Калегія з беларускімі галушкамі

Адукацыя Нумары

Аддзелу адукацыі райвыканкама было даручана прадставіць беларускую нацыянальную кухню на нядаўняй сумеснай калегіі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя і гандлю Рэспублікі Беларусь, якая адбылася ў Салігорску. На парадак дня работы калегіі была вынесена тэма – «Арганізацыя харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту».

У ліку мерапрыемстваў калегіі былі выстава-дэгустацыя страў пяці нацыянальных кухняў і выстава абсталявання для школьных кухняў. Удзельнікі калегіі маглі ўбачыць і паспрабаваць нацыянальныя стравы Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы і Казахстана. Асаблівы інтарэс быў да нашай нацыянальнай кухні. Канцэпцыю тэхнолагаў аддзела адукацыі Ганны Зянько і Алены Прыхожка па арганізацыі выставы-дэгустацыі і яе прэзентацыі дапамаглі рэалізаваць кіраўнікі ўстаноў адукацыі  СШ № 2, Мікалаеўшчынскай, Навасвержан-скай, Старасвержанскай школ, Цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга», дзіцячага сада-ясляў № 4 г. Стоўбцы, Коласаўскага дзіцячага сада-ясляў, Вішнявецкага дзіцячага сада і шэф-повар сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы Ядвіга Крамко. Стравы былі пастаўлены на вышытыя старадаўнія абрусы. Гэта надало яшчэ большы каларыт і смак сялянскаму хлебу, беларускім дранікам, галушкам, мачанцы з блінамі, каўбаскам, розным стравам з грыбамі, дамашняму маслу і сыру, бярозавіку, печаным яблыкам з брусніцамі. У нацыянальных касцюмах пад акампанемент на цымбалах Вольгі Крыт Уладзімір Кухарчык, Алена Багдановіч і Ядвіга Крамко прыгожа і смачна прадставілі нацыянальныя стравы. Выстава і прэзентацыя была настолькі каларытнай, што і тэхнолагу Ганне Зянько, і самім удзельнікам прэзентацыі давялося даць інтэрв’ю  Беларускаму тэлебачанню.

Калегія трох міністэрстваў яшчэ раз зрабіла акцэнты на тым, якім важным з’яўляецца  харчаванне нашых дзяцей. На месцах тэхнолагі і павары імкнуцца выканаць усе патрабаванні, што прад’яўляюцца  і інструкцыйнымі дакументамі, і пажаданнямі бацькоў, каб дзеці на працягу свайго рабочага дня ў школе ці дашкольнай установе былі накормленыя і смачна, і каларыйна.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Людмілы СТАРАВОЙТАВАЙ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *