Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Кірыл Шумчык, Мілана Манянкова, Лізавета Шкляр, Дар’я Клімовіч, Кацярына Яфімава, Ціхан Грыб, Ягор Бейшар, Ірына Таяноўская і Ганна Ланкевіч.

Зямны шлях закончыўся для дзевяці чалавек.

У пажарную часць паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме ў Баханах. Загінулі двое мужчын – 1968 года нараджэння, які нідзе не працаваў, раней быў судзімы, і пенсіянер са Стоўбцаў. Папярэдняя прычына трагедыі – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Вядзецца следства. Працягваецца работа ў рамках пажарна-прафілактычнай акцыі ў жыллёвым фондзе. Вучні гімназіі № 1 г. Стоўбцы рыхтуюцца да ўдзелу ў абласным конкурсе па пажарна-выратавальным спорце.

Міліцыяй зарэгістравана 117 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана шэсць крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. З даху аўтапавільёна злодзей выкраў металапрофіль, каркас з профільнай трубы. Грамадзянін нанёс цялесныя траўмы сваёй маці, выказваў у яе адрас пагрозы забойствам. За дробнае хуліганства складзены два пратаколы, за распіванне спіртнога і з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы – дзевяць, за дробны крадзеж – адзін.

Пракуратура раёна ажыццявіла праверку выканання райаддзелам міліцыі патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу, рэгістрацыі і вырашэнні заяў і паведамленняў аб учыненых адміністрацыйных правапарушэннях. Недахопы, нягледзячы на неаднаразовыя заўвагі з боку пракуратуры і вынесеныя ў сувязі з гэтым акты пракурорскага рэагавання, пакуль не зжыты. Сярод іх – парушэнне тэрмінаў падрыхтоўкі спраў да разгляду, адсутнасць тлумачэння ўдзельнікам працэсу іх правоў і абавязкаў, неналежнае ўтрыманне працэсуальных дакументаў і т. п. Працягваюць мець месца халатныя адносіны службовых асоб міліцыі да правядзення прафілактычнай работы з асобамі, у адносінах да якіх адміністрацыйны працэс спынены па нерэабілітуючых прычынах. Па выніках праверкі кіраўніку РАУС унесена прадстаўленне.

Суд пазбавіў волі на дзевяць месяцаў 47-гадовую грамадзянку без пэўнага месца жыхарства, раней судзімую, якая пасля сумеснага распівання спіртнога абрабавала свайго сабутэльніка. Нецвярозы 47-гадовы стаўбчанін учыніў нецэнзурную лаянку ў прыёмным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, за што аштрафаваны на 750 000 рублёў. 74-гадовая жыхарка Слабады пакарана штрафам на суму 3 000 000 рублёў – за самавольнае ўзвядзенне на сваім участку прыбудовы і лазні.

ДАІ выявіла 115 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць нецвярозых і восем бяспраўных вадзіцеляў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана сем дарожных аварый.

“Хуткая” выязджала да хворых 197 разоў, у прыватнасці, чатыры звароты паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *