На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

З РАСІІ ЕДУЦЬ ПА БУЛЬБУ

Цэны на бульбу ў гэтым годзе добрыя. Яе без праблем можна прадаць. Праблема ў іншым – дзе ўзяць столькі, каб задаволіць попыт.

Каапнарыхтпраму райспажыўтаварыства таксама не прыходзіцца шукаць спажыўцоў. Аднак са стабілізацыйнага фонду гародніны нарыхтоўшчыкі мелі магчымасць прадаць на экспарт толькі 60 тон бульбы. Тры фуры адпраўлены ў Расійскую Федэрацыю. Заробленыя расійскія рублі лягуць у фонд экспартнай выручкі спажывецкай кааперацыі.

 

НА ЎЛАСНЫМ АЎТОБУСЕ

У сакавіку прафсаюзны камітэт ААТ “Дзераўное” арганізаваў для сваіх работнікаў дзве паездкі на канцэрты.

Жывёлаводы і спецыялісты пабывалі ў Старасвержанскім цэнтры культуры, дзе выступаў ансамбль беларускай песні “Церніца” Мінскага палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. Выступленне   вельмі спадабалася. Жанчынам пашанцавала нават патанцаваць разам з артыстамі на сцэне. У раённым Цэнтры культуры працаўнікі фермаў таварыства з цікаўнасцю паслухалі і канцэртную праграму вакальна-інструментальнага ансамбля “Верасы”. Такія паездкі сталі магчымымі пасля таго, як гаспадаркай быў набыты пасажырскі “ўазік”.

– Кожны раз мы купляем дванаццаць білетаў, па колькасці месцаў у аўтобусе, – расказвае старшыня прафкама Галіна Карповіч, – і прапаноўваем жадаючым. Лішніх білетаў ніколі не застаецца. Вясковыя людзі вельмі занятыя на вытворчасці, ім імпануе, што яны могуць без праблем і за прафсаюзныя сродкі наведваць культурныя мерапрыемствы.

Дарэчы, прафсаюзны камітэт гаспадаркі набыў і салодкія прызы для выхаванцаў Дзераўнянскай школы мастацтваў – у мінулым месяцы праходзіў рэгіянальны фестываль дзіцячых тэатраў “Казкі жыцця”.

 

АДКРЫЎСЯ «ДАЧНІК»

У Атцэдзе адкрыўся сезонны магазін “Дачнік”. Увесь вясенне-летні сезон ён абслугоўвае чатыры садаводчыя таварыствы і саму вёску Атцэда.

Гэты магазін райспажыўтаварыства запатрабаваны мясцовымі пакупнікамі ўжо на працягу трох гадоў. Удзячнасць за сваю працу атрымлівае прадавец Ганна Кульгавік, якая за гэты час паспела ўжо перазнаёміцца і з дачнікамі, і з мясцовымі людзьмі. Яна своечасова задавальняе заяўкі спажыўцоў і імкнецца завезці ў магазін усё, што патрэбна да стала.

ЛЕПШЫ ГРАМАДСКІ ПУНКТ

Падведзены вынікі штогадовага раённага агляду-конкурсу на званне “Лепшы грамадскі пункт аховы парадку” і “Лепшы савет грамадскага пункта аховы парадку”, зацверджанага раённым выканаўчым камітэтам.

Па яго выніках пераможцамі ў намінацыі “Лепшы грамадскі пункт аховы парадку” прызнаны грамадскі пункт Заямнаўскага сельсавета (першае месца), Мікалаеўшчынскага (другое месца) і Наваколасаўскага (трэцяе месца) сельсаветаў.

У намінацыі “Лепшы савет грамадскага пункта аховы парадку” вылучаны Дзераўнянскі савет грамадскага пункта аховы парадку (першае месца), Вішнявецкі і Заямнаўскі (падзялілі другое месца), Шашкоўскі (трэцяе месца).

Згодна з парадкам правядзення агляду-конкурсу пераможцы будуць узнагароджаны грашовай прэміяй.

 

ВУЛІЦЫ ПРЫБІРАЮЦЦА

Гэтымі днямі ў нашым горадзе актыўна вядуцца пасадкі дрэў, вулічны ямачны рамонт.

Дрэвы высаджваюцца на вуліцах горада. У пасадцы камунальнікам аказваюць дапамогу вучні гарадской школы № 3. Пасадкі працягваюцца, чаму істотна спрыяюць і суботнікі. 

Сярод аб’ектаў камунальнікаў – абсталяванне пешаходных дарожак побач з дзіцячай школай мастацтваў, добраўпарадкаванне тэрыторыі бальніцы пасля праведзенай замены цеплатрасы. Падрыхтоўчыя работы ідуць у цэнтры горада і па вуліцы Танкістаў, дзе на ўчастку ад плошчы Бессмяротнасці да стадыёна ў сціслыя тэрміны – да 9 Мая – плануецца пакласці левабаковы тратуар з пліткі. Аналагічныя  работы запланаваны ў далейшай перспектыве і па вуліцы Камуністычнай.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *