У ААТ «Рубяжэвічы» цукровыя буракі сёлета пасеюць на 350 гектарах. У сярэдзіне красавіка ў гаспадарцы прыступілі да сяўбы гэтай прапашной культуры. На палетках шчыруе механізатар Аляксандр Высоцкі. Поле пад сяўбу салодкіх каранёў было падрыхтавана належным чынам. Папярэдне парупіліся сабраць на ім і каменне.Тут дапамаглі шэфы – працаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. На працягу трох дзён на палетках шчыравалі шаснаццаць чалавек, якім дырэкцыя таварыства вельмі ўдзячна за аказаную дапамогу.
САДЗЯЦЬ БУЛЬБУ
Бульбаводы ААТ «Радзіма Дзяржынскага» першымі ў раёне пачалі пасадку бульбы. Пад даную культуру ў таварыстве адведзена сёлета самая вялікая плошча ў раёне – 140 гектараў. Гэта на 40 гектараў больш, чым летась. У гаспадарцы ёсць уся неабходная тэхніка для таго, каб займацца вырошчваннем «другога хлеба». Дарэчы, увесь пасадачны матэрыял, які захоўваўся ў бульбасховішчы, быў перабраны яшчэ восенню. Высадзяць некалькі сартоў беларускай і галандскай селекцыі. Заняты на пасадцы бульбы механізатар Эдуард Ройка, які пастаянна выконвае гэтую работу, а наразае грабяні Рыгор Радкевіч.
БЕЗРАСАДНЫМ СПОСАБАМ
У ААТ «Каганец» сёлета ўпершыню пасеяна два гектары белакачаннай капусты безрасадным спосабам. Высяваўся познаспелы беларускі сорт «Снежаньская».
– Мы вырашылі паспрабаваць вырошчваць капусту менавіта такім метадам, бо не маем у дастатковай колькасці людзей для яе пасадкі расадай, – гаворыць галоўны аграном Дзмітрый Вашкевіч. – Насенне набылі ў ААТ «МінскСортНасенАгародніна».
Варта адзначыць, што капуста, якая пасеяна ў глебу насеннем, раней фарміруе качан, а таксама развівае магутную каранёвую сістэму.