Якая яна, моладзь філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы? «Працавітая, спартыўная і творчая. Многія, каб быць сучаснымі і перспектыўнымі, працягваюць вучыцца завочна», – адказалі на прадпрыемстве.
«Два ў адным»
Асаблівасцю грамадскага жыцця на філіяле выступаюць спорт і турызм, а яго рухавіком – моладзь, якой тут працуе больш за 140 чалавек. У жніўні бягучага года каманда філіяла заняла другое месца ў ХІІ раённым турзлёце працоўнай моладзі.
– Узаемадзейнічаем з раённым камітэтам БРСМ, райвыканкамам, каб быць сярод удзельнікаў спартакіяд і турзлётаў. Выступаем не толькі на раённым, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. На працягу года на Мінскім маторным заводзе праходзіць унутрызаводская спартакіяда – удзел у ёй бяруць усе падраздзяленні, – заўважае спецыяліст па інфармацыі і рабоце з моладдзю філіяла Аксана Мачоная.
Пацвярджэнне спартыўных дасягненняў – кубкі і дыпломы, якія занялі сваё пачэснае месца ў службовым кабінеце Аксаны Аляксандраўны. Яна і сама застаецца спартыўнай. У бягучым годзе ў ліку трох жанчын-удзельніц круглагадовай раённай спартакіяды сярод працоўных калектываў выканала нарматывы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь і прадстаўлена да ўзнагароджання знакам «Фізкультурнік Беларусі».

Сярод камандных дасягненняў на гэтай спартакіядзе – першае месца па шашках, другое месца па стральбе і валейболу, трэцяе месца – у здачы вышэйназваных нарматываў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
Многіх маладых людзей на філіяле жартам называюць «два ў адным» – за тое, што яны і спартсмены, і артысты. У сувязі з гэтым правільна будзе гаварыць пра спартыўна-творчы касцяк філіяла, які складаюць Ульяна Кніга, Віталь Філіповіч, Таццяна Дубоўская, Таццяна Дубатоўка, браты Вадзім і Віктар Карпусёвы, Сяргей Крэнь, Алена Бандаровіч, Юлія Белавус, Віталь Цвірка, Генадзь Жыбуль, Анастасія Тарасевіч. Для выступленняў на турзлётах рыхтуе фанаграмы інжынер-праграміст Іван Буцько.
Ім, маладым, ёсць з каго браць прыклад – са спартыўна-турысцкіх «асаў», як Мар’ян Далідовіч, Юрый Лубянько, Надзея Пракаповіч, Іван Гарэлых, Марына Мілашэўская, Мікалай Ключнік, Станіслава Пархімовіч, Юрый Дошчачка.
Знайсці сябе
Актыўная моладзь заўсёды першая, як правіла, і ў тых выпадках, калі трэба папрацаваць на суботніку ці выйсці на дэманстрацыю. Не прапускае яна экскурсіі, паездкі ў тэатр і на спартыўныя матчы.
Мы бліжэй пазнаёміліся з некаторымі маладзёжнымі актывістамі філіяла. Размеркавальнік работ аўтаматна-тэрмічнага цэха Таццяна Дубоўская прызналася: «У школе баялася выходзіць на публіку, а тут хочацца браць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. Адзін раз мяне падштурхнулі – і ўжо не спыніць».
Таццяніна зямлячка з Брэсцкай вобласці Юлія Белавус, кладаўшчык прэсава-гальванічнага цэха, калісьці ў школе была сакратаром БРСМ. Для яе грамадская работа – гэта лад жыцця. Свае спартыўныя здольнасці раскрыў сёлета на спартакіядзе Віталь Цвірка, інжынер па тэхнаглядзе за будынкамі і збудаваннямі. У былым выпускнік СШ № 3 г. Стоўбцы, ён у вольны час займаецца ў ФАКу, таксама вывучае польскую мову і марыць стаць прафесіяналам самага высокага ўзроўню.
Ёсць куды расці
На філіяле ўцягваннем у грамадскае жыццё займаюцца з таго моманту, як малады чалавек прыходзіць уладкоўвацца на працу. Пры знаёмстве расказваюць не толькі пра працоўныя традыцыі, але і даюць зразумець: на самым вялікім прадпрыемстве Стаўбцоўшчыны нельга жыць нецікава.
Непасрэдную зацікаўленасць лёсам кожнага маладога работніка выказвае і дырэктар Леанід Маліноўскі. Вывучае асабістую справу, гутарыць з ім, дае наказ… Калі, бывае, нехта раптам аступіцца, то пакідае яму шанц выправіцца.

чыгуннага ліцця
Трэба сказаць, што большасць моладзі занята на вытворчасці, у заводскіх цэхах і лабараторыях. Умовы працы нялёгкія, патрабуюць строгага выканання працоўнай дысцыпліны, самаўдасканальвання ў сваёй прафесіі. За 25-гадовую гісторыю філіяла многія маладыя работнікі станавіліся пераможцамі конкурсу прафесійнага майстэрства. Граматнай і ініцыятыўнай моладзі ёсць куды расці. Яркі прыклад – Яўген Нагорны, які пачынаў рабочым-шыхтоўшчыкам, майстрам, а сёння займае пасаду в. а. начальніка вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця.
Філіял нельга ўявіць без маладога папаўнення.
– Сёлета ў калектыў прыйшлі шэсць маладых спецыялістаў з сямі, якія былі заяўлены. Філіял прыцягвае перспектыўную моладзь, – падкрэслівае памочнік дырэктара – начальнік бюро кадраў Аляксандр Хрушчоў. – Пры неабходнасці выдзяляем маладым работнікам месца ў добраўпарадкаваным інтэрнаце.
Кіраўніцтва холдынгу ММЗ фінансава падтрымлівае розныя пачынанні ў рабоце з моладдзю. Прадугледжана і заахвочванне тых, хто бярэ актыўны ўдзел у фізкультурна-аздараўленчай і культурна-масавай рабоце. На 2020 год запланавана абнаўленне турысцкай базы і спартыўнага інвентару.
– Абнаўляем валейбольную каманду. Шукаем новых артыстаў, – дзеліцца надзённым Аксана Мачоная.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара