новыя павільёны на аўтобусных прыпынках на вуліцы Стаўбцоўскай і Меліяратараў, вакол іх праведзена добраўпарадкаванне. Нарэшце вырашана злабадзённае пытанне на скрыжаванні ў цэнтры Дзераўной: тут зроблены пешаходныя развязкі з адпаведнай разметкай і дарожнымі знакамі. Пра фінансавы бок пытання начальнік ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі зазначыў: «Арганізацыяй укладзена каля 50 тысяч рублёў».

На сучасны лад глядзіцца ў вёсцы будучага і магазін, над аздабленнем якога парупіўся Стаўбцоўскі філіял Мінаблспажыўтаварыства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *