У Стоўбцах прайшоў міжнародны таварыскі матч каманд Беларусі і Малдовы

Важное Спорт

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс становіцца арэнай спартыўных сустрэч міжнароднага маштабу. Стаўбчане добра памятаюць прызавое месца, заваяванае камандай Стаўбцоўскага раёна, у розыгрышы Кубка Еўропы сярод ветэранаў па футзале. Сёлета ў лютым юнацкая зборная Беларусі па міні-футболе пры падтрымцы перапоўненых трыбун спартыўнай залы ФАКу выйграла ў равеснікаў з Фінляндыі. У сакавіку яна сустрэлася з камандай Латвіі. А на днях у Стоўбцы прыехала нацыянальная зборная па міні-футболе Малдовы. І гэта падзея стала знамянальнай. Міжнародны таварыскі матч першых зборных каманд Беларусі і Малдовы стаў важным этапам падрыхтоўкі калектываў да асноўнага раўнда адборачнага турніру чэміяната свету.

Зборная Беларусі адпраўляецца ў Італію, дзе яе сапернікамі ў спрэчцы за адну з дзвюх пуцёвак у элітны раўнд стануць каманды Італіі, Англіі і Венгрыі. І згаданы матч стаў праверкай сіл перад адказнымі паядынкамі за спартыўны гонар рэспублікі.

Аб’яўляюцца цікавыя моманты для аматараў спартыўных гульняў. Адзначана, што зборная Беларусі па міні-футболе займае 13 месца ў еўрапейскім рэйтынгу і 20 – у сусветным. А дагэтуль нацыянальная каманда рэспублікі правяла больш як 200 матчаў на ўзроўні нацыянальных зборных. Сапернікамі беларусаў былі прадстаўнікі 46 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. З іх толькі 50 сустрэч былі праведзены ў нашай краіне. У асноўным матчы праводзіліся ў сталічных залах, а яшчэ лічаныя разы ў Гомелі, Барысаве, Лідзе, Брэсце, Маладзечне. Такім чынам, Стоўбцы становяцца сёмым беларускім горадам, балельшчыкі якога з’яўляюцца сведкамі выступлення нашай нацыянальнай зборнай.

І вось арбітры Валерый Кунцэвіч і Арцём Машэк даюць свісток на пачатак сустрэчы зборных Беларусі і Малдовы. Гульня адразу набыла напружаны характар. У першым тайме больш пашанцавала гасцям, якія павялі – 1:0. У другой дваццацімінутцы матча лічбы на табло залы ФАКу змяняліся больш імкліва. За мінуту да заканчэння сустрэчы нашы прайгравалі 3:4. Але яшчэ адна атака на вароты сапернікаў, і лік становіцца роўным – 4:4.

Трэнеры зробяць вывады аб тым, ці ўсё прадугледзелі на заключным этапе падрыхтоўкі. Дарэчы, у праграме каманд Беларусі і Малдовы значыліся іх паядынкі з міні-футбольнай дружынай Латвіі. У дваццатых чыслах кастрычніка гэтыя калектывы адправяцца ў Італію, Партугалію і Азербайджан, каб пацвердзіць права далей змагацца за званне мацнейшых у Еўропе.

Гэта будзе пасля, і, пэўна, стаўбчане, якія «хварэлі» за зборную Беларусі, будуць гарачымі  прыхільнікамі яе і далей. А цяпер удзельнікі, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя міні-футбола (футзала)» Сяргей Куніца, шчыра дзякавалі за выдатную арганізацыю спартыўных сустрэч у Стоўбцах.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *