Ад зары да зары

Год гасцiннаcцi Нумары

Калі ідзеш па пераходным мастку праз чыгунку да прывакзальнай плошчы, у вочы ярка кідаецца надпіс неонавым святлом над прывабным будынкам: “Гостиница «Заря». Такія вось для нашых гасцей вароты горада. Асабліва прыемныя тым, хто мяркуе адпачыць, пераначаваць.

«Калі ласка, запрашаем усіх жадаючых!» – прад’яўляе, так бы мовіць, вусную візітную картку адміністратар гасцініцы Людміла Аляшкевіч. І для азнаямлення прапануе чытачам у газетным матэрыяле  прайсці па гасцінічных калідорах.

Аглядаем не заселеныя цяпер пакоі, наплыў кліентаў чакаецца крыху пазней. Самыя шыкоўныя – з мяккай мэбляй, душавымі кабінамі. Аплата за суткі пражывання ў нумары вышэйшай катэгорыі люкс складае каля 300 тысяч рублёў. «30 долараў – гэта ж нядорага», – скажа той, хто, як гаворыцца, паблукаў па свеце, ведае, як шмат дзе цэняцца зручнасць і спакой.

Нумары аднамесныя, разлічаныя на дваіх, траіх чалавек. Адпаведна вар’іруюцца і цэны – ад крыху больш за 100 тысяч да 200 тысяч з лішкам рублёў. Зручнасці тыповыя для гасцініц трэцяй катэгорыі: зручная мэбля, тэлевізар, абавязковыя куток гігіены, санвузел. Ёсць пакой для гульні ў більярд. На першым паверсе – цырульня, дзе шчыруюць умелыя майстры Ірына Шкляр і Людміла Лапко. У будынку гасцініцы месцяцца аптэка, аддзяленне банка.

Нядаўна закончаны рамонт надае гасцініцы свежы выгляд. Тым больш, што падтрымліваецца ідэальная чысціня. Адміністратар адзначае рупнасць Марыі Бычкевіч. Прыбіральшчыца – афіцыйная назва прафесіі далёка не акрэслівае сутнасць яе не толькі службовых абавязкаў, але і добраахвотных спраў. Прыгожыя кветкі вазонаў радуюць вока. І на тэрыторыю Марыя Браніславаўна выйдзе арганізатарам азелянення. А гэта што за дрэўца на лесвічнай пляцоўцы дзівіць суквеццем? Японская сакура ў беларускім куце? Дзякуючы ўмелым рукам, фантазіі і штучнае, можна сказаць, набывае рэальны выгляд.

Утульнасць для наведвальнікаў ствараюць умелыя працаўніцы. Вопытныя ў сваёй справе, старанныя Станіслава Даманіна, Софія Каралько. У абавязках парцье Марыі Шулер афармленне дакументаў на засяленне кліентаў. Вядома, усялякае бывае, і часам патрабаванні прыезджых не суадносныя з іх асабістымі паводзінамі. Але такое здараецца рэдка. Як правіла, настрой і ўражанні гасцей станоўчыя, нават захапленне выказваюць яны ў, звыклай назвай, кнізе заўваг і прапаноў. Вось які запіс зрабіў Яўген Мілюць, які прыязджаў у Стоўбцы з Ашмян: «Выказваю вялікую ўдзячнасць работнікам гасцініцы за выдатнае абслугоўванне, добразычлівасць, сардэчныя адносіны да кліентаў. Я забраніраваў нумар па тэлефоне за гадзіну да засялення. Усё было ў парадку, і ўпершыню за час знаходжання ў гасцініцах Беларусі сапраўды змог адпачыць. Лічу, што ўзровень абслугоўвання тут еўрапейскі».

Цытуем запіс з наступнай старонкі: «Наша праца вымушае нас шмат падарожнічаць. Мы былі ўсюды, нават на краі свету, спыняліся ў самых розных мясцінах. Тым больш прыемна, што, можна сказаць, дома, недалёка ад Мінска, у гарадку Стоўбцы сустрэлі такіх добразычлівых і сардэчных беларусаў. Шчыры вам дзякуй. І подпіс: Вольга Дашук, рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм». І такіх запісаў больш за дзясятак.

«Спыняюцца ў нас будаўнікі, камандзіраваныя на ўзвядзенне і рамонт аб’ектаў у горадзе і раёне. Едуць людзі ў Брэст, шмат каго цікавяць Нясвіж і Мір, дзе славутыя замкі. І ў Стоўбцах ім зручна пераначаваць. Цяпер вось спыніліся прадстаўнікі «Шубамании» – фірмы, якая арганізавала ў раённым Цэнтры культуры выставу-продаж моднага футра”, – расказвае Людміла Аляшкевіч. З экзатычных выпадкаў прыгадвае леташні сакавіцкі снежны буран “Хавер”, калі стараліся пасяліць усіх, хто нечакана затрымаўся ў дарозе. “Адпачывалі ў нас жыхары Ірана, Ірака, Германіі, Францыі… Ну а расіян хіба ж не лічыць роднымі, блізкімі суседзямі”.

Зразумела, размова скіроўвае на тэму падрыхтоўкі да Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. “Мы гатовы прыняць гасцей на належным, наколькі дазволяць нашы ўмовы, узроўні. Заявак папярэдніх пакуль не паступала, але ж у любы час дзверы гасцініцы для кліентаў будуць гасцінна адкрыты”. Увогуле ж атмасфера блізкай вялікай для ўсёй рэспублікі спартыўнай падзеі адчувальная. Прынамсі і ў кабінеце адміністратара, і на палічках у холе, дзе вядзецца афармленне пастаяльцаў, стаяць прыгожыя кубкі і сподачкі з эмблемай хакейнага форуму.

Але цікавасць карэспандэнта выклікала і іншае. Не бачна было ў кабінеце адміністратара камп’ютара. “Пакуль не атрымалі”, – прызнаецца Людміла Станіславаўна. Аднак жа без яго, як без рук. Першае – мець базу даных, яе ж патрабуюць і пытанні бяспекі, што могуць узнікнуць. Ды і наогул сёння для кіраўніка камп’ютар – рэч неабходная. Не складана было б паскорыць і падключэнне інтэрнэт-сістэмы байфлай, завесці свой сайт. АКС, якое затраціла значныя сумы на рамонт важнага сацыяльнага аб’екта – гасцініцы, варта і ў плане забеспячэння інфармаванасці быць на ўзроўні часу.

Нельга райцэнтру без гасцініцы. Адноўленая, абноўленая, яна ў Стоўбцах мае сваю 75-гадовую гісторыю. Агледжаная, утульная, у відным для падарожніка месцы. А як з назвай, чаму “Заря”? Пытанне, якое задавалі, у прыватнасці, беларускія пісьменнікі. Можна ж было ў Коласавым родным куце прыдумаць назву і больш арыгінальную. Можа і так. Але ж і “зара” гучыць хораша і цалкам па-беларуску. І сэнс немалы. Ці ж не ад зары да зары шчыруюць людзі, якім ужо накірункам сваёй службы наканавана быць гасціннымі, пацвярджаць імідж гасціннасці беларусаў.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

НА ЗДЫМКАХ:адміністратар гасцініцы Людміла Аляшкевіч; парцье Марыя Шулер і пакаёўка Станіслава Даманіна; цырульнік Ірына Шкляр.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *