Салодка жыць не забароніш

Важное Соцыум

Кандытар – прафесія асаблівая. Не толькі трэба любіць ежу і добра яе гатаваць, але і мець вытанчаны густ. Вырашыла сустрэцца з хатнім кандытарам Наталляй Казека, каб даведацца пра сакрэты майстэрства, пагутарыць пра крыніцы натхнення і любімыя торты.

Наталлі 25 гадоў, жыве ў пасёлку Наваколасава. З мужам выхоўваюць дваіх дзяцей: хлопчыка (6 гадоў) і дзяўчынку (3 гады). Па адукацыі Наталля кандытар. У самым пачатку ў асноўным гатавала булкі і пячэнне.

–       Калі вы спяклі свой першы торт? Хто вас навучыў гатаваць?

–       Першы торт прыгатавала для сына на дзень нараджэння ў 2013 годзе. Спачатку хацелі заказаць торт, але праз некаторы час узнікла думка: а чаму б і самой не паспрабаваць? Так і з’явіўся мой першы торт.

У пачатку Наталля думала, што нічога не атрымаецца. Аднак яна пераадолела сябе і навучылася пячы цудоўныя торты. Больш за ўсё яна любіць дзіцячыя торты, бо яны заўсёды атрымоўваюцца яркімі.

–       Ці ёсць у вас заказы, ад якіх можаце адмовіцца?

–       Бывае і такое. Напрыклад, калі я разумею, што проста не паспею зрабіць (пішуць вечарам, што патрэбен торт на наступны дзень раніцай). Які б вы ні ўзялі торт, за дзень ён не прыгатуецца. Магу адмовіцца ад заказу, калі разумею, што не ў маіх сілах яго зрабіць.

–       Хто або што вас натхняе?

–       Адназначна адказаць цяжка. Канешне, калі глядзіш на работы прафесіяналаў, яны захапляюць, натхняюць. Ты разумееш, што некалі і самі пачыналі таксама з простых тортаў. Але праз некаторы час, затраціўшы шмат сіл і намаганняў, дасягнулі добрых вынікаў.

Я лічу, што і ад падтрымкі блізкіх, сваякоў таксама шмат залежыць. Муж яшчэ ў самым пачатку ўжо верыў і ўсяляк стараўся падтрымліваць мяне. Так і зараз – ён вельмі моцная падтрымка.

Гатуючы торт, Наталля імкнецца здзівіць сваякоў не толькі густам, але і афармленнем. Працэс стварэння торта залежыць ад таго, які ён.

–       Калі торт просты (упрыгожаны крэмам), трэба пачынаць з выпякання каржоў. Але калі ў торце прысутнічаюць мастычныя або пернікавыя элементы, тады займаемся спачатку ўпрыгажэннем.

–       Можа, раскажаце пра торты на дзіцячыя святы? Хто выбірае дызайн, як абмяркоўваецца з заказчыкамі? Што трэба ўлічваць, каб торт парадаваў імянінніка?

–       У асноўным, заказваючы торт, бацькі самі прысылаюць варыянт з інтэрнэту. Але бывае і такое, што яны  проста заказваюць торт на дзень нараджэння дзіцяці, і, калі пачынаеш пытаць, што менавіта трэба рабіць (якіх герояў, на якую тэму, чым дзіця цікавіцца), атрымоўваеш адказ: «Мы не ведаем». У такіх выпадках прыходзіцца самой нешта падбіраць (звычайна гэта некалькі варыянтаў на розныя тэмы). Затым заказчык вырашае, што яму падабаецца, і тады пераходзім да смакавых пераваг дзіцяці.

Акрамя тортаў, Наталля робіць безэ, або, як па-іншаму называюць, мерэнгу, імбірныя пернікі, капкейкі. Хутка з’явяцца трайфлы – дэсерты ў шкляначках.

–       Будучым заказчыкам неабходна разумець, – заўважае Наталля, – што жадаемы выраб – або пернік, або кекс – не будзе каштаваць танна, як у магазіне, бо гэта індывідуальны заказ, прыгатаваны па вашым жаданні. Безумоўна, ён будзе смачней за магазінны. А для таго каб выканаць вашы пажаданні, кандытары аддаюць гэтаму шмат часу.

Гутарыла Марына КУТАС

Фота з архіва Наталлі Казека



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *