Дзень інфармавання прайшоў у філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135»

Афіцыйна Главное

На мінулым тыдні ў рамках адзінага дня інфармавання старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама наведаў філіял КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135». Сустрэча з працоўным калектывам прайшла ў новай актавай зале прадпрыемства. Цяпер гэта светлае і ўтульнае памяшканне.

Дзяніс Колясень адзначыў, што такія ўмовы – гэта павага кіраўніцтва да сваіх працаўнікоў.

«Такі ўзровень – паказчык, што прадпрыемства дынамічна развіваецца і ідзе правільным шляхам. Калі ёсць магчымасць зрабіць такі рамонт, значыць маюцца і фінансавыя сродкі. А гэта гаворыць пра тое, што ёсць аб’ёмы выкананых работ», – зазначыў старшыня райвыканкама.

Асноўнай тэмай дня інфармавання стаў перапіс насельніцтва. Людміла Скрыпчанка, начальнік аддзела статыстыкі Стаўбцоўскага райвыканкама, расказала прысутным пра тры асноўныя спосабы перапісу.

«Перапіс насельніцтва будзе праходзіць з 4 па 30 кастрычніка 2019 года. У вас ёсць магчымасць запоўніць перапісныя лісты праз сетку Інтэрнэт, на стацыянарных участках і дома. У анкеце будзе звыш 40 пытанняў. Найбольш зручна прайсці электронны перапіс. Для гэтага мы рэкамендавалі ўвесці адказных за інтэрнэт-перапіс на кожным прадпрыемстве», – паведаміла Людміла Георгіеўна.

Актуальнай з’яўляецца тэма бяспекі дарожнага руху. Іван Мамайка, начальнік Стаўбцоўскага РАУС, абазначыў асноўныя праблемы: «Штогадова колькасць транспартных сродкаў павялічваецца, тым самым і ўдзельнікаў дарожнага руху становіцца больш. Гэта можа ствараць небяспечныя сітуацыі. Зводкі паказваюць, што ў выніках аўтамабільных аварый гінуць людзі маладога ўзросту, дзеці.

Адна з асноўных прычын трагедыі на дарозе – незахаванне хуткаснага рэжыму. Таксама трэба праяўляць увагу і ветлівасць адзін да аднаго». Акрамя таго, адзначыў начальнік РАУС, штомесяц у міліцыю паступаюць па пяць-шэсць зваротаў грамадзян аб нездавальняючым стане дарогі. Таму гэтай праблеме стараемся надаваць асаблівую ўвагу.

Напрыканцы сустрэчы Дзяніс Колясень тэзісна падвёў вынікі і зазначыў, што ў гэтым годзе філіял КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135» працуе добра, выконвае сур’ёзныя аб’ёмы працы.

«Самае галоўнае – якасць. Гэта наша асабістае стаўленне да абавязкаў на рабоце. Нешта зрабілі не так і пачынаем абвінавачваць адзін аднаго. Такіх момантаў трэба пазбягаць. Вы наперадзе па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху. Якасць дарог – узровень добраўпарадкавання, парадак – гэта наш з вамі твар», – канстатаваў старшыня райвыканкама.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *