Важна, каб людзі давяралі

Калонка дэпутата Нумары

image_pdfimage_print

У раённы Савет дэпутатаў 27 склікання па Аталезскай выбарчай акрузе выбрана загадчыца ДУА «Засульскі дзіцячы сад» Людміла Грынюк. Людміла Зянонаўна абрана таксама і дэпутатам мясцовага сельскага Савета. Прычым выбаршчыкі прагаласавалі за яе кандыдатуру трэці раз запар.

– Людміла Зянонаўна,  якія пачуцці выклікала вестка аб тым, што людзі зноў даверылі вам прадстаўляць іх інтарэсы ў дэпутацкім корпусе і адначасова выбралі ў раённы Савет дэпутатаў?

–  Думаю, пачуцці былі такія ж, як і ў любога чалавека, якому паверылі і ацанілі яго чалавечыя якасці. Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі нічога незвычайнага людзям не абяцала. Проста сказала, што будзем разам з імі працаваць у такім накірунку, каб кожнаму жылося лепш. За тое, што аказалі давер,  вельмі ўдзячна. Усе праблемы (іх нямала, абавязкова ўзнікнуць і новыя) буду, па меры магчымасці, старацца вырашаць. Адным словам, чым змагу – дапамагу.

– Якія пытанні вам прыходзілася вырашаць раней, у прыватнасці, летась, і што з намечанага ўдалося зрабіць?

– Стаяла праблема абсталяваць у Зарэччы аўтобусны прыпынак. Ён сапраўды быў там неабходны, бо мясцовы магазін ператварыўся ў залу чакання. Да прыезду аўтобуса людзі заходзілі сюды зімою, каб пагрэцца, а таксама схавацца ад завірухі або дажджу. Зразумела, з дзецьмі, з вялікімі сумкамі. Розныя па характары, часам нястрыманыя. З гэтай нагоды паступалі скаргі ад работнікаў гандлёвай кропкі райспажыўтаварыства. Прыйшлося нямала парупіцца і мне, і кіраўніцтву былога Засульскага сельвыканкама, каб прыпынак пабудавалі. І, у рэшце рэшт, мы дабіліся пастаўленай мэты – каля магазіна ў вёсцы з’явіўся сучасны і прыгожы аўтобусны прыпынак. Вяскоўцы засталіся задаволенымі, і мне прыемна было ўсведамляць, што намаганні нашы не былі дарэмнымі. Калі  ўзнікае патрэба падсыпаць вуліцы, то работа гэтая праводзіцца. Кожны год добраўпарадкуем парк, які размяшчаецца каля дзіцячага сада. Плошча яго даволі немалая, таму прыходзіцца нашым жанчынам папрацаваць.

– Людміла Зянонаўна,  вы працуеце ў цесным узаемадзеянні не толькі з сельвыканкамам. Якія яшчэ надзённыя пытанні прыходзіцца вырашаць?

–  Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 працуем з нядобранадзейнымі сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І пытанняў у гэтым плане  шмат. За мной таксама замацавана сям’я з Баханоў. Але паўплываць на ўклад жыцця бацькоў не атрымалася, таму і дзяцей ад іх, на жаль, прыйшлося адабраць. Выяўляем і разглядаем на грамадскай камісіі пры сельвыканкаме аматараў спіртнога. Змагаемся за кожнага,  думаю, што не дарэмна. Прыкмячаю, калі іду ля магазіна, як увесь наш «цвет грамадства» хаваецца ад мяне за вуглом. Значыць, людзі  ўсведамляюць, што робяць у  жыцці нешта не так. А калі сорамна, то сумленне яшчэ не да канца  страчана.

Разам з нашым участковым інспектарам выязджаем, каб гасіць канфлікты паміж суседзямі. Асабліва многа такіх сігналаў з Ячонкі. Пытанні дробязныя, але рэагаваць на іх прыходзіцца. Дарэчы, падчас такіх выездаў падыходзяць людзі, завязваецца размова. Мне нярэдка задаюць пытанне, ці многа дзяцей ходзіць у дзіцячы сад. І калі адказваю, што больш за трыццаць  (цяпер – дзве групы), то здзіўляюцца: адкуль столькі набралася. Адказваю, што дзяржавай прадпрынята  шмат крокаў для таго, каб павялічвалася  нараджальнасць. Да таго ж, дзяцей з вёсак Ячнае, Ячонка, Варнавугал і Баханы падвозяць. Аўтапарк у гэтай справе ідзе нам насустрач і выдзяляе камфартабельны аўтобус. Падтрымліваем цесныя сувязі і са школай.

– Летась у раёне адбылося аб’яднанне сельсаветаў. Што змянілася пасля таго, як ваш сельсавет далучылі да Рубяжэвіцкага?  

– У плане работы нічога, соцыум застаўся ранейшым. Толькі далей стала дабірацца. Калі па любой праблеме раней можна было сабрацца і хуценька схадзіць у сельвыканкам, то цяпер на паездку трэба патраціць як мінімум паўдня.

Пытанняў жа ў нас нямала. Дзякуй участковаму, які нас падвозіць на ўсе мерапрыемствы. Нязручна і пажылым людзям, каму патрэбна ўзяць даведку. Можа не так часта гэта здараецца, але ж даехаць пенсіянерам складана.

Можна сказаць, што ёсць у рэфармаванні свае плюсы, але ёсць і мінусы.

– Людміла Зянонаўна, а якія пытанні паставілі перад вамі выбаршчыкі, як перад дэпутатам раённага Савета па Аталезскай выбарчай акрузе?

– Праблемы аднолькавыя ўсюды. Вяскоўцам хочацца, каб  былі добрыя дарогі, пракладзены тратуары.  Звярнуліся з просьбай, каб застаўся клуб у Аталезі, які не адзін год ужо зачынены. Але, як высветлілася, ён знаходзіцца ў аварыйным стане і ёсць дакументы, якія гэта занатоўваюць. Усведамляю, што працаваць мне будзе складаней, бо не наладжаны яшчэ сувязі. Людзей не ведаю, але не праблема – пазнаёмімся. Хачу сказаць, што падчас сустрэчы яны мне спадабаліся. Будуць паступаць ад іх праблемныя пытанні, буду старацца іх вырашаць, каб апраўдаць аказаны давер.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *