Шляхі Гасподнія

Нумары Сям'я

Іван і Вольга Гірко нара-дзіліся ў адзін дзень, прычым святы дзень, – на хрышчэнскі сачэўнік. Калі яны аб гэтым даведаліся, успрынялі такую нечаканасць як асаблівы знак. Аднак перш чым яны сустрэліся, прайшло нямала гадоў. Для Вольгі Мікалаеўны – складаных і няпростых, якія сталі горанам для выхавання яе душы.

З першых дзён свайго жыцця яна жыла з горкім статусам інваліда. Настолькі горкім, што яе маці, калі ўбачыла яе кароценькія ручкі, аказалася негатовай выхоўваць дзіця-інваліда. Бабуля (маці бацькі) забрала дзяўчынку з шахцёрскага пасёлка Сінягорск Паўднёва-Сахалінскай вобласці да сябе. Калі Вользе споўнілася тры гады, яны пераехалі ў Беларусь, у Стоўбцы. Бабуля замяніла дзяўчынцы маці і выгадавала яе прывучанай да працы, міласэрнай да людзей, чулай і не панурыстай у жыццёвых абставінах.

Першае замужжа Вольгі не прынесла ёй шчасця. Нарадзілася дзіця, якое памерла ад прыроджанага пароку сэрца. Каб суцешыць сябе, рэалізаваць, сям’я ўдачарыла дзяўчынку. Даша ўжо дарослая, мае сваю сям’ю і падарыла бацькам слаўнага ўнучка Данііла. Пасля 18 гадоў сумеснага жыцця з-за алкагольнай залежнасці мужа Вольга Мікалаеўна рашаецца на скасаванне шлюбу.

Са статусам інваліда Вольга сумела закончыць інстытут па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік. Збылася яе мара. У свой час яе не прынялі ў інстытут. Прычынай адмовы быў дыягназ – інвалід ІІ групы. Хоць Вольга выдатна вучылася, і з няпоўнай колькасцю пальцаў на руках мела настолькі прыгожы почырк, што ім усе захапляліся. І яна пайшла працаваць на Мінскі трактарны завод пасудамыйкай.

Пазней Вольга Гірко працавала бухгалтарам на туркомплексе “Высокі бераг”, на хімбазе ў Фаніпалі. Лёсавызначальным часам стала для Вольгі праца на стаўбцоўскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Тут яна сустрэла Івана, халасцяка, веруючага чалавека, які папрасіў рукі і сэрца Вольгі, нягледзячы на тое, што яна старэйшая за яго на дзевяць гадоў і інвалід. Убачыў ён у ёй іншае, тое, што ён сам быў гатоў убачыць сваёй чыстай душой.

Праз 15 гадоў сумеснага з ім жыцця Вольга гаворыць, што ў яе жыцці ёсць два чалавекі, такія, якіх у белым свеце не знойдзеш, – яе бабуля Ганна ў вечнасці і муж Іван.

У сям’і Гірко можа адагрэцца кожны. Вольга Мікалаеўна пакінула гарадскую кватэру дачцэ Дашы, а самі сталі ўладкоўваць пад жылы дом сваю дачу ў Акінчыцах. Усё тут зроблена рукамі гаспадара – з густам і толкам. Іван Іванавіч знаходзіць час і для работы – ён вадзіцель машыны хуткай дапамогі ў цэнтральнай раённай бальніцы, і для дома, і для дзяцей, і для таго, каб дапамагчы ў царкве, якую сям’я наведвае. Вольга Мікалаеўна верная памочніца свайму мужу. Яна можа падтрымаць не толькі працай, але і парадай, а больш – сваім настроем. У яе ніколі не бывае бязвыхадных сітуацый, яна не стане завастраць увагу на дробязях, не стане рабіць праблему ні з чаго. Заўсёды радасная, жартаўлівая, выпраменьвае святло, мір і бясконца ўдзячная Богу.

Дом Івана і Вольгі Гірко прыцягвае ўвагу не толькі адмысловым парадкам, дагледжаным агародам з мноствам кветак на клумбах, але і дзіцячым смехам. Як лампадкі, свецяцца шэсць пар шчаслівых дзіцячых вачэй. Маючы ўжо вопыт выхавання сіраты, Вольга ініцыіравала ўзяць у сям’ю яшчэ аднаго. Так з Іванам яны прынялі на выхаванне васьмігадовага Ігната. Міласць Божая да дзіцяці – праз тры гады па малітвах Вольгі і Івана маці хлопчыка аднавілі ў бацькоўскіх правах і Ігнат вярнуўся ў сваю кроўную сям’ю. Цяпер дзве сям’і падтрымліваюць дружалюбныя адносіны.

Неяк патэлефанавалі з сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму і звярнулі ўвагу Івана і Вольгі Гірко на дзяўчынку Дзіяну, якая жыла непадалёку ад іх і пакутавала ад моцнай алкагольнай залежнасці сваіх бацькоў. Прапісалася ў іх доме Дзіяна, пазней – яе сястрычка Бажэна, на месца Ігната – хлопчык Саша. Затым уліліся ў гэтую дружную сям’ю дзве сястрычкі – Лена і Саша. Аляксандру ўдачарылі.

– Скажу, не крывячы душою, каб у мяне не было такога цудоўнага мужа, як мой Іван Іванавіч, то не было б і такой вялікай сям’і, – гаворыць Вольга Мікалаеўна. – Ён вельмі добры, чулы чалавек. Дзеці ні разу не бачылі яго п’яным, ніколі не чулі ад яго нецэнзурнага слова, ніколі не бачылі яго з цыгарэтай. Хлопчыкі ва ўсім хочуць быць падобнымі да яго, а дзяўчынкі пакідаюць тату самы лепшы кавалачак, ён у нас “салодкаежка”. У нас па дакументах статус прыёмнай сям’і, але мы адно аднаму – родныя. Ведаю, што не ў кожнай біялагічнай сям’і ёсць такі давер паміж дзецьмі і бацькамі, як у нас. Я ўдзячна Богу, што ў нас ёсць свой дом, участак, на якім мы ўсе з задавальненнем працуем і маем плады ад сваёй працы.

Па-рознаму прыходзілі дзеці-сіроты ў гэтую сям’ю.

– Была чацвёртая чвэрць чацвёртага класа, – успамінае Вольга Мікалаеўна. – Дзіянка чытала па складах. У нас быў шок. Аднак мы разам так пастараліся, што за апошнюю чвэрць не толькі нагналі праграму, але і здалі экзамен у гімназію. Калі Ігнат пакідаў клас у СШ № 2 г. Стоўбцы, мы перавялі на яго месца Дзіяну – вельмі здружыліся з класным кіраўніком А. В. Зубкевіч, якая дапамагае нам, так як і псіхолаг В. П. Варачкіна, педагагічны калектыў.  Шосты год я з’яўляюся членам бацькоўскага камітэта і папячыцельскага савета школы. Дзіяна вельмі добра вучыцца, сярэдні бал 8,2, і гэта пры тым, што ў пачатковай школе ў яе было адставанне.

У Дзіяны ёсць брат Піліп, ён знаходзіцца ў дзіцячым доме ў Жодзіне. Разам з Дзіянай Іван і Вольга Гірко наведваюць яго. Вольга Мікалаеўна адчувае, што з кожным разам ёй усё цяжэй і цяжэй расставацца з ім. Не выключана, што Піліп таксама можа стаць членам гэтай сям’і. Злучыліся разам сястрычкі, і як добра будзе, калі з імі разам будзе расці брацік. Дапамажы Госпадзі ажыццявіць Гірко гэтае жаданне.

– Першы дзень у музычнай школе Сашы нам запомніцца назаўсёды. Ад школы да самага дома ён расказваў цудоўную казку аб назвах нот, – прыемна слухаць Вольгу Мікалаеўну. – Яго настрой – такое захапленне, невыказная радасць – перадаўся і мне. Па класу акардэона Саша займаецца з выкладчыкам І. Н. Шэндзік.

Дзіўным чынам трапілі ў сям’ю сястрычкі Саша і Леначка. Гірко паехалі наведаць іх у дзіцячае аддзяленне райбальніцы, пасля таго, як іх забралі з сям’і.

– Калі мы з мужам адкрылі дзверы дзіцячага аддзялення, – успамінае Вольга Мікалаеўна, – ад паста медсястры да нас бегла Сашачка  са словамі: “Мае мама і папа прыехалі!”. Словы дзяўчынкі матэрыялізаваліся – у лістападзе 2011 года мы Сашу ўдачарылі, а яе сястрычка Лена ў нашай сям’і – прыёмная дачка. Наша удачароная Аляксандра паспяхова займаецца ў другім класе вучэбна-педагагічнага комплексу “Акінчыцкі дзіцячы сад – пачатковая школа” ў настаўніцы А. В. Багдановіч, наведвае музычнае аддзяленне школы мастацтваў па класе цымбал у выкладчыка А. Г. Крамко.

У дзень, калі мы рабілі гэты здымак, уся сям’я была ў зборы. Сярод дзяцей ля Івана Іванавіча – унук Данііл. Ён наведвае таксама пачатковую школу ў Акінчыцах, вучыцца ў настаўніцы А. Ю. Зорынай. Дачка Дар’я працуе пазменна ў Мінску, і Вольга і Іван Гірко ўзялі клопат і пра ўнука. Усім у гэтым доме хапае хлеба і да хлеба, а самае галоўнае – бацькоўскага цяпла, любові і ўвагі.

Такім чынам, цяпер у сям’і Гірко чацвёра прыёмных дзяцей і адна ўдачароная, акрамя дарослай Дар’і і ўнука Даніка.

Для нас стала адкры-ццём пазнаёміцца з такой адметнай, унікальнай сям’ёй. Хочацца падзякаваць спецыялістам сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзякуючы якім мы пабылі ўжо не ў адной сям’і ў нашым раёне, дзе сагрэты любоўю дзеці-сіроты. Кожная з 17 прыёмных і 38 апякунскіх сем’яў у нашым раёне заслугоўвае таго, каб яе прадставіць грамадству і паказаць усім прыклад велікадушнасці і міласэрнасці.

Вядучая тэматычнай старонкі —  Святлана ЖЫБУЛЬ, фотаілюстрацыя –  Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *