Падлеткам прапанавалі і аздараўленне, і занятасць

Ахова правапарадку Важное

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

У летні перыяд на Стаўбцоўшчыне не зафіксавана ніводнага супрацьпраўнага дзеяння на тэрыторыі дзіцячых аздараўленчых лагераў. Разам з тым, у чэрвені двума падлеткамі ў групе з 19-гадовым маладым чалавекам учынены на вуліцах Стоўбцаў адразу пяць злачынстваў.

Відавочна, што ў рамках рэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат», якая рэалізуецца на тэрыторыі раёна з 1 мая па 1 кастрычніка, зроблена шмат, аднак ёсць і пытанні. У першую чаргу  – да супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, якія працуюць над недапушчэннем учынення падлеткамі правапарушэнняў і злачынстваў.

Пра прафілактычную работу і ход рэалізацыі праграмы «Клопат» мы гутарым з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаілам АЗАНОВІЧАМ.

– Рашэннем камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама быў распрацаваны і зацверджаны план правядзення праграмы «Клопат» на тэрыторыі раёна, – адзначае Міхаіл Азановіч. – Акрамя аздараўленчай, адной з асноўных задач праграмы з’яўляецца арганізацыя занятасці падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. У сувязі з гэтым сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, раённага камітэта БРСМ прыняты меры па працаўладкаванні непаўналетніх, а таксама накіраванні іх у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.

– Міхаіл Вітальевіч, раскажыце падрабязней пра прынятыя меры.

– У ходзе праграмы «Клопат» супрацоўнікі міліцыі забяспечвалі кругласутачную ахову грамадскага парадку ў дзіцячых аздараўленчых лагерах «Нёман» і імя Я. М. Чайкі (у лагеры «Церамок» ахова грамадскага парадку ажыццяўлялася ўласнай службай бяспекі Мінскага маторнага завода). У перыяд падрыхтоўчага этапу праграмы «Клопат» у маі бягучага года супрацоўнікамі інспекцыі было праведзена абследаванне ўсіх стацыянарных лагераў на тэрыторыі раёна. Па яго выніках вынесена прадстаўленне (лагер «Церамок») і накіравана інфармацыйнае пісьмо аб выяўленых недахопах (лагер імя Я. М. Чайкі).

Вывучалі мяркуемую занятасць непаўналетніх, з якімі праводзім індывідуальна-прафілактычную работу, і напрыканцы мая запрасілі іх разам з бацькамі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх з мэтай прафілактычнай гутаркі. Былі знойдзены магчымасці як для іх аздараўлення, у тым ліку ў санаторыі «Пухавічы», так і для працаўладкавання.

У лагерах асаблівая ўвага была ўдзелена папярэджанню крадзяжоў асабістай маёмасці і ў першую чаргу – мабільных тэлефонаў. Праводзілі сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы ў месцы масавага адпачынку моладзі на тэрыторыі раёна. Намаганні былі накіраваны на ўстанаўленне дарослых, якія ўцягваюць непаўналетніх у супрацьпраўныя дзеянні. У прыватнасці, гэта датычыць гандлёвых работнікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць асобам, што не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, спіртныя напіткі і піва. За парушэнне правіл гандлю спіртнымі напіткамі і тытунёвымі вырабамі апошнія прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (штраф складае ад 20 да 50 базавых велічынь).

– Аднак сёлета, у адрозненне ад мінулага года, у летні перыяд на тэрыторыі раёна зарэгістраваны злачынствы  з удзелам непаўналетніх.

– Усе злачынствы ўчынены фактычна за адну ноч двума непаўналетнімі і звязаны з крадзяжамі з аўтамашын, спробай іх угону. Акрамя таго, учыніў хуліганства непаўналетні з Мінска, які прыехаў на выхадныя ў вёску Пруды.

– Якія высновы вамі зроблены?      

– Абодва падлеткі, якія захацелі пакатацца, раней ужо ўчынялі супрацьпраўныя дзеянні, і з кожным з іх інспекцыя праводзіла індывідуальна-прафілактычную работу. Невядома, праўда, як яны аказаліся разам, таму што раней сувязі не падтрымлівалі. Аднаму з іх споўнілася 16, і на летні перыяд ён быў працаўладкаваны ў Стаўбцоўскі АКС. Аднак на працы ён доўга не затрымаўся… Хоць сям’я станоўчая, у студзені хлопец кінуў вучобу ва Уздзенскім каледжы. Яго хаўруснік – 14-гадовы вучань Коласаўскай школы. Ён са шматдзетнай сям’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Падчас прафілактычнай гутаркі з гэтым непаўналетнім і яго матуляй ён адмовіўся ад пуцёўкі ў лагер і ад прапановы працаўладкавання. Тлумачыў, што сам знайшоў сабе працу на лета.

– Якія актуальныя задачы на цяперашні момант?

– Вывучаем занятасць непаўналетніх па стане на пачатак вучэбнага года. Важна, каб не было такіх падлеткаў, якія не працуюць і не вучацца. Інспекцыя сумесна з установамі адукацыі выбудоўвае план узаемадзеяння на 2019-2020 навучальны год. У  гэтай рабоце ўлічваем асаблівасці кожнай школы, абстаноўку вакол яе з правапарадкам. Безумоўна, не пакідаем без увагі прафілактычную работу – выступаем на бацькоўскіх сходах, перад вучнямі, каб павысіць іх прававую свядомасць.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ       



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *