На гарадскім аддзяленні сувязі прайшоў дзень падпісчыка

Главное Эканомiка

У мінулы чацвер на гарадскім аддзяленні сувязі ладзіўся дзень падпісчыка. Акцыя была, як заўсёды, шматлюднай. Падчас яе раённую газету выпісалі на чацвёрты квартал 2019 года сорак чалавек – больш, чым у іншыя дні падпісчыка ў бягучым годзе.

Для сваіх падпісчыкаў рэдакцыя падрыхтавала памятныя сувеніры. Пошта прапаноўвала свой падарунак: часопісы для дзяцей, часопісы з парадамі садаводам і агароднікам і да т. п. Добры настрой і ўзаемазацікаўленасць характарызавалі атмасферу акцыі.

Прыемна было пабачыцца з нашымі актыўнымі падпісчыкамі і чытачамі, абмяняцца пажаданнямі, тым больш, што гэты дзень падпісчыка праходзіў напярэдадні 80-гадовага юбілея газеты. Яны  расказвалі, што «Прамень» у іх доме знаходзіцца на відным месцы, і прачытаць газету – гэта духоўная патрэба. Так, наша даўняя чытачка Марыя Станкевіч, працягваючы падпіску на наступны квартал, патлумачыла: «Без раёнкі не ўяўляю свой дзень, як, да прыкладу, без чысткі зубоў ці абеду».

Дзякуй нашым шаноўным чытачам за такія прызнанні! Яны дарагога каштуюць і да многага абавязваюць. Будзем імкнуцца і далей адпавядаць вашым чаканням, шукаць новае і незвычайнае, каб ваш духоўны «абед» прыносіў не толькі насычэнне, але і натхняў, даваў сілы дзейнічаць, развівацца.

Стала добрай традыцыяй праводзіць ва ўзаемадзеянні з нашымі чытачамі розыгрыш пяці бясплатных экзэмпляраў квартальнай падпіскі на газету «Прамень». Удзел у ім бралі ўсе сорак падпісных абанементаў, якія былі выпісаны ў гэты дзень на гарадскім аддзяленні. Шчасліўчыкамі сталі наступныя стаўбчане: В. І. Карповіч (завулак Стадыённы), М. М. Мяжынская (вуліца Савецкая), В. Н. Бондар (вуліца Міру), А. С. Гамза (вуліца Цюліна), С. Э. Віцько (вуліца 17 Верасня). Віншуем і жадаем поспехаў!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *