Аляксандр Лукашэнка выступае за захаванне ў краіне мажарытарнай сістэмы выбараў у парламент

Афіцыйна Важное Выборы 2019

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за захаванне ў краіне мажарытарнай сістэмы выбараў у парламент. Аб гэтым ён заявіў падчас размовы з работнікамі льнозавода ў Карэлічах.

«Мне падсоўваюць ужо прапановы парламент выбіраць па партыйных спісах. Вы будзеце ведаць у лепшым выпадку пяць партый і іх кіраўнікоў. Людзі звычайна галасуюць за лідара. А там па спісе ўжо ніхто не ведае. Яны самі паставяць там дзяцей, унукаў, палюбоўніц, палюбоўнікаў. Усіх туды прапішуць. Я сказаў «не». Мы пакуль не зжылі мажарытарную сістэму», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што дэпутат павінен прадстаўляць сваю акругу і весці дыялог са сваімі выбаршчыкамі. «Ад народа. У працоўныя калектывы ідзіце, агітуйце, прасіце, каб за вас прагаласавалі», – сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пакуль мажарытарная сістэма працуе. «Дэпутат павінен быць прывязаны да свайго выбаршчыка, сваёй акругі. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца бягучай выбарчай кампаніі, ён сказаў: «Мы правядзём гэту перадвыбарную кампанію спакойна. Гэта рэпетыцыя заўтрашняй кампаніі – прэзідэнцкай. Вось там нам падкінуць перцу. А мы павінны мазгі ў рукі ўзяць і спакойна, як заўсёды беларусы гэта рабілі, зрабіць так, як патрэбна нам. А не камусьці на захадзе, усходзе, поўдні або поўначы. Мы для сваёй краіны павінны рабіць усё, каб яна захавалася і вы больш-менш нармальна жылі. І не толькі вы. Дзеці каб ведалі, што кавалак зямлі ў іх ёсць і ніхто іх бізуном хвастаць больш не будзе».

Паводле слоў Прэзідэнта, некаторыя лічаць, у тым ліку на Захадзе, што калі выбарчая кампанія праходзіць шумна, то гэта дэмакратычна. «А я лічу, што краіну расхістваць нельга», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *