Прастольнае свята Багародзічнага храма

Важное Лампада

Царкоўны год пачынаецца двунадзясятым святам Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якое адзначаецца 21 верасня. Гэтая ўрачыстасць адкрывае чараду царкоўных святаў.

Настаяцель царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы іерэй Сергій Андрэеў у акружэнні прыхаджан

У нашым раёне ёсць храм, што асвечаны ў гонар гэтай вялікай падзеі, якая паклала адкрыццё тайны чалавечага выратавання, калі была спалучана Бажэственная сутнасць з чалавечай прыродай. Гэта новы храм, які стаў дзейнічаць у Старым Свержані. Дакладней будзе сказаць, што храм гэты адноўлены на месцы былога, які тут стаяў здаўна. Так што гэта месца, намоленае вякамі.

Мясцовыя людзі маюць удзячнасць свяшчэнніку Сергію Андрэеву, які ўжо больш за 20 гадоў нясе пастырскае служэнне ў гэтай мясцовасці і з’яўляецца будаўніком храма. У саюзе з Сергіем Кавалёвым іх рукамі і сэрцамі ўзведзена царква, і вось ужо больш за год тут праводзяцца богаслужэнні.

З архіпастырскім словам епіскап Павел

Прастольнае свята храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы было адметнае тым, што прайшло архіерэйскім чынам. Клір і прыхаджане храма з традыцыйным беларускім караваем сардэчна сустракалі епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла. Для мясцовых вернікаў гэта стала падзеяй, унесла радасць ў прыхадское жыццё.

Уладыка ўзначаліў Бажэственную літургію. Пасля богаслужэння епіскап Павел звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам. Заклікаў вернікаў часцей звяртацца з малітвай да Прасвятой Багародзіцы ў сваіх духоўных і зямных патрэбах, нябеснай прысутнасцю якой у назве храма асвечана мясцовасць, прасіць Божай дапамогі ў завяршэнні будаўніцтва царквы, дзе яшчэ патрэбна прыкласці нямала сіл і сродкаў.

Усе ўдзельнікі святочнай урачыстасці маглі падысці пад благаславенне епіскапа Паўла, што стварыла надзвычай простую, светлую, благадатную атмасферу і пакінула вялікую радасць у сэрцах людзей.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

Храм у Старым Свержані


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *