Праменеўцы – і талент, і адданасць

Главное Соцыум

Падчас юбілею варта прыгадаць тых, хто, вобразна кажучы, шчыраваў на палубе і ў трумах газетнага крэйсера. А найперш – пра капітанаў, якія вялі «Прамень» праз ціхую плынь жыцця і  бурлівыя падзеі эпохі. Пра рэдактараў і журналістаў. І тут вельмі доўгім быў бы аповед. Давайце аддадзім даніну памяці тым, каго ўжо няма сярод нас.

Маімі першымі газетнымі настаўнікамі былі Казімір Туміловіч і Андрэй Траяновіч. Я, тады васьмікласнік першай гарадской школы, асмеліўся зайсці ў ціхі пакойчык той рэдакцыі, што мясцілася паблізу вакзала, прыкладна ў раёне, дзе сёння дзіцячая бібліятэка і дом творчасці моладзі. Не афіцыйна строгая, а ўтульная, нават дамашняя абстаноўка і лагодныя ўсмешкі мэтраў журналістыкі – рэдактара і яго намесніка – надалі ўпэўненасці. «Вершы прынёс? Добра, пішы і заметкі. Пра школу, гурткі, якія там працуюць, вечары, мерапрыемствы».

Пазней радаваўся публікацыям, атрыманаму ганарару, за які можна было і не раз схадзіць у кіно і купіць салодкіх прысмакаў. Потым студэнцкія гады, і нарэшце праца, яб якой марылася, у рэдакцыі роднай газеты. І ўсё ярчэй раскрывалася аблічча людзей, якія і ў ветэранскія гады доўга яшчэ працягвалі шчыраваць у газеце. Казімір Адамавіч Туміловіч – былы франтавік, чалавек знешне спакойны, ураўнаважаны, але цвёрды і прынцыповы ў адстойванні адлюстраванай у публікацыях жыццёвай пазіцыі. Андрэй Сцяпанавіч Траяновіч – чалавек вядомы ўсяму гораду і раёну. Мастак, скульптар, а найперш – журналіст. Наш «дзядзька Вожык» – характарыстыка, што яму давалі згодна з кутком сатыры і гумару, які ён вёў у газеце і які найбольш запатрабаваны быў чытачамі.

На рэдакцыную вахту ў шасцідзясятыя гады заступіў Антон Шабан. Ён стаяў ля штурвала менавіта «Праменя», раённай, а дакладней, міжраённай газеты, якая змяніла звыклую назву «Голас селяніна» на новую. Антон Георгіевіч быў высокапрафесійным журналістам. Ён аднавіў работу школы рабселькораў, літаратурнага аб’яднання, дзе першую пробу пяра падалі на суд чытачоў і «Маладыя каласкі» з Мікалаеўшчыны, і іншыя пачаткоўцы. Антон Шабан пачаў увасабляць і задуму па напісанні гістарычнай хронікі Стаўбцоўшчыны. Але, на жаль, яго творчыя памкненні падарвала цяжкая хвароба…

Часлаў Петрашкевіч, прама кажучы, браў мяне на работу. Уважлівы, карэктны, але патрабавальны рэдактар. Па натуры Часлаў Вікенцьевіч быў максімалістам. Не так і шмат, як цяпер, аб’яўлялася тады конкурсаў, дзе можна было б праявіць сябе сярод канкурэнтаў. Але ўдзел у кожным, падкрэсліваў рэдактар, – гэта мэта, да якой трэба імкнуцца, каб удасканальваць майстэрства, не адставаць ад жыцця. І асабліва радаваўся творчым здабыткам калектыву, як, скажам, Ганаровай грамаце ўсесаюзнага выдання – часопісу «Журналіст». Справе аддаваў сябе рэдактар без астатка. А быў перыяд, калі даводзілася працаваць над выпускам газеты амаль круглыя суткі. Зношаныя лінатыпы і друкарскія станкі нярэдка ламаліся. Газету ж трэба было выпускаць любой цаной, як паўтараў Часлаў Вікенцьевіч, інакш нас не зразумеюць. Некалькі месяцаў не дажыў ён да свайго 50-годдзя, 15-годдзя рэдактарскай працы.

Доўгі час быў намеснікам рэдактара, затым адказным сакратаром Рыгор Шырко. І ён, былы ўдзельнік вайны, партызан, у газеце браўся за актуальныя тэмы, дзе, як ён гаварыў, таксама пахла порахам.

Добрым словам трэба згадаць Міхаіла Залескага. Калі Міхаіл Антонавіч са службовай пасады сакратара райкама партыі прыйшоў у «Прамень» загадчыкам аддзела, то і тут усё было лагічна. Меў  журналісцкі вопыт працы ў рэспубліканскай «Колхозной правде». Добразычлівы, уважлівы, ён маладзейшым служыў прыкладам адносін да справы журналіста.

Міхась Пражэнік, якога з лёгкай рукі чытачоў празвалі «праменнікам», вёў рашучы наступ на недахопы, хібы. З фотаапаратам імкнуўся на ўсе «гарачыя кропкі» жыцця раёна. Загадчык аддзела ў «Прамені», ён быў запатрабаваны на пасаду намесніка рэдактара ў Дзяржынску. І яго не стала ў маладым узросце. Цяжкая хвароба падкасіла Сяргея Манухіна. Адкрыты, шчыры чалавек, актыўны журналіст, ён шчыраваў у сельгасаддзеле. Мікола Дземідовіч – з пляяды маладых паэтаў роднага кута Якуба Коласа Мікалаеўшчыны. Пасля працы ў Оршы ён няшмат пабыў на пасадзе адказнага сакратара ў «Прамені». І тут парадаваў чытача свежым павевам творчасці, вобразнасці публікацый. На жаль, у самым росквіце абарваўся жыццёвы палёт.

Імёны і памяць застаюцца назаўсёды.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *