Іван Мамайка падзяліўся думкамі адносна ролі выбранніка народа ў грамадстве

Ахова правапарадку Выборы 2019 Главное

Івану Мамайку жыхары Стаўбцоўшчыны не адмаўляюць у даверы: чатыры скліканні выбіраюць яго дэпутатам раённага Савета дэпутатаў і ўжо другое скліканне – дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Свае дэпутацкія паўнамоцтвы ён сумяшчае з праваахоўнай дзейнасцю на пасадзе начальніка райаддзела міліцыі. 17 лістапада пройдуць чарговыя выбары ў парламент краіны, у сувязі з чым мы папрасілі Івана Мамайку падзяліцца думкамі адносна ролі выбранніка народа ў грамадстве, расказаць пра тое, што хвалюе людзей і што ўдалося зрабіць.

– Апошнім часам прыходзіцца чуць шмат разваг пра дэпутацкі корпус, эфектыўнасць дэпутацкай дзейнасці і да т. п. З улікам свайго вопыту работы дэпутатам розных узроўняў магу сказаць, што дэпутат з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй не можа не прыносіць карысць. Канешне, шмат чаго залежыць ад мадэлі дзяржаўнага кіравання і тых магчымасцей, якія маюць дэпутаты. У Беларусі – моцная прэзідэнцкая рэспубліка, якая складаецца з вертыкалі ўлады. Міжнародныя эсперты, назіральнікі падцвярджаюць яе моц. Выбудаваная сістэма ўлады дапамагла нам перажыць развал СССР без кровапраліцця. Пераход да незалежнасці рэспублікі мірным шляхам і захаванне суверэнітэту краіны  – наша найвялікшае дасягненне.

Дэпутаты выступаюць своеасаблівымі пасрэднікамі паміж людзьмі і ўладай, яны вывучаюць жыццё і працуюць над заканадаўчымі актамі. Відавочна, што гэты від дзейнасці запатрабаваны. Дэпутату, на мой погляд, неабходныя чатыры кропкі апоры. У чым яны?

У кантактах з людзьмі, уменні іх выслухаць. У даверы. Менавіта давер – аснова канструктыўных узаемаадносін. У здольнасці аналізаваць праблемы, бачыць шляхі іх вырашэння і, безумоўна, ва ўменні кантактаваць з органамі ўлады. Можна бесперапынна крытыкаваць, станавіцца ў апазіцыю ці даваць пустыя абяцанні – які ад гэтага вынік?.. Без узаемадзеяння з органамі ўлады, грамадскімі і іншымі арганізацыямі не выканаеш свае дэпутацкія паўнамоцтвы і наказы выбаршчыкаў.

Іван Андрэевіч, з якімі праблемамі ідуць людзі?         

– Як правіла, частка праблем носіць прыватна-бытавы характар. Многія пытанні, якія паступаюць ад выбаршчыкаў, – на адну і тую ж тэму, у сувязі з чым дэпутату неабходна працаваць, так бы мовіць, на апераджэнне. Не чакаць новых зваротаў, а выходзіць з дэпутацкай ініцыятывай. Гэта мною і было выкарыстана пры разглядзе такой злабадзённай у раёне праблемы, як якасць вады. У тым ліку, зыходзячы з дэпутацкіх ініцыятыў, у мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы «Чыстая вада» ўнесены прапановы адносна паляпшэння якасці вады ў населеных пунктах Мікалаеўшчынскага, Заямнаўскага і Вішнявецкага сельсаветаў. Работы вядуцца ў комплексе, паэтапна і павінны быць завершаны ў 2020 годзе, аднак – і гэта нельга не ўлічваць – у залежнасці ад рэальных магчымасцяў.

Людзі чакаюць ад дэпутата вырашэння пераважна сваіх прыватных праблем. А што пры гэтым змяняецца ў грамадстве?

– Зыходзячы з міліцэйскага вопыту, магу сцвярджаць пра зараджэнне ў нашым грамадстве грамадзянскай супольнасці. Апошнія 6-7 гадоў у міліцыю актыўна звяртаюцца людзі, прычым – па самых розных пытаннях. Калі раней саромеліся паведамляць пра тых, хто гоніць самагонку, хто выкідвае ў неналежным месцы смецце або здзекуецца з дамашніх гадаванцаў, то цяпер гэта робяць асэнсавана, адкрыта называючы сваё прозвішча. Гэта сведчыць пра паварот у свядомасці, фарміраванне адказнасці.

Нельга не звярнуць увагу і на такі момант: прытым, што існуе мноства каналаў інфармацыі, людзі звяртаюцца менавіта ў дзяржаўныя органы. Наша грамадства эвалюцыяніруе паступова, арганічна, без сацыяльных узрушэнняў, тым самым гарантуючы кожнаму з нас стабільнасць і, у рэшце рэшт, дабрабыт.

– У сучасных умовах што падуладна дэпутатам мясцовых Саветаў?    

– Ім удаецца многае. Больш таго, шмат якія перамены пачыналіся менавіта з іх ініцыятывы, у тым ліку і з маёй. У адзін час, калі былі прыняты жорсткія меры  супраць ужывання спіртных напіткаў (скарочаны час работы гандлёвых кропак, некаторыя з іх пазбаўлены ліцэнзіі і г. д.) узнікла пытанне аб альтэрнатыве праводжання вольнага часу. Дэпутаты актыўна ўключыліся ў абмеркаванне і, у выніку, у Стоўбцах пры падтрымцы мясцовай улады быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

У гэтым горадзе я жыву ўжо 24 гады і па праву лічу яго другой радзімай. Тут нарадзіўся мой сын, які сёлета стаў студэнтам юрфака Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Прыемна, што Стоўбцы пераўтвараюцца, але прыгадаем шматлікія нараканні на адсутнасць у нас цэнтра, парка і да т. п. Паверце, дэпутаты доўга дыскутавалі, куды накіроўваць сродкі. Сталі развіваць парк «Дружба народаў». А як відазмянілася апошнім часам вуліца Цэнтральная! Са стварэннем чатырох муралаў атрымала развіццё тэма Стаўбцоўшчыны – радзімы Якуба Коласа. Існуюць і іншыя прапановы, як зрабіць наш горад больш прыгожым і адметным.

Заўсёды шмат пытанняў звязана з рамонтам вуліц. Дэпутаты падалі слушную ідэю – скласці графік чарговасці гэтых работ і апублікаваць яго ў раённай газеце. Такая практыка была рэалізавана і аказалася эфектыўнай.

Праз людзей да дэпутатаў было даведзена пытанне дарожнай бяспекі ў горадзе. Нязручнасці ў час пік з-за адсутнасці святлафорных аб’ектаў былі відавочнымі на скрыжаваннях на вуліцах Ленінскай, Цэнтральнай, Магістральнай. У пошуку шляхоў вырашэння гэта пытанне было вынесена на абмеркаванне раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху з прыцягненнем спецыялістаў. Прапанова стварыць дадатковыя палосы развароту на праезджай частцы шляхам нанясення дарожнай разметкі аказалася выйсцем з сітуацыі. Такім жа спосабам была зменшана нязручнасць на скрыжаванні вуліцы Івянецкай і Магістральнай. Падобныя пытанні і надалей будуць у цэнтры увагі.

– Ці задаволены вы сваёй дэпутацкай дзейнасцю?

– У гэтым скліканні да мяне паступіла 26 асабістых і калектыўных  зваротаў, 16 з іх удалося вырашыць. Гэта нямала. Нявырашанымі засталіся пытанні, якія звязаны, да прыкладу, з капітальным рамонтам будынкаў. Неабходны значныя капіталаўкладанні. Ніводзін са зваротаў не пакінуты без увагі.

Прыемна, што да мяне звяртаюцца людзі і, ведаючы, што па родзе службовай дзейнасці мне прыходзіцца прымаць у большасці непапулярныя меры, апеліруюць менавіта да майго дэпутацкага статуса.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *