У раёне адбыўся конкурс-атэстацыя прафесіянальнага майстэрства сярод  аператараў па ўзнаўленні сельскагаспадарчых жывёл

Главное Сельская гаспадарка

У раёне адбыўся  традыцыйны конкурс-атэстацыя прафесіянальнага майстэрства сярод  аператараў па ўзнаўленні сельскагаспадарчых жывёл.

У гэтым годзе ён быў юбілейным, трыццатым, і арганізатары паклапаціліся правесці яго са шчодрым уручэннем падарункаў. Спонсарскай падтрымкай супрычыніліся да гэтага, у першую чаргу, райвыканкам, а таксама аграпрамысловы саюз,  прафсаюзны камітэт работнікаў аграпрамысловага комплексу ААТ «Жацерава».

Самі экзаменацыйныя іспыты – тэарэтычныя і практычныя –  прайшлі ў райплемстанцыі, а ўрачыстая частка ўзнагароджання пераможцаў адбылася на базе ААТ «Жацерава», у Горкаўскім доме культуры.

Прывітаць прадстаўнікоў гэтай важнай у жывёлагадоўчай галіне прафесіі прыбыў на ўрачыстасць старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць аператарам па штучным асемяненні жывёл за іх нялёгкую і такую неабходную работу, без якой не можа функцыянаваць жывёлагадоўчы накірунак. Дзяніс Сяргеевіч адзначыў, што ад іх работы напрамую залежаць эканамічныя паказчыкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, не могуць быць выкананы высокія пастаўленыя задачы па нарошчванні прадукцыі і яе рэалізацыі.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень уручае ўзнагароду Іне Крывель

У нашым раёне абавязкі аператараў па ўзнаўленні статка выконваюць  52 чалавекі. Адметна тое, што ў ліку іх толькі чатыры мужчыны. Гэта нялёгкая справа ўскладзена на жаночыя рукі. Як выдатна, адказна працуюць аператары, засвядчаюць паказчыкі работы.У мінулым годзе Стаўбцоўскі раён па гэтым напрамку заняў другое месца ў Мінскай  вобласці, а ў бягучым годзе па выхадзе цялят на 100 галоў кароў і цялушак наогул трымае лідарства на Міншчыне. У гэтым вялікая заслуга не толькі аператараў, але і калектыву райплемстанцыі, які курыруе гэтыя пытанні. Узначальвае гэтую арганізацыю спецыяліст з больш чым 30-гадовым стажам работы ў жывёлагадоўчай галіне Людміла Курыльчык. Выпускніца Віцебскага ветэрынарнага інстытута Людміла Эдуардаўна 14 гадоў узначальвала ветэрынарную службу калгаса імя Мічурына, цяпер ААТ «Вішнявецкі-Агра», доўгі час працавала ў райветстанцыі. Апошнія восем гадоў узначальвае калектыў райплемстанцыі, увесь гэты час ёсць высокія паказчыкі ў рабоце. Людміла Курыльчык на ўрачыстасці была адзначана граматай і словамі ўдзячнасці старшыні райвыканкама. Дзяніс Колясень прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Першае месца з уручэннем пераходнага кубка прысуджана Валянціне Паляшчук з ААТ «Каганец», якая набрала максімальную колькасць (100) балаў на тэарэтычным экзамене і выкананні практычных навыкаў. Другое месца журы конкурсу аддало аператару па штучным асемяненні жывёлы з ААТ «Агранёманскі» Іне Крывель, якая яшчэ выконвае і абавязкі ветэрынарнага ўрача ў адзначанай гаспадарцы. Трэцяе прызавое месца заваявала яшчэ адзін аператар з ААТ «Каганец» Аксана Мельнікава.

Пераможца конкурсу Валянціна Паляшчук

Арганізатары конкурсу паклапаціліся адзначыць прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў розных намінацыях з уручэннем грамат, падарункаў, прыгожых букетаў кветак. Алена Клімовіч атрымала заахвочвальную прэмію для звяна па ўзнаўленні статка буйной рагатай жывёлы. Грашовай прэміяй адзначаны самы малады па стажы работы спецыяліст – Анастасія Юргель з ТАА «СЖК «Налібакі». Таццяна Вотчыц з ААТ «Агранёманскі» прадстаўлена як самы лепшы заатэхнік-селекцыянер. Аляксандр Качук, вядучы ветэрынарны ўрач-гінеколаг са стаўбцоўскай райветстанцыі, узнагароджаны за выдатныя навыкі работы са сканерам.

Словы ўдзячнасці аператарам за старанную працу выказала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч і прадставіла да прафсаюзных узнагарод наступных спецыялістаў. За вернасць і адданасць прафесіі ўзнагароду атрымала Валянціна Адамовіч, якая нязменна ўжо 39 гадоў працуе па гэтай спецыяльнасці ў ААТ «Агранёманскі». Яе маладая калега Ірына Аітава адзначана ў намінацыі «Самы малады майстар у прафесіі».  За вернасць прафесіі прадстаўлена да ўзнагароды Лідзія Бусько з ААТ «Шашкі», якая мае 22-гадовы стаж работы тэхнікам-асемянатарам. Таццяна Рубін з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»  мае асабістую юбілейную дату – 30 гадоў у прафесіі. Маці чацвярых дзяцей Марыя Руч’ёва з ААТ «Дзераўное» атрымала прызнанне як шматдзетная маці.

Шматдзетная маці Марыя Руч’ёва
Ветэран працы Валянціна Адамовіч

Усе 42 удзельнікі конкурсу-атэстацыі не засталіся без падарункаў і ўвагі.

Калектыў мастацкай самадзейнасці Горкаўскага дома культуры парадаваў удзельнікаў урачыстасці выдатным канцэртам, што стала сапраўдным падарункам для працаўнікоў вёскі, у якіх застаецца не так шмат часу для адпачынку.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *