Чым аздаравіць душу?

Грамадства Нумары

image_pdfimage_print

“Духоўнае здароўе” – менавіта так называўся круглы стол з трэнінгавымі заняткамі ў тэрытарыяльным цэнтры, які прайшоў з удзелам святара Адляксандра Марцінчыка.

Айцец Аляксандр – даўні сябар цэнтра, які суправаджае не адзін ягоны праект. Новы праект называецца “Рука дапамогі” і накіраваны на ўзняцце прэстыжу сям’і, сацыялізацыю маладых інвалідаў і маладых людзей з катэгорыі дзяцей-сірот  і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Здароўе  – найбольшая каштоўнасць, якая складаецца з неад’емных частак – фізічнай і духоўнай. Аснова, стрыжань чалавека, як падкрэсліў айцец Аляксандр, – менавіта духоўнае здароўе. Базавыя паняцці духоўнага здароўя – гэта вера, надзея, любоў, мудрасць, прыгажосць, гармонія, міласэрнасць. Што можа палепшыць духоўны стан чалавека? Зразумела, наяўнасць сэнсу жыцця, самаўдасканаленне, аптымістычны погляд на рэчаіснасць, здзяйсненне добрых спраў, знаходжанне ў згодзе з самім сабою.

– Кожны з удзельнікаў мог выказацца і быў пачуты, – расказаў спецыяліст цэнтра Сяргей Есіс. – Ад удзельнікаў гучалі самыя патаемныя гісторыі з жыцця, іншым разам – са слязамі на вачах.

Гатовага рэцэпта здароўя не існуе ў прыродзе. Затое ёсць такія невялікія, але магутныя імпульсы, здольныя паспрыяць аздараўленню душы і цела. Напрыклад, карысна памаўчаць перад сном і ў думках пераасэнсаваць пражыты дзень, адагнаць прэч дрэннае, дараваць сваім крыўдзіцелям… Агульнавядома і тое, што ў тых, хто заняты любімай справай, ніколі не будзе нядобрых думак, яго наўрад ці наведаюць негатыўныя эмоцыі.

Акурат падобным вопытам дзейснай дабрыні, якая аздараўляе чалавека і дорыць яму асалоду ад кожнага пражытага дня, удзелу ў жыцці людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, падзялілася валанцёр са стажам Ала Мешыч. Абставіны жыцця толькі загартоўваюць гэтую жанчыну, адкрываюць сэрца насустрач іншым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *