Кравец свайго веку

Грамадства Нумары

Мужчына-доўгажыхар і ў свае 100 сустракае на парозе гасцей, цалуе дамам ручкі і прытрымліваецца посту.

Гэты ўнікальны мужчына, які дасягнуў стогадовага ўзросту, – Іван Юльянавіч Чарнец. Жыве ў Налібаках у сваёй хаце. Пасля смерці жонкі, што здарылася 14 гадоў таму, – вякуе адзін. Канешне, не зусім адзін, а з дапамогай дачок.  Іх у яго тры. Ганна жыве непадалёку – у суседняй Каменцы, а Ірына і Эма – у Мінску. Яны стварылі бацьку сапраўды дастойныя ўмовы: правялі ў дом газ і ваду, вокны памянялі. Не дом, а святліца. Прыехалі дочкі, а таксама пляменніца Марыя Чарнец і ў дзень дзядулевага юбілею. З 2008 года прыходзіць да яго сацыяльны работнік, цяпер – Наталля Макоўская.

Дзядуля – невысокі і шчупленькі, прыбраны з нагоды свята, з кавенькай, але на сваіх нагах. Вітае гасцей, сярод якіх і прадстаўнікі Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Бруй і Таццяна Місюкевіч, старшыня прафсаюзнакага камітэта аграбудфірмы “ПМК-74 – Налібакі” Леанід Банцарэвіч.

Работнікі сацыяльнай службы і гаспадаркі прывезлі Івану Юльянавічу падарункі да стагоддзя.

– Сто гадоў. Хацелася б ведаць, як да іх дажыць? – пытаемся ў юбіляра.

– Гэта як Бог пакіруе, як ён чалавеку пазначыць. У сваім жыцці  я выпіваў мала. Не курыў. Затое як рабіў?! Дом гэты зрабіў сваімі рукамі. Сам часаў бярвенне. Дрэва пасля вайны было цяжка дастаць. Налібакі спалілі немцы. Я жыў у сваіх родных Русаках, таму і ацалеў. Абшываў партызанаў, камандзіра атрада Шыпуліна. Закончыў чатыры класы польскай школы, а кравецтву навучыўся ў Рубяжэвічах у аднаго добрага чалавека.

– Тая швейная машынка ёсць у вас і цяпер?

– Так. Каб купіць яе, трэба было прадаць тры каровы. Купіў спачатку малую машынку, а потым, як зарабіў сёе-тое, набыў вялікую. А малую прадаў і купіў ровар.

– А што найбольш любілі шыць?

– Усё шыў мужчынскае, але прыемней было, калі ў руках што мякчэйшае. Вазіўся з кажухамі – гэта праца цяжкая. Цяпер ужо нічога не магу рабіць.

– А што вы яшчэ ўмееце, што рабілі за жыццё?

– Пасля вайны быў брыгадзірам на смолзаводзе – гэта недалёка ад Русакоў, за тры кіламетры. Потым завод перанеслі, а я пайшоў у калгас. Рабіў у сталярнай майстэрні. На пенсію выходзіў з будаўнічай брыгады. З жонкай трымалі дзвюх кароў, цялят, таму што трэба было гадаваць дзяцей. Цяпер, дзякуй Богу, яны мне дапамагаюць.

– Чаму важна навучыць сваіх дзяцей?

– Я жыў і працаваў сумленна. А гэта няпроста. Некалі жонка выжынала 25 сотак. Зрабіў калясачку, і яна за сабою вазіла дзіця. Плацілі збожжам – па 100 грамаў на працадзень. Я ўзняў на плечы мех і панёс – гэта была палучка за ўвесь год. “На чым ты яго прывёз?» – пытаецца жонка. А што тут везці, калі і несці не было чаго. Калі б не кравецтва… Порткі, бывала, пашыю за ноч. На хлеб хапала. Па хлеб трэба было ехаць у Дзяржынск. І ў Мінск ездзілі, на поездзе. Не забудуся, як ад калгаса ў свой час паездзіў на экскурсіі.

– Цяпер далёка не ходзіце?

– Толькі ў свой двор выходжу. Здароўя няма. Дзве аперацыі перанёс, яшчэ адну трэба было б… Вось, хаджу з бандажом. Столькі работы рознай уручную перароблена? Удзень – на рабоце, ноччу – сваю хату будую. Аднаго разу сон змарыў, заснуў прама на габлярцы. Жонка спужалася, калі адчыніла дзверы: “Ці жывы?” Са сваёй Браніславай пражыў 49 гадоў. Ажаніўся з ёю, калі мне было 36… У нас дома жылі мае браты, не было куды, а я – чацвёрты, самы меншы.

…У свае 100 Іван Юльянавіч Чарнец піша і чытае без акуляраў. Дарэчы, беларускую мову, на якой мы размаўляем, асвоіў самастойна. Біблія – яго настольная кніга. Дзядуля ўключае тэлевізар, каб паглядзець трансляцыю імшы.   

Пра свайго бацьку дачка Ганна дадае: “Бацька ні з кім не пасварыўся. Ніколі не сеў есці, не пачаў араць поле, каб не перахрысціцца. Шыў, дапамагаў людзям”.

Жыццё бяжыць імкліва. У дзядулі – сем унукаў і ўжо 13 праўнукаў. А на Вялікдзень, калі закончыцца пост, усе збяруцца на яго юбілей. Род у яго вялікі – 34 чалавекі, якія будуць ехаць, спяшацца да свайго любімага дзядулі з розных куткоў Беларусі і Польшчы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: з віншаваннямі да стогадовага жыхара Налібакаў Івана Чарняца – прадстаўнікі Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра і ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *