З выпускным чацвёртым «Б»

Адукацыя Важное

Ірына Нявоша ў новым навучальным годзе працуе з выпускным 4 «Б» класам. У ім шэсць хлопчыкаў і 13 дзяўчынак.

На фоне банцікаў хлопчыкі ніколькі не губляюцца, яшчэ больш вылучаюцца сваёй паважнасцю ў пінжаках пад гальштукамі. У класе 12 выдатнікаў вучобы. Ірына Юльянаўна і радуецца, гледзячы на іх, і сумуе, што прабяжыць навучальны год, і ёй патрэбна будзе развітацца са сваімі дарагімі дзецьмі, кожнага з іх яна прыняла ў сваё сэрца. Яна ведае, як гэта няпроста, таму што гэты выпуск будзе чарговым у яе 36-гадовай педагагічнай дзейнасці.

Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 1 г. Стоўбцы мае аўтарытэт сярод калег, бацькоў, а ў дзяцей – вялікую любоў і давер. Ірына Юльянаўна гаворыць, што кожнае дзіця – гэта цэлы сусвет, яны ўсе розныя, непадобныя, і ўсе да аднаго – харошыя.  Знайсці добрае ў кожным – у гэтым і ёсць талент настаўніка. Для педагога не галоўнае, каб вучань быў выдатнікам, хоць яна робіць усё, каб дапамагчы рэалізавацца ў гэтым, больш важна, каб з яго атрымаўся добры, чэсны, міласэрны чалавек. З такім арыенцірам і працуе Ірына Юльянаўна са сваім класам, дзе асаблівая атмасфера святла і даверу. Педагог вядзе заняткі і з бацькамі вучняў у рамках інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў».

На працягу навучальнага года будуць не толькі ўрокі, але і сумесныя святы, урачыстасці, экскурсіі і паездкі, якія дапамогуць яшчэ больш згуртаваць дружны класны калектыў, падарыць дзецям такія патрэбныя пазітыўныя эмоцыі і абагацяць іх інтэлектуальна. Клас жа – свая школьная сям’я.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *