Жывая мова, традыцыйныя стравы, старадаўнія песні. На Стаўбцоўшчыне прайшоў беларуска-польскі фэст

Важное Культура

У мінулую суботу ўсе аматары беларускай і польскай культуры сабраліся на тэрыторыі парку-музея інтэрактыўнай гісторыі «Сула».

Менавіта там для гасцей арганізавалі сапраўднае свята – «Беларуска-польскі фэст у Суле». Ён адкрыў рад сустрэч, прысвечаных культурнай спадчыне народаў, якія традыцыйна насяляюць нашу зямлю поруч з беларусамі. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы ГА «Саюз палякаў на Беларусі». Адкрыў «Беларуска-польскі фэст у Суле» Пётр Апосталідыс – консул аддзела пасольства Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь.

Падчас фэсту прысутныя пазнаёміліся з польскімі і беларускімі танцамі, пачулі сучасныя і старадаўнія песні, а таксама атрымалі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах. Наведвальнікі парку-музея інтэрактыўнай гісторыі «Сула» маглі акунуцца ў атмасферу жывой беларускай і польскай мовы, пакаштаваць традыцыйныя стравы абодвух народаў.

На працягу свята для гасцей выступалі розныя музычныя калектывы: CantusCordis, «Маёвы Квят», «Карагод» і інш. У Калегіуме было арганізавана выступленне хору польскай песні, а таксама міні-канцэрт на фісгармоніі ХІХ стагоддзя ад пана Тадэвуша.

Ствараць атмасферу старадаўняй польска-беларускай шляхецкай культуры дапамагалі ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі і тэатральных суполак. На шляхецкай пляцоўцы падчас імпрэзы госці змаглі не проста ўбачыць строі і зброю мінулых эпох, але ж і дакрануцца да жывой гісторыі, стаўшы ўдзельнікамі майстар-класаў па валоданні польскай шабляй і гледачамі сапраўдных міні-спектакляў.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *